Успаміны аб камсамольскім юнацтве

29 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння УЛКСМ. Гісторыя савецкага камсамола пачалася яшчэ ў перыяд грамадзянскай вайны. Затым — аднаўленне краіны, калектывізацыя, індустрыялізацыя, першыя пяцігодкі. Вялікая Айчынная вайна — і зноў адраджэнне, аднаўленне народнай гаспадаркі амаль з руін…

Святкаванне 100-гадовага юбілею камсамола — гэта даніна памяці гераічнаму мінуламу арганізацыі і павага тым, хто, праяўляючы адвагу і смеласць, цаной уласнага жыцця абараняў Радзіму, тым, хто, нягледзячы ні на што, застаўся адданы светлым ідэалам.

Каб захаваць гістарычную памяць аб слаўных справах камсамольцаў, навучэнцы 9 класа сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання правялі тэматычную інфармацыйную гадзіну “Камсамол — мой лёс”. У якасці ганаровага госця прысутнічаў старшыня Ваўкавыскага раённага аб’яднання прафсаюзаў В.В.Паўловіч.

Віктар Віктаравіч падзяліўся ўспамінамі аб сваёй камсамольскай маладосці. Вучні з задавальненнем узялі ўдзел у віктарыне, прысвечанай 100-годдзю УКЛСМ.

Гэта сустрэча дала ўнікальную магчымасць маладому пакаленню даведацца пра падзеі даўніх гадоў, задаць пытанні. На заканчэнне мерапрыемства В.В.Паўловіч, дырэктар школы Г.А.Булай, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.Я.Янушка і навучэнцы 9 класа заклалі яблыневую алею на тэрыторыі школы.

Наталля ГЛЕБАВА,
класны кіраўнік 9 класа сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання.