Устаноўлена больш як 5 тыс. празрыстых скрынь для галасавання

- 16:16Выбары 2015

Больш як 5 тыс. празрыстых скрынь для галасавання ўстаноўлена на выбарчых участках у Беларусі для цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў. Аб гэтым паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Усяго для галоўнай электаральнай падзеі будзе выкарыстоўвацца 24 283 скрыні для галасавання (у гэтым выпадку не ўлічваюцца ўчасткі, утвораныя за межамі Беларусі), з іх празрыстых урнаў – 5 008.
У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці скрынь для галасавання – 3 438, у тым ліку празрыстых – 389 (гэта лічба ўключае скрыні стацыянарныя і для датэрміновага галасавання); у Віцебскай вобласці – 3 816 (у тым ліку празрыстых – 1 987); у Гомельскай вобласці – 3 798 (празрыстых – 460), у Гродзенскай вобласці – 2 920 (празрыстых – 213), у Мінскай вобласці – 4 185 (празрыстых – 285), у Магілёўскай вобласці – 3 365 (празрыстых – 494). Што датычыцца горада Мінска, тут на ўчастках устаноўлена 2 761 урна для галасавання (празрыстых – 1 180).
“Такім чынам, найбольшая колькасць празрыстых урнаў у нас у Віцебскай вобласці”, – пракаменціраваў прыведзеныя лічбы Мікалай Лазавік.
Усяго ў Беларусі створана 6 080 участковых выбарчых камісій, якія будуць працаваць непасрэдна з грамадзянамі – арганізуюць галасаванне, у тым ліку (пры неабходнасці) – па месцы жыхарства 11 кастрычніка. Яшчэ 49 участкаў створана за мяжой.