Установы адукацыі чакаюць сваіх выхаванцаў і навучэнцаў

Пра тое, як вядзецца падрыхтоўка ўстаноў адукацыі Мінскага раёна да новага навучальнага года, пра планы і праекты расказала начальнік упраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама Людміла Канстанцінаўна Лукша.

—На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ў 2020 го­дзе ў бюджэце раёна прадугледжана 1774,34 тыс. рублёў, — адзначыла Людміла Канстанцінаўна. — Значная ўвага ўдзяляецца пытанням арганізацыі харчавання. Працягваецца работа па абнаўленні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў устаноў адукацыі. Для навучэнцаў 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе арганізаваны падвоз гарачага харчавання з найбліжэйшых устаноў адукацыі. Для патаннення харчавання дзяцей прапрацоўваецца пытанне з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна па нарыхтоўцы агародніннай прадукцыі пад поўную патрэбнасць устаноў адукацыі на бязвыплатнай аснове. Вырашаны пытанні забеспячэння ўстаноў адукацыі ўсімі відамі харчовай сыравіны, па выніках праве­дзеных працэдур дзяржаўных закупак на прадукты харчавання ўстаноўлены фіксаваныя цэны.

Абсталяваны новыя кабінеты хіміі, фізікі, біялогіі. Пастаўка ідзе за кошт рэспубліканскай праграмы па лініі Міністэрства адукацыі ўводу ў эксплуатацыю школ-новабудоўляў і за кошт пазабюджэтных сродкаў устаноў адукацыі і спонсарскай дапамогі. Завяршаецца закупка абсталявання для харчаблокаў, камп’ютарных класаў, памнажальнай тэхнікі, спартыўных снарадаў і інш. Для ўстаноў адукацыі Мінскага раёна набыта аргтэхніка, 3 камп’ютарныя класы, гульнявое і надворнае абсталяванне для дзіцячых садоў (спарткомплексы, качалкі-балансіры, рукаходы, веранды (ценявыя навесы), камп’ютарная тэхніка, аўтамабіль, аўтобус).

— Назавіце, калі ласка, лічбы па колькасці дзіцячага насельніц­тва ў раёне. Як у вашым раёне праводзіцца аптымізацыя?

— Па стане на 10.01.2020 у Мінскім раёне налічваецца 52 405 дзяцей ад 0 да 18 гадоў. Штогод колькасць дзяцей, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі Мінскага раёна, павялічваецца больш чым на 1000 чалавек. З 2015 па 2020 год уведзены ў эксплуатацыю 2 установы агульнай сярэдняй адукацыі (Бараўлянская сярэдняя школа № 3, сярэдняя школа № 1 Копішча, адкрыццё якой плануецца 1 верасня 2020 года). Падвоз на заняткі ў школу і назад навучэнцаў з 10 устаноў будзе забяспечвацца аўтобусамі ўпраўлення адукацыі, устаноў адукацыі і аўтобусамі з арганізацый на дагаворнай аснове. На 2020/2021 навучальны год запланавана набыццё 1400—1500 праязных білетаў для падвозу дзяцей па заяўках устаноў адукацыі на суму больш за 14,5 тыс. рублёў.

— Ці дастаткова педагогаў ва ўстановах адукацыі? Якая работа праводзіцца з маладымі спецыялістамі?

— Педагагічных кадраў недастаткова. Але пакуль спраўляемся. Прыцягваем педагогаў са сталіцы, запрашаем выхавальнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, маладых спецыялістаў. Асабліва кадравы голад адчуваюць установы дашкольнай адукацыі. Толькі за апошнія паўгода адкрыецца 8 новабудоўляў для малых. На працягу апошніх трох гадоў ва ўстановы адукацыі раёна прыбывае ад 200 да 250 маладых спецыялістаў, што складае больш за 8% ад агульнай колькасці педагогаў раёна. Сёлета мы чакаем папаўненне нашых шэрагаў — 375 педагагічных работнікаў.

З мэтай якаснай арганізацыі работы, адаптацыі маладых спецыялістаў іх педагагічная нагрузка не перавышае 30 гадзін. За ўсімі імі замацаваны настаўнік, які забяспечвае метадычнае суправаджэнне іх дзейнасці, яны ўключаны ў дзейнасць школы маладога педагога, дзе атрымліваюць адказы на свае пытанні па арганізацыі заняткаў, асаблівасцях вядзення дакументацыі, арганізацыі работы з бацькамі, сучасных адукацыйных тэхналогіях і інш. Працэнт замацавання маладых спецыялістаў расце і складае 54%. У 2021 годзе запланаваны ўвод у эксплуатацыю інтэрната для маладых спецыялістаў у Ратамцы на 78 месцаў. Акрамя таго, маладыя педагогі ўключаны ў дзейнасць розных метадычных фарміраванняў раёна і ўстановы: творчыя групы, праектныя групы, метадычныя аб’яднанні і інш. Педагогі раёна ўваходзяць у склад рэспубліканскіх і абласных творчых груп, рэспубліканскага клуба педагагічных сустрэч педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, абласнога савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, абласнога клуба “Малады дырэктар”, прымаюць удзел у доследнай праверцы вучэбных выданняў для ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі.

— Што праводзіцца з мэтай праф­арыентацыі навучэнцаў?

— У 2020/2021 навучальным годзе на базе 31 установы агульнай сярэдняй адукацыі будзе арганізавана профільнае навучанне. Будуць функцыянаваць профільныя групы прафесійнай накіраванасці: педкласы/групы на базе 9 устаноў, аграрныя групы на базе 4 устаноў, група спартыўна-педагагічнай накіраванасці на базе адной установы. Таксама будуць функцыянаваць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці на базе 2 устаноў і клас прававой накіраванасці.

Найбольш распаўсюджанай формай прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі з’яўляецца тэсціраванне здольнасцей і схільнасцей вучняў да прафесіі. Экскурсіі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзяцца для вучняў 9—11-х класаў. У 2019/2020 навучальным годзе рэалізоўваўся праект “Прымер прафесію на сябе” сумесна з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Для навучэнцаў устаноў адукацыі арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы. Праводзяцца раённыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы “Шляхі атрымання прафесійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. На іх запрашаюцца прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Мінска і Мінскай вобласці, прадпрыемстваў. Для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў праводзяцца дні прафарыентацыі, дні прафесій, мерапрыемствы, прысвечаныя прафесійным святам. Выкарыстоўваюцца такія формы прафарыентацыйнай работы, як квест-гульні, ролевыя, дзелавыя, сітуацыйныя гульні, форумы, выставы, кірмашы, фестывалі, ­удзел у прафесійных пробах. Арганізавана дзейнасць школьных бізнес-кампаній у шосты школьны дзень: у Каладзішчанскай сярэдняй школе — “Служба добрага настрою”, у Ждановіцкай сярэдняй школе — “Сувеніры сваімі рукамі”, у Бараўлянскай сярэдняй школе — “Гаспадынька”, у Чурылавіцкай сярэдняй школе — “Майстрыха”.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца ІКТ у адукацыйным працэсе, у тым ліку для арганізацыі дыстанцыйнага навучання?

— Большасць педагогаў гатовы да выкарыстання ІКТ. Распаўсюджванне свайго вопыту работы нароўні з удзелам у прафесійных конкурсах, у працэдурах атэстацыі педагогі ажыццяўляюць праз публікацыі ў СМІ, у інтэрнэце. Ва ўстановах адукацыі выкарыстоўваюцца розныя формы сеткавага ўзаемадзеяння. У другім паўгоддзі мінулага навучальнага года выкарыстоўваліся рэсурсы дыстанцыйнага навучання: сэрвісы Google-дыск, Google Клас; Яндэкс Дыск, Schools.by, Еffort.by, Я-клас, Знай.бай, Moodle, сайты устаноў адукацыі, віртуальныя дошкі; ствараліся навучальныя курсы (у тым ліку з выкарыстаннем дадаткаў для распрацоўкі і дэманстрацыі вучэбнага абсталявання: YouTube, MS Office, 123apps і інш.) і напаўняліся зместам (файлы, дакументы, прэзентацыі і г.д., у тым ліку анлайн-трансляцыі на рэсурсах Navek Meet, Zoom, Skype, YouTube, Discord і інш.); выкананыя навучэнцамі заданні апрацоўваліся з дапамогай дадаткаў для праверкі ведаў: Online TestPad, Learning Apps, Google Docs, Edpuzzle, Socrative, Kahoot і інш.), арганізоўвалася індывідуальная карэкцыя.

— Як арганізаваны платныя адукацыйныя паслугі ў школах і дзіцячых садках?

— Ва ўстановах адукацыі ў мінулым навучальным годзе аказваліся платныя дадатковыя адукацыйныя паслугі па запыце бацькоў навучэнцаў і выхаванцаў. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі была арганізавана работа 261 аб’яднання па інтарэсах з ахопам 2758 выхаванцаў. За мінулы навучальны год зароблена 382 242,13 рубля. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — 254 аб’яднанні па інтарэсах з ахопам 3248 навучэнцаў. Зароблена 375 27,28 рубля. Сёння заключаюцца дагаворы на аказанне платных адукацыйных паслуг на будучы навучальны год — ад разнастайных спартыўных напрамкаў, уключаючы лацінаамерыканскія танцы, да паслуг па развіцці інтэлектуальных здольнасцей, робататэхніцы, нейрапілатаванні.

— Якія міжнародныя сувязі ў сферы адукацыі ў вас наладжаны?

— У рамках арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва Бараўлянская гімназія з 2015 года рэалізуе адукацыйную праграму з установамі адукацыі Італіі. У рамках мерапрыемстваў праграмы гімназісты прымаюць актыўны ўдзел у Міжнародным фестывалі дзяцей і моладзі “Бераг адкрыццяў”. Установы адукацыі раёна супрацоўнічаюць з польскімі школамі, з фондам гістарычнага конкурсу Patria Nostra. У рамках дзейнасці дабрачынных фондаў і міжнародных грамадскіх аб’яднанняў дзіцячай вёскай “Вытокі” рэалізуюцца праграмы ўзаемадзеяння з Італіяй, Нідэрландамі, Грэцыяй.

Надзея ЦЕРАХАВА.