Устойлівае лета

- 9:20Адукацыйная прастора

13 ліпеня выхаванцы профільнай змены лагера “Лідар” Ганцавіцкай дапаможнай школы-інтэрната сустрэліся з маладзёжнымі пасламі Мэт устойлівага развіцця ў БДПУ імя Максіма Танка. Сустрэча прайшла ў рамках рэспубліканскага праекта “Устойлівае лета”.

За зместавую частку мера­прыемства адказвала начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ Інеса Зубрыліна. Яна расказала ўдзельнікам пра тое, калі людзі задумаліся пра Мэты ўстойлівага развіцця, у якім годзе сфарміравалі першыя мэты і якімі яны былі, калі спіс пашырыўся і чым папоўніўся і г.д.

— Ключавымі пазіцыямі ўстой­лівага развіцця з’яўляюцца чатыры пастулаты Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, — кажа Інеса Ула­дзіміраўна. — Першы — нікога не пакідаць убаку, толькі ўсе разам, супольна, нягледзячы на ўзрост, пол, месца жыхарства, узровень адукацыі і г.д. Другі — гэта ўзаемасувязь і непадзель­насць: усе 17 мэт звязаны паміж сабой. Нельга сказаць, што толькі адна з іх з’яўляецца ключавой і што, дасягнуўшы яе, мы дасягнём усе астатнія. Трэці — універсаль­насць. У гэтых мэтах прадстаўлены ўсе сферы жыцця чалавецтва. Ключавая, чацвёртая, пазіцыя — павага да правоў чалавека. Перш за ўсё мы думаем не пра свае амбіцыі і дабрабыт, а пра чалавека і тое, у якіх умовах ён будзе існа­ваць, якімі якасцямі валодаць.

Чалавек эпохі ўстойлівага развіцця — гэта той, хто сумняваецца, ці правільны зрабіў крок. Той, хто даследуе, хто аналізуе наступствы, рызыкі, хто ніколі не спыняе адукацыю, хто ведае і разумее, да чаго прывя­дуць яго дзеянні, хто рэалізуе свае ідэі, дзейнічае, каб нешта змяніць і палепшыць. Гэта той, хто ўмее дамаўляцца і хто адказвае за свае дзеянні.

— Наша сустрэча нацэлена на тое, каб якасці, якія мы абмеркавалі, зараз пачалі ў вас фарміравацца. У далейшым ваша дзейнасць да­зволіць іх замацаваць і разві­ваць, — упэўнена Інеса Уладзіміраўна.

Такая магчымасць з’явілася ўжо на сустрэчы. Спачатку — на адукацыйным квесце “Шлях наперад”. Тры маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця студэнты БДПУ імя Максіма Танка сустракалі каманды школьнікаў на трох станцыях. Юлія Матына прасіла растлумачыць некалькі мэт, не выкарыстоўваючы пры гэтым аднакарэнных слоў. Тут вельмі дапамаглі асацыяцыі і карцінкі. Далей пасол задавала пытанні, звязаныя з МУР. Калі школьнік адказаў правільна, ход пераходзіў да наступнага, калі не, то круціў кола твістара і рукой або нагой станавіўся на каляровае поле. Ксенія Скачко правяла віктарыну, а потым прапанавала гасцям адказаць на пытанні пра жывёл. Мікіта Рачылоўскі стаў вядучым спрошчанай і паскоранай версіі інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. Школьнікі атрымлівалі пытанні з варыянтамі адказаў, абмяркоўвалі іх і давалі сваю версію. Таксама яны згулялі ў “Кракадзіла”. Вядома, усе словы былі звязаны з Мэтамі ўстойлівага развіцця.

Магчымасць развіць якасці чалавека будучыні з’явілася таксама падчас сусветнага кафэ “Маладзёжны погляд на прасоўванне МУР”, дзе школьнікі разам з пасламі распрацоўвалі ініцыятывы. Іх можна рэаліза­ваць у рамках лагернай змены або навучальнага года.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.