Устойлівае развіццё не магчыма без міру і бяспекі

- 12:52Інфармацыйная гадзіна

27 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні саміту ААН па ўстойлівым развіцці. Прапануем чытачам тэкст выступлення кіраўніка беларускай дзяржавы.

Паважаны спадар Старшыня!
Дамы і спадары!
Устойлівае развіццё любой краіны немагчыма без міру і бяспекі. Гэтую бясспрэчную ісціну беларускі народ спаўна спазнаў на сваім лёсе. У мінулым стагоддзі Беларусь стала месцам самых кровапралітных бітваў дзвюх сусветных войнаў. Таму мы надаём асаблівае значэнне прадухіленню ваенных канфліктаў і пагрозы жыццю людзей.
Страціўшы ў вайне з фашызмам трэць насельніцтва, Беларусь адрадзілася з попелу і свята шануе мір і згоду ў грамадстве, імкнецца забяспечыць дабрабыт народа і стабільнае развіццё дзяржавы.
За гады суверэннага існавання наша краіна з гонарам выканала тыя мэты тысячагоддзя, якія звязаны з ліквідацыяй голаду і беднасці, з дасягненнем стапрацэнтнай пісьменнасці насельніцтва, роўнасці мужчын і жанчын, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, з недапушчэннем дыскрымінацыі па нацыянальных, рэлігійных прыкметах. У нас няма мацярынскай смяротнасці, дзіцячая смяротнасць — самая нізкая ў свеце. Менавіта гэта і ёсць дэмакратыя, а не тое, што спрабуюць насадзіць нам нашы заходнія настаўнікі.
На жаль, гэтага нельга сказаць аб нашай планеце ў цэлым. Свет прыйшоў да саміту, на жаль, раз’яднаным, падзеленым як ніколі раней за апошнія тры дзесяцігоддзі. Планету ўскалыхваюць шматлікія ўзброеныя канфлікты, тэрарыстычныя акты. Сумна тое, што рост глабальных пагроз не знаходзіць адэкватнага адказу.
Нам да гэтага часу не ўдалося аднавіць той баланс сіл, які быў страчаны з распадам Савецкага Саюза. Няма балансу сіл — няма міру і стабільнасці. Гэта сістэмны крызіс. У любой сістэме сіла, калі яна з’яўляецца адзінай, дзейнічае бескантрольна, імкнецца толькі да свайго росквіту і вырашэння праблем за кошт іншых.
Палітыка гегеманізму, нацыянальнага эгаізму прыводзіць да шырокага выкарыстання націску, санкцый, абмежаванняў і ваенных акцый. Як вынік — мы страчваем давер адно да аднаго.
Прыклад адкрытага палітычнага хамства, хлусні і злачынстваў супраць чалавечнасці на паверхні. Давайце ўспомнім нядаўнія факты. Пад выглядам наяўнасці ядзернай зброі ў Іраку вядомыя дзяржавы вырашылі дэмакратызаваць Ірак. І дзе гэтая ядзерная зброя? Дзе дэмакратыя ў Іраку? Навошта забілі Прэзідэнта Ірака? Дзе наогул тая краіна і якая будучыня іракскага народа? На тэрыторыі гэтай дзяржавы стала людзям жыць лепш? Не.
Вы, вінаватыя, скажаце, што памыліліся, трэба б спыніцца. Але зноў жа — не, пайшлі далей. Пачалі з Туніса і скончылі Лівіяй. Сцэнарый той жа. Распялі Прэзідэнта Кадафі, знішчыўшы дзяржаву. У Лівіі стала лепш? Не. І дзе гэтая Лівія наогул як цэласная дзяржава? Спадары, можа хопіць? Не. Ірванулі ў Сірыю. Паўстае пытанне: навошта? Навошта вы забіваеце людзей? Навошта звяргаеце дзеючага прэзідэнта? Чым ён вам не дагадзіў? Больш за тое, бойняй у гэтай краіне вы сціраеце першыя сляды нашай з вамі цывілізацыі. Скажыце сусветнай супольнасці, чаго вы хочаце і да чаго вы імкняцеся. Якраз з гэтай трыбуны Генеральнай Асамблеі ААН.
Украінскі крызіс. Калі не спынім кровапраліцце ў Еўропе, братазабойчую бойню, дапусцім эскалацыю гэтага канфлікту — горача будзе ўсяму цывілізаванаму свету. Прабачце мне, зробім яшчэ адзін крок да глабальнага канфлікту, а магчыма, да новай сусветнай вайны, ужо ў цэнтры цывілізаванага свету. Няўжо, уступіўшы ў новае тысячагоддзе, мы так і не зразумелі, які крохкі мір і чалавечая цывілізацыя?
Я гэта сказаў не для таго, каб пералічыць вядомыя падзеі, а каб уладных людзей падвесці да адной думкі. Зразумела. Сёння няма той сілы, якая вас спыніла б. Але ж кіраўнікі дзяржаў, якія ўчыняюць кашчунства, усе вернікі, нават многія публічна моляцца. Але ж Гасподзь бачыць усё. І ён справядлівы. А калі раззлуецца і пакарае вінаватых? Вас, вашы народы, якія пацерпяць бязвінна за вашы авантуры…
Думаю, трэба спыніцца. Трэба дапамагчы людзям бедных краін апрануцца, вылечыцца, атрымаць адукацыю. Накарміце галодных, выратуйце ад гібелі дзяцей — і вам адплаціцца.
Але ўзаемнае адчужэнне характэрна не толькі для буйных краін. У многіх нават няма жадання зразумець традыцыі, культуру, перакананні іншых народаў.
Відавочна, што аднаўленне балансу — гэта доўгі шлях да шматпалярнага свету. Мы наблізімся да гэтай мэты, калі будзем дзейнічаць, а не пасіўна чакаць.
Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху развіцця. Менавіта ў нашай разнастайнасці — залог агульнага прагрэсу і поспеху кожнага.
Такі падыход дасць магчымасць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцці, але для гэтага неабходна сустракацца і весці дыялог, дамаўляцца, знаходзіць магчымасць канструктыўнага ўзаемадзеяння і, дамовіўшыся, дзейнічаць.
Гісторыя вучыць таму, што любая дзяржава, якая прэтэндуе на аднаасобнае лідарства без аглядкі на інтарэсы іншых, у канчатковым выніку асуджана сама на правал і гібель. Кожная перавага за кошт некага недаўгавечная і непаўнацэнная.
Нездарма народная мудрасць гаворыць: шчасце на чужой бядзе не пабудуеш.
Сучасны свет зведвае крызіс адказнасці, таму што эгаістычныя інтарэсы і скарацечныя выгады вяршэнствуюць пры прыняцці многіх рашэнняў. Дзеянні шэрага дзяржаў на міжнароднай арэне часта не ўлічваюць канкрэтную рэальнасць і асаблівасці іншых дзяржаў і грамадстваў.
Упэўнены, калі б было па-іншаму, не было б соцень тысяч людскіх ахвяр у Іраку, Лівіі, Сірыі і іншых краінах, адкуль рынулі патокі бежанцаў, якія ратуюцца ад вайны. Не дапусцілі б з’яўлення Ісламскай дзяржавы. Не было б успышак тэрарызму ў Еўропе і грамадзянскай вайны ва Украіне. Спіс гэтых “не было б” можна прадаўжаць доўга. І важна сёння аб гэтым гаварыць, таму што ў такіх дзяржавах гэтыя народы не зразумеюць нас, калі мы будзем гаварыць і гаворым сёння аб развіцці, таму што мільёнам і мільярдам людзей сёння ў свеце не да развіцця — ім бы з раніцы да вечара дажыць.
Сёння патрэбны адказныя палітыкі, здольныя дзейнічаць глабальна, стратэгічна, гатовыя прымаць рашэнні ў інтарэсах усёй сусветнай супольнасці, ісці на кампраміс дзеля агульнага дабрабыту.
Спадар Старшыня!
Знаходзячыся ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, не магу не закрануць крызіс міжнародных структур.
У цэлым узнікае адчуванне, што іх роля апошнім часам зводзіцца да таго, каб быць месцам спрэчак паміж дзяржавамі, а часта і сродкам націску на асобныя краіны, якія нечым не дагадзілі ўладным людзям.
Паглядзіце на вялікую колькасць рэзалюцый, што прымаюцца ў ААН. Але хіба галасаванне па іх уплывае на вырашэнне канфліктаў? Хіба яно служыць кансалідацыі сусветнай супольнасці? Хіба гэтыя рэзалюцыі паляпшаюць жыццё народаў?
Давайце сумленна скажам: “Не паляпшаюць!” Прагаласавалі і падзяліліся на нашых і вашых. У выніку яшчэ больш недаверу і раз’яднанасці.
Глыбока перакананы, што ААН не павінна выкарыстоўвацца для дэманстрацыі чыёй-небудзь сілы. Гэта аслабляе ААН і разбурае давер да яе, супярэчыць самой яе прыродзе і прызначэнню.
Нядзіўна, што традыцыйныя міжнародныя структуры адыгрываюць недастатковую ролю як у прадухіленні, так і ва ўрэгуляванні канфліктаў.
Трэба пакласці канец гэтай заганнай практыцы. ААН павінна быць форумам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі дзяржаў.
Толькі ўзаемаразуменне і адказнасць, усведамленне разнастайнасці сусветнай супольнасці, аднаўленне даверу дапамогуць усім нам аб’яднацца, захаваць мір і бяспеку. Знайсці эфектыўныя адказы на глабальныя выклікі і пагрозы.
Практычным вынікам нашых намаганняў стане ўстойлівае развіццё ўсіх дзяржаў і павышэнне ролі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у сусветнай палітыцы.
Дзякуй за ўвагу!