Устойлівыя крокі да мэты

У Беларусі завяршылася дэкада “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх”, якая працягвалася з 2 па 12 кастрычніка і стала нагодай для правядзення больш чым 60 тэматычных мерапрыемстваў. Заключэннем дэкады стаў рэспубліканскі фестываль, які праводзіўся ў канцы мінулага тыдня ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. На ім былі прадстаўлены лепшыя інавацыйныя практыкі ў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця.

На адкрыцці мерапрыемства ў сваім прывітальным слове намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устой­лівага развіцця Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна выказала ўдзячнасць усім, хто так ці інакш робіць крокі да ўстойлівых мэт і адзначыла, што толькі такой вялікай камандай, якая склалася ў краіне і аб’яднала людзей розных узростаў і прафесій, можна дасягнуць устой­лівасці. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай падкрэсліў асаблівую ролю, якую выконвае моладзь, у прыватнасці студэнты — маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця. З прывітальным словам выступілі і пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаанна Казана-Вішнявецкі, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рашыд Мустафа Сарвар, рэктар БДПУ старшыня савета Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” Аляксандр Іванавіч Жук.

У рамках фестывалю прайшлі публічныя лекцыі кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і міжнародных арганізацый. Так, пра ролю моладзі для дасягнення МУР са студэнтамі пагутарыў Аляксандр Кадлубай. На тэму “Устойлівае развіццё сваімі рукамі: практыкі захавання прыроды, даступныя кожнаму” паразважаў з моладдзю кіраўнік офіса пастаяннага каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь Ягор Новікаў. Для студэнтаў, будучых педагогаў, прайшла і серыя тэматычных майстар-класаў, дзе была раскрыта роля педагога ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, ідэя ўзаемадзеяння школы з мясцовай супольнасцю ў дасягненні МУР, абмеркаваны адаптацыя да кліматычных змен, экадружалюбныя паводзіны, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і інш.

Пра экалагічныя выклікі ў Рэспубліцы Беларусь і ў свеце будучым педагогам расказаў Яўген Лабанаў, дырэктар “Цэнтра экалагічных рашэнняў”, каардынатар па экалагічных пытаннях Партнёрскай групы па ўстойлівым развіцці. У прыватнасці, ён засяродзіўся на адной з самых актуальных тэм — праблеме пластыку, вытворчасць якога за апошнія 65 гадоў павялічылася ў 190 разоў. Так, прамоўца паведаміў, што асобны збор смецця асаблівага эфекту не дае, бо толькі 9% з агульнай масы пластыку можна перапрацаваць, прычым пасля паўторнага выкарыстання гэты пластык зноў апынецца на звалцы. З усяго штодзённага падобнага смецця другое жыццё ў нашай краіне даюць хіба толькі ПЭТ-бу­тэлькам. Таму Яўген Лабанаў заклікаў засяроджвацца не на асобным зборы пластыку, а на максімальнай адмове ад яго выкарыстання.

Наглядна ўбачыць крокі да ўстой­лівых мэт можна было на інтэрактыўнай выставе, дзе сваім вопытам і найбольш паспяховымі практыкамі падзяліліся прадстаўнікі розных устаноў адукацыі: дзіцячых садоў, школ, універсітэтаў, цэнтраў дзіцячай творчасці, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, рэгіянальных рэсурсных цэнтраў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і грамадскіх арганізацый.

Так, пра вопыт студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Адукацыйная практыка ў інтарэсах устойлівага развіцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі” факультэта дашкольнай адукацыі кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ўдзельнікам фестывалю расказала яе кіраўнік Алена Анатольеўна Рублеўская: “Наша лабараторыя займаецца распрацоўкай методыкі выхавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў. Мы распрацоўваем дыдактычныя гульні, цацкі, дапаможнікі і інш. Студэнты нашай лабараторыі прымаюць актыўны ўдзел у напісанні навуковых работ, паспяхова прадстаўляюць іх у рэспубліцы і па-за яе межамі. У гэтым годзе нашы студэнты атрымалі грант Міністэрства адукацыі на распрацоўку зместу дыдактычных гульняў”.

На базе сярэдняй школы № 12 Віцебска створаны Цэнтр аховы здароўя. На калідорах і ў кабінетах першага паверха, адведзенага для малодшай школы, размешчаны рухальныя і гульнявыя пляцоўкі, развіццёвыя панэлі, трэнажоры, святлогукавы пясочны стол для малявання пяском, каб малодшыя школьнікі займалі сябе на перапынках. Старшакласнікі негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна ўкараняюць ідэю фінансавай падтрымкі навучэнцаў, якія вядуць экалагічны лад жыцця. Яны распрацоўваюць дадатак з шэрагам заданняў (пасадзіць дрэва, прыбраць нейкую тэрыторыю і інш.), за выкананне якіх удзель­ніку налічваюцца балы. Гэтыя балы можна ці абмяняць на прызы, завітаўшы да арганізатараў у школу, ці атрымаць зніжкі ў крамах пасёлка. У партнёрскай гандлёвай сетцы пасёлка 10 прыватных магазінаў, таксама ёсць дамоўленасць з іх гаспадарамі на прадастаўленне зніжак на ласункі, а таксама на са­джанцы і насенне ў мясцовым садовым цэнтры.

Сярэдняя школа № 12 Наваполацка зрабіла асноўны ўхіл на ўстой­лівую мабільнасць. “Мы праводзім велакросы, пешыя прагулкі, сэлфі-акцыі “Я і мой веласіпед” і “Бяспечны экстрым”, робім асвятленне на велапаркоўках, развіваем інфраструктуру, плануем устанаўліваць новыя велапаркоўкі. Ёсць ідэя пры школе пабудаваць велатрэк”, — гаворыць Алена Анатольеўна Кісялёва, настаўніца біялогіі.

Ініцыятыва “УРА Гродна” (Устой­ліваму развіццю — актыўнасць Гродна) аб’яднала сярэднюю школу № 12, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і яслі-сад № 45. Універсітэт займаецца экаманіторынгам, у дзіцячым садку вывучаюць надвор’е, а ў школе ствараюць міні-цэнтры вады і энергіі, зялёны клас для аздараўлення на вуліцы, зялёныя май­стэрні, дзе будзе выкарыстоўвацца другасная сыравіна, зялёнае фае з вадаспадам і раслінамі як прыклад зялёнага офіса. У Гродне гэта адзіная школа, дзе працуе Цэнтр бяспекі дарожнага руху і дзеці вучаць яздз­е на веласіпедзе сваіх аднагодкаў, іх бацькоў і нават дзядуляў і бабуль. За два гады тут навучылі каля 3 тысяч чалавек.

Усяго ў рамках дэкады прайшло каля 60 мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта фестывалі дзіцяча-дарослых ініцыятыў, семінары, майстар-класы, акцыі, ток-шоу, сусветныя кафэ і інш. Напрыклад, у гімназіі Браслава адбылася рэгіянальная акцыя “Горад без пластыку”, у гімназіі № 1 Дзятлава прайшоў квест “Ствараем Чырвоную кнігу Дзятлаўшчыны разам”. Гімназія Шчучына арганізавала для ўстаноў адукацыі і партнёрскіх арганізацый раёна баркемп “Навуковая крама ў дзеянні”. Фестываль майстар-класаў “Дзень дасведчанага спажыўца” прайшоў на базе гімназіі Веткі. Інфармацыйна-адукацыйную сустрэчу “Інклюзіўны тэатр — шлях да роўнасці” арганізавалі навучэнцы педагагічных класаў сярэдняй школы № 203 Мінска.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.