Уступная кампанія ў прафліцэях і тэхкаледжах працягнецца да 15 верасня

- 16:42Актуально, Рознае

У прафесійных ліцэях і прафесійна-тэхнічных каледжах усё яшчэ чакаюць абітурыентаў. Будучых навучэнцаў спадзяюцца набраць 160 устаноў прафтэхадукацыі, асабліва сферы машынабудавання, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Прыём дакументаў працягнецца да 15 верасня.

Прыём дакументаў на дзённую форму першапачаткова быў запланаваны на перыяд з 15 чэрвеня па 20 жніўня. Праўда, з агаворкай: калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на пэўныя спецыяльнасці будзе меншай за запланаваную, установа адукацыі па ўзгадненні з органамі кіравання адукацыяй мае права прадоўжыць тэрмін прыёму і залічэння да поўнага ўкамплектавання груп. Аднак апошнім тэрмінам павінна стаць ужо згаданая дата 15 верасня.
Так, напрыклад, яшчэ ёсць магчымасць паступіць на спецыяльнасць “Швачка; кравец; прыёмшчык заказаў (пашыў і рамонт адзення)” у Брэсцкім дзяржаўным ліцэі лёгкай прамысловасці на аснове агульнай базавай адукацыі, у Наваполацкім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў — на спецыяльнасць “Муляр будаўнічы; тынкоўшчык”. Больш падрабязную інфармацыю пра свабодныя месцы можна знайсці на сайтах устаноў адукацыі.
Нагадаем, што ў прыёмную камісію трэба прынесці заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі па ўстаноўленай форме, арыгіналы дакумента аб адукацыі і дадатку да яго, медыцынскую даведку. Тым, хто мае льготы пры паступленні, трэба прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць гэтае права.

Святлана ШЫЯН.