Усвядоміць адказнасць перад будучыняй, думаць аб тым, што мы пакінем пасля сябе

- 13:01Інфармацыйная гадзіна

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

Паважаны спадар Старшыня!
Паважаныя дамы і спадары!
70 гадоў назад, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у чалавецтва з’явілася надзея на ўстанаўленне справядлівага светапарадку, заснаванага на ўсеагульным узаемаразуменні і супрацоўніцтве.
Аднак перыяд халоднай вайны, які настаў потым, зноў раскалоў свет на процістаячыя блокі. Пасля распаду Савецкага Саюза і сацыялістычнага лагера многім здавалася, што, нарэшце, знікнуць падставы для канфрантацыі дзяржаў і ваенных канфліктаў. На жаль, пакуль гэтыя надзеі не спраўджваюцца.
Са шкадаваннем даводзіцца канстатаваць, што наш свет не стаў больш стабільным, прадказальным, камфортным для большасці жыхароў планеты, нягледзячы на вялікую работу і каласальныя намаганні па рэалізацыі маштабных планаў ААН.
Учора (28 верасня. — Заўв. рэд.) на саміце мы зацвердзілі амбіцыйны парадак дня работы арганізацыі на найбліжэйшыя 15 гадоў.
У фокусе падагульняючага дакумента — пяць стратэгічных напрамкаў, якія маюць для ўсіх нас жыццёва важнае значэнне: людзі, планета, працвітанне, мір і партнёрства. Яны нарадзіліся не на пустым месцы, а сталі лагічным працягам намаганняў па рэалізацыі Мэт развіцця тысячагоддзя.
Тым не менш гэтыя намаганні выклікаюць супярэчлівыя пачуцці.
Так, ёсць пэўныя зрухі ў змяншэнні глабальнага ўзроўню беднасці, павышэнні абароненасці і ўмацаванні здароўя маці і дзяцей, пашырэнні доступу да адукацыі. Але, гаворачы аб дасягненнях, мы вымушаны прызнаць, што якаснага прарыву ў жыцці чалавечай цывілізацыі так і не адбылося. Больш за тое, мы бачым, як сучасны свет захлістваюць усё новыя выклікі і абвастраюцца старыя праблемы.
Прычым яны датычацца не адной сферы, а ўсіх найважнейшых напрамкаў жыццядзейнасці чалавецтва.

Па-першае, сёння мы сутыкнуліся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі і ваеннымі канфліктамі. Аб гэтым ужо многія прамоўцы гаварылі. Назіраецца беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах. Усё выразней праяўляюцца пагрозы, на якія пакуль няма адказу.
Канцэнтруючыся на спрэчках па другарадных пытаннях, супольнасць выпусціла з-пад увагі з’яўленне агрэсіўных тэрарыстычных глабальных груповак.
Уся сістэма міжнароднай бяспекі перажывае сур’ёзны крызіс. Страта ўзаемнага даверу паміж глабальнымі гульцамі, адсутнасць гатоўнасці да кампрамісаў, вяртанне да элементаў блокавага процістаяння, па сутнасці, паставілі свет на мяжу новай вайны.
Не спыняюцца спробы навязаць пэўную мадэль развіцця іншым дзяржавам. Да чаго гэта прыводзіць?
У выніку знешняга ўмяшання, экспарту “каляровых рэвалюцый” і штучнай змены рэжымаў стабільныя раней краіны акунуліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй.
Замест абяцанай дэмакратыі і працвітання, людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаны ратавацца ўцёкамі. Натоўпы мігрантаў штурмуюць сёння Еўропу. І гэта таксама стала вострай міжнароднай праблемай.
Сёння мы ўсё ў большай ступені залежым адзін ад аднаго. Дзеянні адной дзяржавы закранаюць непасрэдна інтарэсы многіх іншых. Абароненых краін больш не існуе.
Мы павінны сумленна прызнаць: цяпер няма эфектыўнай сістэмы стрымліванняў і процівагі. Дзяржавы, якія прэтэндуюць на сусветнае лідарства, на жаль, не могуць пазбегнуць спакусы задзейнічаць сілу і эканамічны шантаж для забеспячэння сваіх уласных інтарэсаў. Свет небяспечна блізка падышоў да фактычнага адмаўлення ад замацаваных у Статуце ААН прынцыпаў міжнароднага права.
Таму глыбока перакананы, што ў арганізацыі вельмі неабходна новая шырокая дыскусія аб прынцыпах будучага суіснавання дзяржаў і народаў. Аб гэтым я ўжо гаварыў, але хачу яшчэ раз падкрэсліць: арганізацыя не павінна ператварацца ў месца для ўзаемных абвінавачанняў і канфрантацыі дзяржаў.
Дыялогу няма альтэрнатывы! Нам не адысці ад калектыўнага вырашэння праблем.
Вядома, можна зноў набудаваць новых сцен, раздзяляльных ліній, але ад гэтага праблемы нікуды не знікнуць.

Другое. Сур’ёзную небяспеку для стабільнасці свету ўяўляюць глабальныя эканамічныя пагрозы. Валютныя войны, санкцыі, перадзел сыравінных рынкаў, нядобрасумленная канкурэнцыя і іншыя негатыўныя з’явы абвастраюць сусветны крызіс.
А спробы з боку шэрага вядучых дзяржаў вырашаць свае праблемы за кошт іншых краін таксама з’яўляюцца асновай для канфрантацыі і раз’яднанасці.
Выхад з гэтага тупіка бачыцца адзін: усебаковае ўзаемадзеянне эканомік розных краін, пошук аптымальных шляхоў устойлівага развіцця для ўсёй сусветнай супольнасці, а не асобных краін. І вельмі важная пры гэтым падтрымка бедных і найбяднейшых дзяржаў.
Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам вывесці новую формулу ўсеагульнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Беларускі бок прапаноўвае, каб яго асновай стала ідэя інтэграцыі інтэграцый як найбольш актуальная тэндэнцыя сучаснага свету. Паглядзіце, колькі новых інтэграцыйных аб’яднанняў з’явілася за апошнія гады.
І сёння мы вядзём размову аб перспектывах узаемадзеяння Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічных саюзаў, маштабным праекце Вялікага шаўковага шляху, стварэнні Трансціхаакіянскага партнёрства і Трансатлантычнай зоны свабоднага гандлю і дзясяткаў іншых.
Калі нам удасца пазбегнуць непатрэбнага і небяспечнага проціборства інтэграцыйных мадэлей, дабіцца іх сумяшчальнасці, узаемадапаўняльнасці, то ў ідэале мы здольны стварыць сусветную інтэграцыйную структуру, якая ахоплівала б усю нашу планету, трывала злучала розныя рэгіёны і цэлыя кантыненты. У такой парадыгме маглі б мірна суіснаваць розныя нацыі і дзяржавы, аб’яднаныя агульнай мэтай прагрэсу і працвітання.
Каштоўнасць інтэграцыйнага працэсу — у яго дэмакратычнасці. Ён у вядомым сэнсе ўраўноўвае шансы ўсіх удзельнікаў, дае магчымасць невялікім і сярэднім дзяржавам раскрыцца.
Галоўная ўмова інтэграцыі — узаемная выгада. Імкненне ж атрымаць хуткацечныя аднабаковыя перавагі — вось у чым корань зла.
Трэба ўсвядоміць адказнасць перад будучыняй, думаць аб тым, што мы пакінем пасля сябе.
Нельга забываць, што крайняя беднасць у асобных рэгіёнах планеты, сацыяльнае расслаенне ўнутры грамадства, дыспрапорцыі паміж дзяржавамі, адсутнасць перспектыў, перш за ўсё ў моладзі, — гэта пажыўнае асяроддзе для міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці.

Трэці блок глабальных пагроз, якія выклікаюць трывогу, — у сацыяльнай, гуманітарнай і экалагічнай сферы.
Апошнім часам пад гучныя заклікі да максімальнай свабоды ў шэрагу краін выпрабоўваюцца на трываласць асноўныя ўстоі чалавечага грамадства: сям’я і маральнасць.
Безадказныя сацыяльныя ідэі могуць прывесці да новага расколу паміж рознымі культурамі, выклікаць жорсткае рэлігійнае непрыманне, міжнацыянальныя канфлікты. Ці задумваюцца аб наступствах сваіх слоў і дзеянняў “сацыяльныя наватары”?
Такія ж эгаістычныя падыходы характэрны і адносна навакольнага асяроддзя.
Ужо шмат гадоў міжнародная супольнасць не можа знайсці адказу на выклікі змянення клімату. Многія перакладаюць адказнасць на іншых, на наступныя пакаленні.
Задумваючыся над такімі праблемамі, нельга не прыйсці да адной думкі. Відаць, што глыбінная крыніца гэтых крызісаў і пагроз адна: штучны культ індывідуальных правоў і свабод чалавека на шкоду грамадскім інтарэсам.
Прыкрываючыся лозунгам правоў чалавека, апраўдваюцца звяржэнне ўрадаў, разбурэнне дзяржаў і войны за рэсурсы. Насаджаюцца метады хаосу і анархіі. Культывуюцца драпежніцкае стаўленне да прыроды і імкненне да нажывы.
Гэта прыводзіць да дэградацыі свядомасці людзей, калі нечыя недарэчныя жаданні ўзводзяцца ў норму.
Такія падыходы даюць зялёнае святло разлажэнню грамадства, разбурэнню маральных устояў і каштоўнасцей чалавецтва. Знікае мяжа паміж дабром і злом.

Беларусь не прэтэндуе на веданне гатовых рэцэптаў таго, як вырашыць гэтыя праблемы. Але мы шчыра верым, што адказ ляжыць у плоскасці тых ідэй, якія былі прапанаваны свету заснавальнікамі ААН 70 гадоў назад. У першую чаргу размова павінна ісці пра безумоўнае асуджэнне насілля.
Войны не павінны быць інструментам высвятлення адносін паміж дзяржавамі. “Мір нельга ўтрымаць сілай, міру можна дабіцца толькі праз разуменне”, — казаў мудры Эйнштэйн. З гэтым цяжка паспрачацца.
Толькі праз самаабмежаванні можна забяспечыць дабрабыт і абарону для ўсіх: і моцных, і слабых. Гэта і ёсць сутнасць міжнароднага права, якое з’яўляецца адзінай альтэрнатывай “закону джунгляў”.
Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць любыя намаганні і ініцыятывы па ўмацаванні сістэмы міжнароднага права. Гэта найважнейшы прыярытэт нашай знешняй палітыкі.
Аднак аднаго міжнароднага права для забеспячэння міру і бяспекі на планеце недастаткова. Неабходна на нацыянальным узроўні стварыць дастойныя ўмовы жыцця для кожнай канкрэтнай асобы.
Глыбока перакананы, што адэкватна справіцца з гэтай задачай можа толькі моцная дзяржава.
Парадаксальна, але ў XXI стагоддзе чалавецтва ўступіла з вялікай колькасцю слабых і малаэфектыўных дзяржаў. Што такое слабая дзяржава? Гэта адсутнасць законнасці, адсутнасць стабільнасці, страшэнная няроўнасць і крайняя беднасць, адсутнасць матывацыі і здаровай маралі ў моладзі.
Мы ў Беларусі гэта вельмі добра разумеем. На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў мы мэтанакіравана будавалі суверэнную дзяржаву з сацыяльна арыентаванай эканомікай. Удзялялі і прадаўжаем удзяляць самую пільную ўвагу ўмацаванню сям’і і самарэалізацыі моладзі.
Скажу сумленна: нас вельмі хвалююць працэсы разбурэння традыцыйнай сям’і, што адбываюцца ў шэрагу краін.
Асабліва не падабаецца, калі нам прапаноўваюць прызнаць пэўныя адступленні ад норм маралі і розныя сацыяльныя “навацыі” ў якасці натуральных. Не хачу паглыбляцца ў гэтую праблему, баюся ўвязнуць і потым быць залішне раскрытыкаваным, але так і хочацца пры гэтым спытаць: а дзяцей хто нараджаць будзе? Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб нашы ўнукі, праўнукі і іх нашчадкі захавалі прынятыя народам маральныя каштоўнасці, добрыя традыцыі духоўнасці і культуры.

Магу запэўніць усіх, што анархіі, беззаконню і насіллю ніколі не будзе месца на беларускай зямлі — ні пад якімі лозунгамі, у тым ліку дэмакратыі.
Мы даволі моцныя і ўпэўненыя ў сабе, каб не дапусціць іх прыходу да нас звонку!
Стабільная Беларусь па-ранейшаму будзе заставацца донарам рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.
Мы маем намер будаваць роўныя, узаемавыгадныя і паважлівыя адносіны з усімі краінамі свету.
Для нас уяўляе асаблівую каштоўнасць добрасуседства і ўзаемадапамога, таму мы імкнёмся сёння да мірнага ўрэгулявання крызісу ў брацкай Украіне і ў іншых гарачых кропках планеты.
Беларусь прадоўжыць актыўную работу па процідзеянні агульным глабальным праблемам, перш за ўсё ў рамках міжнародных арганізацый.
Такія арганізацыі маюць вялікі вопыт і магчымасці.
Беларусь можа прапанаваць міжнароднай супольнасці свой вопыт, няхай невялікі, вырашэння шэрага праблем, такіх як, напрыклад, чарнобыльская катастрофа і яе пераадоленне, выкараненне гандлю людзьмі.
Асэнсоўваючы нацыянальны вопыт развіцця, хочацца зрабіць наступны вывад. Толькі саюз моцных, адказных і эфектыўных дзяржаў, аб’яднаных сістэмай міжнароднага права, здольны адэкватна процістаяць сучасным глабальным выклікам і пагрозам. І тут, несумненна, вельмі важная роля нашай арганізацыі.
У гэтыя дні даводзіцца чуць нямала крытыкі ў адрас ААН. Рэспубліка Беларусь, безумоўна, падзяляе галоўны пасыл аб тым, што арганізацыя не можа быць застылай, яна павінна ісці ў нагу з часам. Але самае галоўнае, рэфармуючы любую структуру, — не выкінуць бы галоўнае, у гэтым выпадку забяспечыць непарушнасць мэт і прынцыпаў Статута ААН.
Разам з тым важна разумець, што ААН, як я ўжо неаднаразова гаварыў, — гэта ўсе мы, і ад таго, наколькі ўзгоднена і канструктыўна мы будзем дзейнічаць, залежыць дабрабыт сусветнай супольнасці.

Паважаны спадар Старшыня!
Менш за ўсё я хачу, каб мае словы з гэтай трыбуны ў другі дзень яшчэ раз прагучалі па-прарочы, але сёння нельга пазбавіцца адчування, што ў свеце маячыць прывід чарговага вялікага канфлікту, калі не вайны.
Нам нельга дапускаць, каб гэты злавесны прывід стаў явай! Вось мы сабраліся сёння, учора абмяркоўвалі вельмі важную праблему, намецілі Праграму развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але я ўжо гаварыў: для вельмі многіх, для мільёнаў жыхароў нашай планеты гэта гучыць — устойлівае развіццё — па-кашчунску, таму што яны паміраюць кожны дзень, паміраюць дзеці, паміраюць старыя. І нам сёння сабрацца б і прыняць толькі адно рашэнне — пакончыць з войнамі і канфліктамі, хаця б з тымі, якія сёння разгарэліся і бушуюць на нашай планеце.
На заканчэнне свайго выступлення прывяду цытату вялікага чалавека — Нэльсана Мандэлы. Гэты нязломны змагар за справядлівасць у свеце, звяртаючыся да сучаснікаў, сказаў: “Часам на пакаленне выпадае доля стаць вялікім. Вы можаце стаць гэтым пакаленнем”.
Вельмі спадзяюся, што такая доля выпадзе менавіта нашаму пакаленню. Я веру, што мы знойдзем у сабе сілы і разважлівасць зрабіць усё, каб змяніць свет да лепшага. Іншага не дадзена.
Дзякуй за ўвагу.