Усвядомленая патрэбнасць не быць раўнадушным

- 14:36Выхаванне

Нацыянальны сход даўно стаў пляцоўкай для абмеркавання праблем, якія хвалююць наша грамадства, нашу моладзь. Правядзенне сустрэч парламентарыяў з прадстаўнікамі маладзёжных грамадскіх арганізацый увайшло ў традыцыю і мае сістэматычны характар. Вось і на гэты раз дэпутаты Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, прадстаўнікі іншых парламенцкіх камісій, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі на чале з міністрам М.А.Жураўковым сустрэліся з членамі Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі. На гэтым пасяджэнні вялося абмеркаванне галоўных кірункаў развіцця маладзёжнай палітыкі, удасканалення заканадаўства, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, абароны маладога пакалення ад негатыўных праяў, стварэння ўмоў для выхавання дзяцей у сям’і.

Стаўка на моладзь

Гэты савет быў створаны амаль месяц назад як дарадчы і кансультатыўны орган, мэтай якога з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне. Асноўнымі задачамі савета з’яўляюцца арганізацыя, правядзенне маладзёжных мерапрыемстваў, абмеркаванне актуальных пытанняў і праблем моладзі, выпрацоўка прапаноў і рэкамендацый, накіраваных на выніковасць маладзёжнага руху, удасканаленне заканадаўчай базы для развіцця маладзёжнай палітыкі. Першае пасяджэнне Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі адбылося ў Міністэрстве адукацыі 18 лістапада 2015 года. Старшынёй яго стала член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу І.А.Кляшчук.
Стварэнне такога савета стала своечасовай і значнай падзеяй, прадыктаванай самім жыццём. Рэспубліканскі маладзёжны савет пры міністры адукацыі — гэта грамадскае аб’яднанне, якое плануе ўносіць і разглядаць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства, нарматыўным прававым забеспячэнні маладзёжнай палітыкі ў Беларусі, абмяркоўваць актуальныя пытанні і праблемы, якія цікавяць моладзь, выпрацоўваць прапановы і рэкамендацыі, накіраваныя на павышэнне выніковасці рашэнняў па пытаннях дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзных арганізацый, маладыя педагогі і навукоўцы, члены грамадскіх арганізацый студэнцкай моладзі, сярод іх таксама маладзёжныя лідары вядучых прадпрыемстваў, навучальных устаноў, структур улады.
Менавіта маладыя людзі ў многім вызначаюць не толькі сучаснасць, але і будучыню дзяржавы. Моладзь — стратэгічны і кадравы рэсурс, і сёння на маладых людзей робіцца самая вялікая стаўка. Як вядома, гэты год аб’яўлены Годам моладзі, але яго эстафета будзе перадавацца з году ў год і далей, каб маладзёжны рух узрастаў, мацнеў, каб павышалася роля моладзі ў жыцці нашага грамадства і нашай краіны, каб памкненні маладога пакалення былі накіраваны на карысць Беларусі. Стрыжнем маладзёжнай палітыкі павінна заставацца выхаванне актыўнай маладзёжнай пазіцыі, фарміраванне высокіх маральных якасцей у кожным маладым чалавеку. Нездарма, каб узмацніць работу з моладдзю, у гэтым жа годзе быў створаны грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.
М.А.Жураўкоў прыхільна ўспрыняў узаемадзеянне членаў рэспубліканскага маладзёжнага савета з дэпутатамі профільнай парламенцкай камісіі і ў цэлым з дэпутацкім корпусам, што пацвярджае адзінства памкненняў.
— Стварэнне такога савета з’яўляецца вельмі важным крокам у развіцці маладзёжнага руху, і што самае істотнае — росту яго эфектыўнасці, — заявіў Міхаіл Анатольевіч. — Напэўна, сустрэча дэпутатаў профільнай камісіі парламента з прадстаўнікамі маладзёжнага савета дазволіць выпрацаваць новыя крокі ў гэтым напрамку, атрымаць новыя ідэі і прапановы.
Міністр адукацыі адзначыў, што маладзёжны савет быў створаны недарэмна, што на яго ўскладаюцца вялікія задачы, і менавіта ў тандэме са студэнцкім саветам, дзе сабралася навучэнская моладзь, маладзёжнаму савету з ліку працуючай моладзі будзе над чым працаваць. Па сутнасці, пытанне выхавання падрастаючага пакалення для сістэмы адукацыі было спрадвечным, і яно застаецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Маладзёжная палітыка засноўваецца на сістэме адукацыі і адтуль бярэ свой пачатак. Студэнцкая моладзь з’яўляецца авангардам маладзёжнага руху, генератарам ідэй і іх своеасаблівым правадніком у асяроддзе працуючай моладзі.

Заслона абыякавасці

Сёння відавочна, што рэалізацыя маладзёжнай палітыкі патрабуе выкарыстання новых форм, новых напрамкаў, новай ідэі. Ужо нельга ў гэтай рабоце абмежавацца толькі арганізацыяй і правядзеннем культурна-забаўляльных і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, асноўнай рысай якіх з’яўляецца масавасць. Менавіта гэты паказчык пакуль застаецца адным з важных у вызначэнні эфектыўнасці таго ці іншага маладзёжнага мерапрыемства. Сапраўды, масавасць нібы перакрывае індывідуальную работу з маладымі людзьмі, не дазваляе прадастаўляць кожнаму з іх умовы для развіцця сябе як асобы. Магчыма, адсюль бярэцца нейкая абыякавасць у маладога чалавека, сацыяльная інфантыльнасць, жаданне адсядзецца за спінамі іншых, калі справа тычыцца грамадскасці, дзяржавы, і быць бессаромным і карыслівым, калі гаворка ідзе аб асабістай патрэбе. Не сакрэт, што сёння іншы раз невядома, чым жыве малады чалавек, на што накіраваны яго думкі, мары, да чаго ён імкнецца. Публічна часцей за ўсё нашы грамадзяне больш сутыкаюцца з лідарамі маладзёжнага руху. У друкаваных СМІ, на тэлеэкране часцей мы бачым афіцыйных прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый, і зусім мала прадстаўлены звычайныя маладыя людзі. Не чуваць іх думак, прапаноў, з якіх і складваецца грамадскае меркаванне ў маладзёжным асяроддзі.
— Ідэальная мадэль ажыццяўлення дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі мае на ўвазе прамое ўзаемадзеянне дзяржавы з кожным маладым чалавекам паасобку, — заявіў Аляксандр Уладзіміравіч Цяцоха, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. — Але гэта нерэальна, такога не могуць дазволіць нават высокаразвітыя краіны. У той жа час мы шукаем аптымальныя формы работы з моладдзю, новыя стымулы да яе актыўнага ўключэння ва ўсе працэсы грамадска-палітычнага развіцця краіны. Менавіта моладзь мае патэнцыяльны пазітыў стваральнасці, таму неабходна фарміраваць у ёй цвёрдую пазіцыю, палітычную свядомасць, актыўнасць, усвядомленую патрэбнасць удзелу ў жыцці грамадства, усёй краіны. У сувязі з гэтым найбольш актуальнай бачыцца дзейнасць грамадскіх маладзёжных арганізацый, органаў вучнёўскага і студэнцкага самакіравання, садзейнічанне рэалізацыі права моладзі на аб’яднанне.
А.У.Цяцоха пацвердзіў, што пытанні маладзёжнай палітыкі заўсёды былі актуальнымі. Няма ніводнай краіны ў свеце, дзе б не надавалася павышаная ўвага моладзі. Пад паняццем “маладзёжная палітыка” разумеецца цэлая сістэма мер, накіраваных на стварэнне неабходных умоў для рэалізацыі намераў маладых людзей. Сёння ў нашай краіне ад усіх галін улады існуе дакладнае разуменне неабходнасці забеспячэння паўнацэннага прававога і сацыяльнага статусу маладых грамадзян, абароны іх правоў і свабод, стварэння прававых, эканамічных умоў і гарантый для самарэалізацыі маладога чалавека.
У нашай краіне колькасць маладых людзей займае значную частку нашага грамадства і складае каля 23 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Сёння ў краіне дзейнічаюць 270 маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, якія ахопліваюць палову навучэнцаў і чвэрць працуючай моладзі. Колькасць толькі адной грамадскай арганізацыі БРСМ дасягае амаль паўмільёна чалавек, таму пытанні маладзёжнай палітыкі заўсёды былі на слыху ў нашым грамадстве і з’яўляюцца злабадзённымі для дзяржавы. Адносна заканадаўства, то галоўным законам для маладзёжнага руху сёння з’яўляецца Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, які дазваляе сістэмна і мэтанакіравана праводзіць работу з маладымі людзьмі. Гэты закон быў прыняты ў Беларусі адным з першых сярод краін СНД.
Разам з тым, улічваючы сучасныя рэаліі жыцця, яго імклівасць і зменлівасць і тое, што грамадскі маладзёжны рух развіваецца даволі хуткімі тэмпамі, дэпутацкі корпус вядзе рэгуляванне і карэкціроўку заканадаўчай базы для развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, у адпаведныя законапраекты ўносяцца змяненні і дапаўненні, якія дазваляюць удасканальваць заканадаўства.
Бясспрэчна, што і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў у маладзёжным асяроддзі не можа заставацца без увагі дзяржавы. Важным крокам у гэтым стала прыняцце Закона “Аб дзяржаўнай падтрымцы маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў”, які вызначыў гарантыі, агульныя прынцыпы, змест і меры дзяржаўнай падтрымкі такіх аб’яднанняў, даў права на атрыманне імі некаторых прывілей, азначыў асноўныя напрамкі развіцця. Сёння ў краіне вядзецца рэестр маладзёжных, дзіцячых аб’яднанняў, куды ўваходзяць 16 такіх арганізацый.
Наступным важным кірункам дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца дзяржаўная падтрымка моладзі ў атрыманні адукацыі, стварэнне банкаў даных і фондаў па падтрымцы таленавітай моладзі. Улічваючы тое, што навучэнская моладзь з’яўляецца найбольш уразлівай на рынку працы, ёй гарантавана першае рабочае месца. Яшчэ большую актуальнасць набывае сёння ахова здароўя маладога пакалення. Трэба прызнаць станоўчую дынаміку ў зніжэнні захваральнасці маладых людзей, але ж спыняцца на дасягнутым нельга. Так, у прыватнасці, агульная захваральнасць моладзі знізілася на 2,7 працэнта, але хранічная паталогія школьнікаў складае даволі высокую лічбу — 17,4, а сярод моладзі з 18 да 30 гадоў — нават 19,8 працэнта. Таму адным з прыярытэтаў маладзёжнай палітыкі з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё масавага спорту і турызму сярод дзяцей і моладзі. Заканадаўчай асновай гэтага кірунку з’яўляецца Закон “Аб фізкультуры, спорце і турызме”. Згодна з ім, наспела неабходнасць пашыраць спартыўна-фізкультурную работу ва ўстановах адукацыі, умацоўваць студэнцкі спорт, які павінен стаць неад’емнай часткай дзейнасці ўніверсітэтаў, студэнцкіх інтэрнатаў, шукаць найбольш эфектыўныя формы і дзейсныя меры ў прапагандзе здаровага ладу жыцця, стварыць процідзеянне і альтэрнатыву негатыўным з’явам у маладзёжным асяроддзі, арганізоўваць цікавыя спартыўныя спаборніцтвы. Павінна быць адчувальнай матэрыяльная падтрымка маладых сем’яў з нараджэннем дзяцей, прадастаўленне ім ільготнага жылля і іншых прывілей.

Каб быў чуваць голас кожнага

С.А.Кулеш, дацэнт кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыакультурных камунікацый РІВШ, паведаміла, як рыхтуюць у інстытуце спецыялістаў па рабоце з моладдзю.
— У гэтым напрамку мы працуем ужо пару гадоў і за гэты час выпусцілі амаль 200 чалавек, — расказала Святлана Аляксандраўна. — Я памятаю саму ідэю такой перападрыхтоўкі кадраў, якія ўжо мелі вышэйшую адукацыю, але жадалі б удасканаліць свае веды ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Некаторыя з нашых выпускнікоў сталі сапраўднымі маладзёжными лідарамі, нават увайшлі ў склад Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі, як, напрыклад, А.У.Стахно, вядучы спецыяліст па фізічнай культуры і рабоце з моладдзю акцыянернага таварыства “Камунарка”.
Святлана Кулеш адзначыла, што галоўнай падставай для ўвядзення новай спецыяльнасці стала змяненне арыенціраў, форм і метадаў маладзёжнай палітыкі. Адпала неабходнасць у арганізацыі маладзёжных мерапрыемстваў у пагоні за масавасцю. Стала відавочным, што працаваць з моладдзю трэба не інтуітыўна, а сістэмна, засноўвацца на прафесійных ведах. Для гэтага трэба мець спецыяльна падрыхтаваных людзей. Каб слухачы атрымалі поўны пакет неабходных ведаў, вучэбная праграма была насычана неабходным зместам, у якім адлюстраваны сучасныя тэндэнцыі прафесійнай мадэлі спецыяліста па рабоце з моладдзю. Ключавымі дысцыплінамі перападрыхтоўкі сталі “Сучасныя аспекты педагогікі”, “Асновы працоўнага заканадаўства”, “Прыкладная культуралогія”, “Тэорыя і практыка сацыяльных камунікацый”, “Міжкультурная камунікацыя”, “Асновы праектнай культуры спецыяліста па рабоце з моладдзю”, “Прафілактыка і карэкцыя дэвіянтных паводзін у маладзёжным асяроддзі”, “Адораная асоба і псіхалогія творчасці”, “Кар’ерны рост маладога спецыяліста” і інш.
Слухачы РІВШ вучацца методыкам мадэлявання, канструявання і прагназавання выхаваўчага працэсу, з боку выкладчыкаў ім аказваецца навукова-метадычная дапамога ў распрацоўцы інавацыйных праектаў, прадстаўляюцца прафесійныя кансультацыі па арганізацыі маладзёжнага руху. Акрамя таго, будучыя спецыялісты атрымліваюць навыкі навукова-даследчай работы, абагульнення асабістага вопыту. У працэсе вучобы выкарыстоўваюцца актыўныя формы навучання — дзелавыя гульні, круглыя сталы, тэматычныя дыскусіі, мультымедыйныя прэзентацыі.
— Да нас ідуць людзі з розных сфер дзейнасці, у нас няма ўзроставага цэнзу па прыёме слухачоў. Радуе тое, што прыходзяць у асноўным людзі маладыя, матываваныя на работу з моладдзю, актыўныя, ініцыятыўныя, якія могуць стаць лідарамі, быць крэатыўнымі і энергічнымі, каб запальваць гэтымі якасцямі сваіх падапечных, весці за сабой, укладваць сваю душу ў работу, знаходзіць падыход да кожнага, з кім яны працуюць побач, якія маюць жаданне працаваць з моладдзю ўсвядомлена, а не выпадкова, — сказала Святлана Аляксандраўна. — Сёння наш спецыяліст павінен працаваць сістэмна ў маладзёжным руху, з комплексным уяўленнем, хто такая моладзь і што яна хоча. А гэта значыць, што паміж спецыялістам і маладым чалавекам павінна быць усталявана зваротная сувязь і каб быў чуваць яго голас.
У абмеркаванні пытанняў маладзёжнай палітыкі прынялі ўдзел дэпутаты І.А.Кляшчук, С.Д.Шылава, В.А.Дзевятоўскі, члены Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.