Уся работа зроблена да стартаў

Днямі ў Казань прыляцелі спартсмены, якія з’яўляюцца надзеяй нашай зборнай. Двойчы сярэбраная прызёрка Алімпіяды ў Лондане па плаванні Аляксандра Герасіменя, алімпійскі чэмпіён Пекіна і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Лондане ў веславанні на каноэ Андрэй Багдановіч, а таксама Марына Літвінчук (Палтаран), Вольга Худзенка і Надзея Папок, якія прадставяць Беларусь у веславанні на байдарках. Дарэчы, дзяўчаты — бронзавыя прызёры ўсё той жа Алімпіяды.

Імя Аляксандры Герасімені вядома не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі. У Казані Сашу чакалі з нецярпеннем. На пытанне, ці спадабаўся ёй горад, спартсменка адказвае, што пакуль не паспела зразумець, бо ўсё, што цяпер яе займае, гэта падрыхтоўка да выступлення. Ужо ў суботу для Аляксандры пачнуцца першыя заплывы. Дома за яе будзе хварэць сям’я і сябры.
Дарэчы, у плаванні на ўніверсіядзе сёлета прадстаўлена нямала вядомых імёнаў: сярэбраная медалістка лонданскай алімпіяды ў плаванні на спіне Настасся Зуева, сярэбраная прызёрка гульняў на дыстанцыі 200 м брасам Юлія Яфімава, чэмпіён універсіяды 2011 года літовец Гедрыус Ціценіс. Акрамя таго, у мужчынскай эстафеце прымуць удзел бронзавыя медалісты Алімпійскіх гульняў у Лондане расіяне Андрэй Грачыхін, Мікіта Лобінцаў, Уладзімір Марозаў, Даніла Ізотаў, Яўген Лагуноў і Сяргей Фесікаў.
Спаборніцтвы будуць праходзіць з 10 па 17 ліпеня, у іх прымуць удзел каля 800 спартсменаў з больш чым 70 краін свету. Усяго ў плаванні будзе разыграна 42 камплекты медалёў.
Андрэй Багдановіч, які плануе выступаць на ўніверсіядзе ў каноэ-адзіночцы і ў складзе чацвёрак, безумоўна, складзе сур’ёзную канкурэнцыю ўсім, хто прэтэндуе на лідарства.
Ад чаго залежыць поспех у веславанні? Андрэй не сумняваецца — ад карпатлівых трэніровак. Пераважная частка работы зроблена да стартаў. Апынуўшыся на вадзе, разлічваеш толькі на тое, што напрацаваў, і на ўласную вытрымку.
Згодны з Андрэем і трэнер нацыянальнай зборнай па каноэ Мікалай Банько: “Для таго каб выступаць на ўніверсіядзе, пачынаць трэніравацца трэба яшчэ ў кастрычніку. Калі нешта прапусціў на гэтым этапе падрыхтоўкі, потым вельмі цяжка напрацаваць. Канечне, кожны прыязджае на ўніверсіяду перамагаць, і наша каманда будзе старацца быць першай у сваім відзе спорту. Тут, у Казані, вельмі цёплая атмасфера, блізкая нам, усё ж некалі мы былі адной краінай. Цяпер нам вельмі хочацца, каб на цырымоніі ўзнагароджання як мага часцей узнімаўся сцяг Беларусі!”
Марына Літвінчук (Палтаран), Вольга Худзенка і Надзея Папок выступяць на ўніверсіядзе ў складзе байдаркі-чацвёркі. Аднак, на жаль, не бронзавым складам — чацвёртая ўдзельніца каманды Ірына Памелава ўжо не з’яўляецца студэнткай. Хочацца спадзявацца, што і ў новым складзе дзяўчаты заявяць пра сябе.
“Перад стартам мы ўспамінаем, праз што нам прыйшлося прайсці, каб дасягнуць таго, чаго мы дасягнулі, — заўважаюць спартсменкі. — Гэта дазваляе настроіцца. Ну а потым у бой за сваю краіну, за сябе. Мы будзем асабліва старацца, ведаючы, што ў Беларусі за нас хварэюць!”

Наталля АЛЁХІНА,
Фота аўтара.