Уся ўвага — падрыхтоўцы

- 9:20Адукацыйная прастора

Установы адукацыі Магілёўшчыны заканчваюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Работа кіпіць на ўсю моц, усюды ідуць рамонтныя работы. Між тым некаторыя ўстановы адукацыі ўжо хоць зараз гатовы да сустрэчы з навучэнцамі.

Начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Магілёўскага райвыканкама Н.У.Колас і дырэктар Буйніцкай сярэдняй школы Л.Н.Клімасёва знаёмяцца з абсталяваннем новага кабінета фізікі.

— Літаральна праз месяц ва ўстановах адукацыі зноў зазвіняць дзіцячыя галасы, таму ўвага пытанням падрыхтоўкі да новага навучальнага года ўдзяляецца належная. Усе работы вядуцца згодна з зацверджанымі графікамі. Своечасоваму правядзенню рамонтных работ у многім садзейнічае дастатковае фінансаванне. Сёлета з абласнога бюджэту на вышэйназваныя мэты было выдзелена 8,5 млн рублёў, якія задзейнічаны для падрыхтоўкі школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садоў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай, спецыяльнай адукацыі. Праводзяцца капітальныя ці касметычныя рамонты, абнаўляюцца мэбля і вучэбнае абсталяванне. Акрамя таго, выдзеленыя сродкі ідуць на выкананне планавых мерапрыемстваў, накіраваных на бяспеку дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў і сталовых. На асаблівым кантролі — захаванне бяспекі навучэнцаў, устаноўка трывожных кнопак і сістэм відэаназірання. У сельскіх школах у прыярытэце таксама абнаўленне аўтапарка для арганізацыі падвозу дзяцей. Дарэчы, сёлета новыя школьныя аўтобусы з’явяцца ў 11 раёнах, — паведаміла кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Г.У.Сіманоўская.

Па яе словах, у рэгіёне вядзецца будаўніцтва новых навучальных устаноў. Будуюцца тры дзіцячыя садкі: на 240 месцаў у Бабруйску, 50 месцаў у Шклове і 200 месцаў у Магілёве. Акрамя таго, у Дзень ведаў у Бабруйску плануецца ўрачыста адкрыць новую сярэднюю школу, разлічаную на 1020 навучэнцаў.

— У некаторых установах адукацыі зараз разгорнуты маштабныя рамонтныя работы. У рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які фінансуецца Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, у найбліжэйшы час будуць істотна абноўлены Аўсянкаўская сярэдняя школа Горацкага раёна, Лапаціцкая сярэдняя школа Слаўгарадскага раёна і сярэдняя школа № 2 гэтага райцэнтра, а таксама сярэдняя школа № 1 Клімавіч. Наогул, усе падрыхтоўчыя работы да навучальнага года ўжо на фінішнай прамой. Кожная ўстанова адукацыі вобласці да 20 жніўня павінна атрымаць пашпарт гатоўнасці, — падкрэсліла Ганна Уладзіміраўна.

Выхаванцы Хонаўскага ВПК з задавальненнем гуляюць на добраўпарадкаванай тэрыторыі навучальнай установы.

Прадастаўленая афіцыйная інфармацыя цалкам пацвярджаецца ў рэчаіснасці. Узяць, напрыклад, Магілёўскі раён. Тут функцыянуюць 17 сярэдніх і дзве базавыя школы. І ўсе яны ўжо цалкам гатовы да новага навучальнага года.

— Любая праца спорыцца, калі выконваць яе добрасумленна. Педагагічныя калектывы нашага раёна менавіта так і ставяцца да любой справы. Яшчэ на пачатку чэрвеня ўсюды з удзелам прадстаўнікоў розных дзяржаўных органаў былі складзены спецыяльныя акты аб стане спраў і неабходных мерапрыемствах для падрыхтоўкі ўстаноў да новага навучальнага года. Работы хапала, але працаваць у кожнай школе пачалі загадзя і зладжана, таму зараз яна ўжо на стадыі завяршэння. За такой аператыўнасцю — павышаная ўвага да функцыянавання сферы адукацыі з боку старшыні Магілёўскага райвыканкама А.І.Чыкіды, а таксама своечасовае фінансаванне, пастаянная курацыя ходу выканання рамонтаў дырэктарамі ўстаноў, спецыялістамі структурных падраздзяленняў райвыканкама і Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна, усебаковая падтрымка спонсараў і бацькоўскіх папячыцельскіх саветаў. Усё гэта ў комплексе дало магчымасць аператыўна ліквідаваць праблемы і выканаць работы ў пастаўленыя тэрміны, — расказала начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Магілёўскага райвыканкама Н.У.Колас. — Акрамя асноўных работ па касметычным рамонце, шмат сіл было ўкладзена ў азеляненне і добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый, замену электрасетак, сістэм ацяплення, водаправоднай, каналізацыйнай, вентыляцыйнай сістэм, у рамонт даху і фасадаў навучальных устаноў. У працэсе падрыхтоўкі абнавіліся абсталяванне харчаблокаў, тэхніка і мэбля ў многіх вучэбных кабінетах, — дадала Наталля Уладзіміраўна.

Навучальныя ўстановы раёна сапраўды выглядаюць абноўленымі і хоць заўтра гатовымі прыняць сваіх навучэнцаў. Менавіта такое ўражанне складваецца падчас наведвання Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Падрыхтоўка да новага навучальнага года тут была поўнасцю завершана яшчэ 19 ліпеня. Што, у прынцыпе, нядзіўна, бо, нягледзячы на статус сельскай школы, Хонаўскі ВПК цалкам адпавядае сучасным адукацыйным стандартам. Калі аграгарадок прымаў раённае свята “Дажынкі”, у вучэбным комплексе быў праведзены капітальны рамонт і створана ўсё неабходнае для якаснай, паўнавартаснай адукацыі. З таго часу прайшло тры гады, а як школа, так і групы дзіцячага садка, па-ранейшаму маюць прыгожы выгляд. А ўсё таму, што адносяцца да школьнай маёмасці педагагічны і вучнёўскі калектывы адказна і беражліва. А яшчэ — імкнуцца не толькі зберагаць, а і прымнажаць тое, што маюць.

— Станоўчую ацэнку гатоўнасці да новага навучальнага года наша ўстанова атрымала адной з першых у раёне. Але ж і папрацаваць для такога выніку давялося ладна. Быў праведзены бягучы касметычны рамонт усіх вучэбных кабінетаў, цалкам адрамантаваны і перааснашчаны новай мэбляй спальнае памяшканне для рознаўзроставай групы дзіцячага сада і кабінет інфарматыкі. З новага — у нас не так даўно з’явілася экалагічная сцежка з разнастайнымі тэматычнымі станцыямі. Шмат сіл мы штогод укладваем і ў добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Важна, што ўдзел у гэтай працы прымаюць не толькі педагогі, але і дзеці і іх бацькі. Разам мы ствараем малыя архітэктурныя формы, новыя клумбы і кветнікі. Вельмі дапамагаюць спонсары. Дзякуючы агульнаму ўзаемаразуменню і зацікаўленасці педагогаў, спонсараў і бацькоў, нам удаецца сумесна рабіць вучэбна-педагагічны комплекс прыгожай, утульнай, сучаснай установай адукацыі, — расказала дырэктар Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы І.М.Сырамалотава.

Не менш аператыўныя тэмпы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года разгарнулі і ў Буйніцкай сярэдняй школе. Установа сустракала светлымі сценамі, зіхатлівым бляскам падлог, абноўленымі вучэбнымі кабінетамі, якія ўжо чакаюць вучняў.

— У 2019 годзе ў нашай навучальнай установе адбыўся капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі на сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Па сутнасці, школу быццам пабудавалі нанова. У літаральным сэнсе ў пачатку рамонтных работ тут былі толькі сцены. Старыя вокны, дзверы, падлога, столь — усё гэта было дэманціравана і заменена. Абнавілі таксама фасад, дах, электрасеткі, водаправодныя і каналізацыйныя сістэмы, цалкам тэхналагічна быў пераабсталяваны харчаблок. Зараз мы працягваем укамплектоўваць сваю матэрыяльную базу. Быў набыты новы камп’ютарны клас, таксама ў гэтым годзе запускаем у эксплуатацыю сучасныя кабінеты фізікі і хіміі з найноўшым лабараторным абсталяваннем. Усюды правялі неабходны касметычны рамонт. Цяпер чакаем усіх сваіх 477 навучэнцаў, — расказала дырэктар Буйніцкай сярэдняй школы Л.Н.Клімасёва.

Аператыўна папрацавалі і ў Камінтэрнаўскай сярэдняй школе. Як заўважыла дырэктар установы І.Я.Нікалаева, падрыхтоўка да новага навучальнага года прайшла без замінак. Правесці ўсе неабходныя работы за даволі кароткі час удалося дзякуючы далучанасці і зацікаўленасці ў гэтай справе ўсяго калектыву.

— Сёлета мы афарбавалі фасад, адрамантавалі адмостку вакол будынка школы. Усталявалі па ўсёй установе дадатковыя свяцільні, абнавілі спартыўную залу і мэблю ў некаторых класах. Закупілі неабходнае абсталяванне ў сталовую, а спонсары дапамаглі набыць новыя халадзільнікі ў харчаблок. Вялікую падтрымку аказалі і бацькі, і самі вучні. Летам у нас працавалі тры вучнёўскія вытворчыя брыгады, якія шылі пасцельную бялізну, а таксама дапамагалі ў добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі і правядзенні касметычнага рамонту школы. Вось так, сумеснымі намаганнямі і ўдалося своечасова падрыхтавацца да пачатку новага навучальнага года, — адзначыла Ірына Якаўлеўна.

…Як можна было пераканацца на прыкладзе Магілёўскага раёна, падрыхтоўчыя і рамонтныя работы ў навучальных установах вобласці падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння. Дырэктары рыхтуюцца да ацэнкі гатоўнасці школ да новага навучальнага года спецыяльнымі міжведамаснымі камісіямі. Зыходзячы з убачанага, можна не сумнявацца, што ўсе ўстановы адукацыі рэгіёна ў хуткім часе зноў расчыняць дзверы для навучэнцаў. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.