Усё будзе эпічна

- 12:27"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Сёння працягваем друкаваць матэрыялы ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” (сумесны праект нашай газеты і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі). І гэтым разам у цэнтры нашай увагі — Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля, вакальны ансамбль якога “Братка беларус” (кіраўнік Вольга Анатольеўна Конава) стаў у мінулым годзе пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” ў намінацыі “Група народнай песні”.

Імя абавязвае

Прызнацца, да свайго сораму, я раней толкам і не ведаў, кім быў Іван Мацвеевіч Жыжаль, імя якога з гонарам носіць Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва. А таму, перш чым выправіцца ў гэтую ўстанову, загугліў запыт “І.М.Жыжаль” і неўзабаве нечакана для сябе выявіў, што гэта была вельмі неардынарная асоба, без перабольшання, чалавек-легенда, гарачы патрыёт, нястомны крэатыўшчык і апантанец у будаўнічай сферы.

Пра маштаб дзейнасці Івана Мацвеевіча Жыжаля, калі ён займаў ключавыя пасады ў айчынным будаўніцтве і найперш пасаду міністра прамысловага будаўніцтва БССР (з 1955 па 1969 год), лепш за ўсё сведчыць пералік тых знакавых аб’ектаў, якія з’явіліся ў краіне ў першыя дзесяцігоддзі пасля вайны: Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Салігорскі калійны камбінат, Полацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, новыя чэргі Мінскага аўтамабільнага завода і Мінскага трактарнага завода, будынкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і помнік Перамогі на аднайменнай плошчы, вялікая колькасць жылых будынкаў і аб’ектаў сацыяльнай сферы… Будынак па вуліцы Сямашкі, у якім сёння размяшчаецца Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва, быў узведзены ў 1980 годзе таксама пры непасрэдным удзеле І.М.Жыжаля. Данінай пашаны легендзе беларускага будаўніцтва стала прысваенне гэтай установе (тады яшчэ ДПТУ № 52 будаўнікоў) яго імя. У 2014 годзе да 110-годдзя з дня нараджэння славутага будаўніка ў ліцэі была адкрыта мемарыяльная дошка ў яго гонар.

“З першых жа дзён навучання мы расказваем нашым навучэнцам пра Івана Мацвеевіча, знаёмім іх з гэтай унікальнай асобай у нашым музеі “Гісторыя ліцэя”, — адразу ж сказаў мне пры знаёмстве дырэктар МДПЛ № 10 будаўніцтва Анатоль Паўлавіч Непачаловіч. — Яго імя, на самай справе, шмат да чаго абавязвае і нас, педагогаў, і нашых навучэнцаў, а найперш да працавітасці і стараннасці, якія былі ўласцівы самому Івану Мацвеевічу, міністру прамысловага будаўніцтва БССР, Герою Cацыялістычнай Працы, ганароваму грамадзяніну горада Мінска, чалавеку, які і ваяваў, і будаваў… Мы імкнёмся данесці нашым навучэнцам думку, што чалавек можа дасягнуць вельмі многага, калі ў яго ёсць высокія ідэалы, высакародныя мэты, уменні і веды для іх дасягнення”.

Коратка знаёмячы мяне з ліцэем, Анатоль Паўлавіч паведаміў, што сёння ў вучэбным працэсе прафесійнага цыкла тут робіцца стаўка найперш на інтэграваныя прафесіі, што тут рыхтуюць не проста цесляроў ці маляроў, а спецыялістаў, напрыклад, з такімі комплекснымі кваліфікацыямі, як “цясляр, бетоншчык, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў” ці “маляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік”. Ліцэй актыўна супрацоўнічае з кампаніяй “Хенкель Баўтэхнік”, што дазваляе навучэнцам атрымліваць дадатковую адукацыю па сучасных тэхналогіях у будаўніцтве. Яркім сведчаннем высокага ўзроўню падрыхтоўкі кадраў у ліцэі можа лічыцца той факт, што трэцякурснікі ў свой час прымалі ўдзел у рэканструкцыі Вялікага тэатра оперы і балета. Падчас вытворчай практыкі навучэнцы ліцэя ўдзельнічалі ў будаўніцтве “Чыжоўка-Арэны” і “Мінск-Арэны”, у рэканструкцыі Мінскага дзяржаўнага цырка.

“Але ў той жа час мы выдатна разумеем, што будаўнік не павінен быць адарваны ад агульнага развіцця, ад культуры як у вузкім, так і ў шырокім сэнсе гэтага слова, — заўважыў Анатоль Паўлавіч. — На жаль, многія думаюць, што паколькі наш ліцэй з’яўляецца прафесійным ліцэем будаўніцтва, то тут усё зацыкліваецца на адной толькі падрыхтоўцы кадраў. Не, зусім не так! Мы ставім сваёй мэтай падрыхтаваць канкурэнтаздольнага чалавека як у прафесійным, так і ў чыста чалавечым, культурным плане. Чалавека, які быў бы здольны ўспрымаць культуру і сам несці яе ў той працоўны калектыў, у які ён трапіць пасля заканчэння нашай установы адукацыі. На дасягненне гэтых мэт у нас і працуюць творчыя калектывы, найперш вакальныя ансамблі “Братка беларус” і “Вышыванка”, якія прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах і наогул у жыцці ліцэя, музеі “Гісторыя ліцэя” і “Беларуская хатка”, бібліятэка, у якой навучэнцы сустракаюцца з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, ды і ўсе нашы шматлікія культурна-выхаваўчыя мерапрыемствы… “Удзел” — вось ключавое слова ў справе выхавання нашых навучэнцаў. Мы вучым іх менавіта ўдзельнічаць у мерапрыемствах. Самых актыўных заахвочваем прызамі, спецыяльнымі стыпендыямі ад навучэнскага прафсаюза, бо гэта не так і проста — актыўна ўдзельнічаць у нейкай агульнай справе. Але гэта неабходна маладому чалавеку. Неабходна для яго паўнацэннага далейшага жыцця”.

Я ўжо збіраўся развітвацца з Анатолем Паўлавічам, але ён сказаў: “Секундачку пачакайце…” Узняўся з-за стала, падышоў да шафы і дастаў з яе… парадны кіцель ваеннага марака.

“Гэта мой кіцель. Гэта мой гонар. Я сам служыў у ваенна-марскім флоце, а сёння з’яўляюся намеснікам старшыні гарадской арганізацыі Беларускага саюза ваенных маракоў. Наш ліцэй вельмі сябруе з гэтай арганізацыяй. Мы часта ладзім для навучэнцаў сустрэчы з яе членамі. І, ведаеце, калі на такія ўрокі мужнасці ў ліцэй прыходзіць адразу 20—30 прыгожых падцягнутых мужчын у ваенна-марской форме, калі яны пачынаюць расказваць навучэнцам пра службу, пра незлічоныя пройдзеныя мілі неабсяжнага мора, пра мужчынскі доўг перад сваёй радзімай, — бачыш, як загараюцца вочы нашых будучых будаўнікоў. Заўважаеш пасля, як мяняюцца іх паводзіны, адносіны да жыцця, як на вачах яны сталеюць, ператвараючыся ў сапраўдных мужчын. А гэта ж, напэўна, і ёсць галоўнае…”

Два музеі ў адным ліцэі

Аповед пра выхаваўчыя працэсы ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля прадоўжыла намеснік дырэктара ўстановы па выхаваўчай рабоце Любоў Іванаўна Траханава, якая падрабязна расказала пра тое, што было зроблена ў ліцэі ў гэтым кірунку за першае паўгоддзе сёлетняга навучальнага года. Тут варта зазначыць, што ў мінулым годзе МДПЛ № 10 будаўніцтва святкаваў свой 70-ы юбілей і ў сувязі з гэтым, а яшчэ ў сувязі з агульнанацыянальнымі юбілеямі народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 500-годдзем беларускага кнігадрукавання ва ўстанове было праведзена асабліва шмат мерапрыемстваў агульнаразвіццёвага, культуралагічнага кшталту. Зрэшты, мяркуйце самі.

Навучэнцы ліцэя з ліку сяброў аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” прымалі ўдзел у святкаванні 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Была праведзена вялікая работа па зборы і апрацоўцы матэрыялаў адносна тапанімікі Беларусі (фотаздымкі, звесткі з энцыклапедый, электронных рэсурсаў). Лепшыя матэрыялы па вывучэнні сталічнага мікрараёна Малінаўка ўвайшлі ў даследчую работу “Малиновки заслышав голосок…”, якая прыняла ўдзел у конкурсе даследчых работ “Тапанiмiка роднага краю” ў намінацыі “Адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны раён у складзе горада” рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусi i тым ганаруся” і была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. Па выніках конкурсу ў музеі “Беларуская хатка” прайшла канферэнцыя, прысвечаная мікрараёну Малінаўка (яго будаўніцтву, жылому комплексу і станцыі метро).

Навучэнцы, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Нашчадкi”, актыўна ўдзельнічалі ў рабоце савета музея “Гісторыя ліцэя”, праводзілі аглядныя і тэматычныя экскурсіі “Гісторыя аднаго экспаната” і “Наш гонар”. Былі праведзены завочныя экскурсіі па вуліцах Маскоўскага раёна “Іх імёнамі названы вуліцы”, віктарыны “Ці ведаеш ты гісторыю сваёй краіны?”, “Што мы ведаем пра Беларусь?”, інтэлектуальныя гульні “Знайдзі памылку”.

У бібліятэцы ліцэя для розных груп навучэнцаў неаднойчы праводзіліся інфармацыйныя гадзіны “На досвітку кнігадрукавання”, вусныя часопісы “Дзень памяці Ефрасінні Полацкай”, літаратурныя гасцёўні “Вялікі сын Беларусі — Францыск Скарына”, віктарыны “У лабірынтах алфавіта”. У непасрэднай звязцы з уласна бібліятэчнай дзейнасцю шчыравалі ўдзельнікі гуртка “Прэс-цэнтр” — аўтары і рэдактары папулярнай сярод навучэнцаў ліцэйскай газеты “Дойлід”.

Вялікі абсяг выхаваўчай работы ў ліцэі ў мінулым годзе, як і заўсёды, узяў на сябе валанцёрскі атрад “Компас”: дабрачынныя акцыі ў рамках кампаній па зборы канцылярскіх тавараў для дзяцей з сацыяльна-педагагічных цэнтраў “Павінны смяяцца дзеці”, па зборы цёплых рэчаў для бяздомных жывёл “Цёплыя лапы”, калядныя дабрачынныя акцыі.

Дадайце сюды шматлікія мерапрыемствы па прапагандзе спорту і здаровага ладу жыцця (такіх было безліч!), спецыфічны “культмас” у інтэрнаце (месячнік адаптацыі першакурснікаў, выставы кшталту “Мат — не наш фармат”, вечары адпачынку “Асенні рынг”, “Бульбяны бум”, пазнавальна-забаўляльны марафон Ford Semashko street і інш.) — і складзецца дастаткова поўная карцінка пра тое, чым жыве навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля па-за класнай аўдыторыяй і вытворчай майстэрняй.

Дарэчы, яшчэ некалькі слоў пра інтэрнат, дакладней, пра два ліцэйскія музеі, якія размясціліся менавіта ў інтэрнаце, а не ў вучэбным корпусе, што падаецца цалкам лагічным. Гэта сапраўды ўнікальны выпадак, бо не ў кожнай установе прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ёсць хоць бы адзін свой музей, а тут іх ажно два — “Беларуская хатка” (кіраўнік Таццяна Аляксандраўна Сандалава) і “Гісторыя ліцэя” (кіраўнік Тамара Ягораўна Курусёнак), прычым апошні нават мае ганаровае званне “народны”. Мне давялося пабываць у абодвух, і я быў прыемна здзіўлены іх культурай музейнай справы, багаццем і разнастайнасцю экспанатаў.

Музей “Гісторыя ліцэя”, які быў створаны ў 1988 годзе, мае тры асноўныя сэнсавыя акцэнты: куток, прысвечаны Івану Мацвеевічу Жыжалю, экспазіцыю, якая расказвае пра колішняга выпускніка ліцэя, воіна-інтэрнацыяналіста, які загінуў у Афганістане, Дзмітрыя Манкевіча, і раздзел пра блакадны Ленінград. Тут усё аўтэнтычнае — пачынаючы ад медалёў і фотаздымкаў першага міністра прамысловага будаўніцтва БССР, якія ласкава перадала ліцэю яго дачка Галіна Іванаўна, і заканчваючы гітарай і салдацкім рэменем Дзмітрыя Манкевіча, кавалкам блакаднага хлеба і шалем, у які ўхутваліся ленінградскія блакаднікі (ленінградскі раздзел з’явіўся ў музеі дзякуючы сяброўству ліцэя з колішняй блакадніцай Сталінай Цімафееўнай Астроўскай).

Не менш уражвае і музей “Беларуская хатка” (працуе з 2003 года), у якім прадстаўлены экспазіцыі беларускага нацыянальнага адзення, сельскагаспадарчыя прылады працы, прадметы хатняга ўжытку, асноўныя рамёствы беларусаў, фрагменты інтэр’ера сялянскай хаты канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. У музеі створана электронная база матэрыялаў па беларускім фальклоры (лекцыі, сцэнарыі, прэзентацыі). Удзельнікі гуртка “Спадчына”, які дзейнічае пры музеі, прафесійна калядуюць і ў інтэрнаце, і на педсавеце, і нават у музеі беларускай архітэктуры і побыту…

…Тым часам, пакуль я аглядаў музейныя экспазіцыі ў інтэрнаце, недзе ў вучэбным корпусе мяне ўжо чакалі пасля заняткаў гарэзлівыя “Браткі беларусы” і іх кіраўнік Вольга Анатольеўна Конава.

Прафесійна і інтуітыўна

Першую хормайстарскую адукацыю Вольга Анатольеўна атрымала ў Мінскім вучылішчы мастацтваў (сённяшнім Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў), дзе свет беларускай музыкі ёй адкрыла любімая выкладчыца хормайстар Ларыса Яўгенаўна Кузьміч.

Навучэнкай каледжа яна прыйшла ў тады яшчэ ПТВ № 52, дзе і стварыла вакальны хлапчуковы ансамбль “Братка беларус” і адразу пачала эксперыментаваць у плане апрацовак беларускіх народных песень. Яе першымі вучнямі фактычна былі яе ж равеснікі. Тым не менш поспех не прымусіў сябе доўга чакаць, і “Братка беларус” ужо ў самым першым сваім складзе ў 1999 годзе стаў дыпламантам сталічнага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “Юнацтва”. Назву калектыву “Братка беларус” дала аднайменная народная песня, інтэрпрэтаваная ў фірменным стылі Вольгі Анатольеўны. Той поспех акрыліў. Вольга Конава прадоўжыла свае музычныя эксперыменты з “Браткам беларусам”, усё больш выразна акцэнтуючы сучасны падыход да народнага мастацтва, падачу яго ў новым фармаце, даступным маладому выканаўцу і слухачу. Станаўленне калектыву ішло паралельна са станаўленнем самой Вольгі Анатольеўны як музыканта і педагога. Пасля заканчэння вучылішча яна прадоўжыла вучобу на музычна-педагагічным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута (БДПУ імя Максіма Танка) па спецыяльнасці “Настаўнік музыкі”. І ў інстытуце ў яе таксама была любімая выкладчыца, якая вяла яе на працягу пяці гадоў вучобы, — педагог па фартэпіяна Людміла Сяргееўна Бяляева.

Тым часам у рэпертуары ансамбля “Братка беларус” з’яўляліся ўсё новыя і новыя нумары: “Сказаў як звязаў”, “Сам не ведаю”, “Беларускае папуры” і інш., у якіх арыгінальна сінтэзаваліся вакальна-харавое і народна-інструментальнае мастацтва, народны тэатр і харэаграфія, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. “Браткі беларусы” не абмяжоўваліся выкананнем песень, а ўдзельнічалі таксама ў пастаноўках народных абрадаў (“Каляды”, “Масленіца”, “Жаніцьба Цярэшкі”), паказвалі сцэнкі з народнага жыцця. Па сутнасці, ансамбль паступова ператвараўся ў адмысловую творчую інавацыйную лабараторыю. Невыпадкова ў свой час з праектам такой лабараторыі Вольга Анатольеўна нават удзельнічала ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі” нароўні з іншымі канкурсантамі, якія прэзентавалі пераважна тэхналагічныя распрацоўкі.

На леташнім Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” вакальны ансамбль “Братка беларус” перамог з жартоўнай музычна-тэатралізаванай кампазіцыяй “Лайдакі”. Хлопцы стварылі незабыўны сцэнічны вобраз маладога сялянскага гультая, міма якога праходзіць сапраўднае жыццё з усімі радасцямі і адкрыццямі. Заканчваецца кампазіцыя тым, што прыгожая дзяўчына кліча лайдакоў на вечарынку, але ж яны настолькі лайдакі, што нават гэта ім у ляноту. І тая выбірае сабе іншага хлопца — працавітага і стараннага… У праекцыі на сучаснасць там выразна адчуваўся і пасыл сённяшняй моладзі: “Адарвіцеся ўсё ж на хвілінку ад сваіх гаджэтаў! Жыццё намнога больш цікавае і прыгожае, чым на экране вашага смартфона. Трэба вучыцца, трэба працаваць, трэба спазнаваць рэальнае жыццё — і тады вы адчуеце сябе па-сапраўднаму шчаслівымі людзьмі”.

Карыстаючыся нашым улюбёным прыёмам у рубрыцы “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, працытуем асобныя выказванні Вольгі Анатольеўны Конавай, якія, здаецца, у поўнай меры адлюстроўваюць яе творчыя і метадычныя прыёмы і прынцыпы, жыццёвыя, філасофскія ўстаноўкі.

“Натуральна, калі сёння проста пачаць гаварыць маладым людзям, маўляў, трэба любіць беларускую народную песню за яе прыгажосць, мілагучнасць і г.д., яны цябе нават не будуць слухаць. Але калі яны чуюць гэтую ж песню менавіта ў сучасным фармаце, у іх узнікае зусім іншае стаўленне да яе. Яна становіцца ім блізкай і даступнай. І ўжо тады яна пачынае захапляць іх сваёй першапачатковай праўдзівасцю, а не сакрэт жа, што няма нічога больш праўдзівага ў музыцы, чым народная песня. Трэба проста данесці яе сучаснаму маладому чалавеку”.

“Я заўсёды гавару навучэнцам, што беларуская народная песня — гэта фізіялогія. Яна сама пакладзецца на голас так, што яе будзе зручна спяваць, а яшчэ зручней вучыцца на ёй спяваць, рабіць першыя крокі ў песенным мастацтве. Займацца гэтым з шаснаццацігадовымі хлопцамі нялёгка, тым больш мала ў каго з іх ёсць наогул хоць які-небудзь музычны вопыт, калі яны прыходзяць на першым курсе да нас вучыцца. Тым не менш яны, быццам немаўляты, робяць гэтыя першыя крокі, а ўжо да другога, трэцяга курса пачынаюць упэўнена хадзіць. Беларуская народная песня — гэта тое, што доктар прапісаў кожнаму, хто хоча навучыцца спяваць”.

“У нашым ансамблі мы робім стаўку не на сольнае, а менавіта на калектыўнае выкананне. Гэта, акрамя ўсяго, дазваляе яднаць калектыў, што вельмі важна і для мяне як кіраўніка, і для навучэнцаў, якія пачынаюць лепш разумець і адчуваць адно аднаго, працаваць менавіта ў сутворчасці адно з адным і са сваім кіраўніком”.

“Канцэртная дзейнасць — адна з самых неабходных умоў для развіцця калектыву. Яна дазваляе ўдзельнікам ансамбля пашырыць кругагляд, кола кантактавання з іншымі людзьмі, акунуцца ў цікавае, да гэтага ім невядомае асяроддзе творчасці і пазітыву. І дзякуй богу, тут, у ліцэі, нам не даюць засумаваць: даводзіцца выступаць на самых розных пляцоўках, перад рознымі аўдыторыямі. Калі ж гаворка заходзіць пра выступленні на сур’ёзных конкурсах кшталту “АРТ-вакацый”, яны ўжо самі пачынаюць “бегаць” за мной: што мы будзем спяваць, якія на гэты раз будуць аранжыроўкі, у якіх касцюмах будзем выступаць… Дарэчы, мы ж спяваем не толькі народнае, але і рэтраэстраду тыпу “Сіняй птушкі”, і песні сучасных беларускіх кампазітараў, і многае іншае. Але, што тычыцца сур’ёзных конкурсаў, яны ўжо ведаюць, што на іх якраз вельмі цэняцца народныя песні ў арыгінальных апрацоўках, і з нецярплівасцю чакаюць чарговага цуду менавіта ад народнай песні”.

“Апрацоўкамі я займаюся выключна сама. На сінтэзатары. Ідэі прыходзяць па-рознаму: часам інтуітыўна, іншым разам успамінаюцца нейкія напрацоўкі яшчэ з гадоў маёй вучобы ў каледжы і потым па-новаму інтэпрэтуюцца. Калі прыступаю да нейкай новай тэмы, абавязкова ўлічваю асаблівасці маіх сённяшніх канкрэтных выканаўцаў. Склад жа кожны год абнаўляецца (дзеці вучацца тут толькі тры гады). І тут на першы план выходзіць адаптацыя той ці іншай народнай песні. Часам даводзіцца дадумваць нават тэкст. Не ведаю, наколькі гэта правільна ў дачыненні да фальклору, але я іду на такое толькі з добрых намераў — каб твор прагучаў і хлопцам было лёгка і цікава яго выконваць”.

“Мы не баімся і радыкальных эксперыментаў, напрыклад, з тымі ж рэпаўскімі ўстаўкамі ў народную песню. Навучэнцы самі мне прапаноўваюць падобныя рэчы — у гэтым выпадку яны адназначна становяцца маімі сутворцамі”.

“З кампазіцыяй “Лайдакі” я адразу зразумела: гэта тое, што спадабаецца навучэнцам, што з’яднае наш калектыў. У выніку атрымалася маштабнае калектыўнае дзейства з выхадам на сцэну дзяўчынак, навучэнак ліцэя, нават дзіцяці (гэта мой маленькі сынок, ён выконваў гэтакую антуражную ролю)”.

“Я думаю, што ўсе гэтыя гады мне вельмі шанцуе з хлопцамі. Я нават не прыгадаю такога навучэнца, які б наведваў калектыў і потым раптам кінуў яго. Хаця… што значыць шанцуе? Гэта проста праца, сістэматычная праца з іх боку, з майго боку. Практычна штодзённая праца. Як прафесіянал я ўжо вызначыла для сябе: трэба недзе два-тры месяцы, каб калектыў пачаў гучаць як ансамбль”.

“Кіраўнік любога творчага калектыву ведае, як важна мець падтрымку з боку кіраўніцтва ўстановы адукацыі. Няма гэтай падтрымкі — няма калектыву. І я вельмі ўдзячна дырэктару нашага ліцэя Анатолю Паўлавічу Непачаловічу, дзякуючы якому мы тут маем трывалую матэрыяльна-тэхнічную базу, касцюмы, інструменты; нашаму анёлу-ахоўніку — намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Любові Іванаўне Траханавай, з якой хутка і лёгка вырашаюцца ўсе арганізацыйныя пытанні. У нас ёсць час на творчасць. Нам не трэба растрачваць сябе на розныя іншыя, не звязаныя з творчасцю, моманты”.

“Мне падабаецца тое, чым я займаюся. Мне падабаецца бачыць вынікі маёй работы, прычым вынікі не толькі ў дыпломах (хаця гэта і вельмі важна), але найперш у творчым росце маіх выхаванцаў. Я памятаю кожнага свайго выпускніка. Са многімі падтрымліваю сувязь. Радуюся іх поспехам”.

Замест заключэння

Пасля гутаркі з Вольгай Анатольеўнай я крыху яшчэ паразмаўляў з хлопцамі з “Браткі беларуса” — сённяшнімі першакурснікамі і другакурснікамі ліцэя Дзімам Губіцкім, Дзімам Казаковым, Максімам Макасеем, Сяргеем Лісавым, Аляксеем Чарапком. Задаваў кожнаму з іх прыблізна адны і тыя ж пытанні: “Чаму вам падабаецца займацца ў ансамблі?”, “Якія якасці вы найбольш цэніце ў сваім кіраўніку?”, “Ці маглі б прыгадаць які-небудзь выпадак, што найбольш запомніўся вам з жыцця калектыву?”, “Ці маглі б успомніць якую-небудзь каронную фразу Вольгі Анатольеўны, словы, якія прымушаюць вас засяродзіцца на рэпетыцыях, настроіцца на сур’ёзны лад?” і інш.

Чуў ад хлопцаў розныя адказы: “Я вельмі люблю Вольгу Анатольеўну за яе дабрыню, здольнасць заўсёды цябе зразумець, увайсці ў тваю жыццёвую сітуацыю”; “Вольга Анатольеўна стварыла мяне, можна сказаць, з чыстага аркуша. Раней я наогул зусім не ўмеў спяваць, але яна доўга цярпела мае няправільныя ноты і ўсё-такі змагла накіраваць мяне ў правільнае рэчышча — і я дасягнуў добрых вынікаў”; “Вольга Анатольеўна любіць нас, як сваіх родных дзяцей”; “Мне сапраўды падабаецца займацца ў ансамблі, падабаецца спяваць народныя песні, асабліва ў аранжыроўках Вольгі Анатольеўны. Калі яна хоча на рэпетыцыях нас настроіць на сур’ёзны лад, то проста кажа: “Вы будзеце дрэнна выглядаць на сцэне, калі добра не папрацуеце зараз”. А хто хоча дрэнна выглядаць на сцэне? І мы працуем”; “Для мяне займацца ў ансамблі “Братка беларус” і спяваць беларускія народныя песні – гэта сапраўдны драйв”.

Хлопцы ўжо стаялі ў дзвярах і збіраліся выходзіць, як Аляксей Чарапок запыніўся і звярнуўся да мяне: “Вы пыталіся пра каронную фразу Вольгі Анатольеўны. А можна я скажу сваю каронную фразу?”

— Ну давай. Канечне!

— У нас усё будзе эпічна!

— Эпічна?..

— Так, эпічна.

— А што гэта значыць? — нібыта не сцяміў я.

— Ну як што? Крута, грандыёзна… Ну эпічна — і ўсё тут!

Калі хлопцы з “Браткі беларуса” сышлі, я яшчэ застаўся на пару хвілінак з Вольгай Анатольеўнай, пакуль на флэшку перакідваліся фотаздымкі з ліцэйскага архіва.

“Ведаеце, мне заўсёды робіцца вельмі сумна толькі ў адзін момант — калі яны, адвучыўшыся тут тры гады, вымушаны сыходзіць. Ты з імі роднішся, ты становішся ім сапраўды як маці — а яны сыходзяць… З іншага боку, вельмі радуе, што ёсць тыя, хто не перастае прыходзіць да мяне і пасля заканчэння ліцэя, хто вырашае звязаць сваё далейшае навучанне і прафесійную дзейнасць з музычнай народнай творчасцю. Азіраючыся назад, на ўсе амаль 20 гадоў маёй працы тут, я разумею, што ўсё-такі многа зрабіла. Я навучыла ліцэістаў рабіць нешта ўпершыню і рабіць гэта цікава. Я навучыла многіх з іх быць больш упэўненымі ў сабе, больш ініцыятыўнымі і разняволенымі, нацэленымі на дасягненне высокіх вынікаў у розных сферах. Я зрабіла іх, так бы мовіць, больш эластычнымі… І я ўпэўнена, што архітэктура, усё тое, што яны пабудуюць у сваёй будучыні, будзе гучаць для іх як музыка. Гэта ж і сапраўды — эпічна!”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва
Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля.