Усё для дзяцей, дзеля іх

- 11:28Людзі адукацыі

Больш за 25 гадоў Ельскай дапаможнай школай-інтэрнатам, што на Гомельшчыне, кіруе Педагог з вялікай літары, мэтанакіраваны, рашучы арганізатар Якаў Дзмітрыевіч Ліпскі.

Свой працоўны шлях Якаў Дзмітрыевіч пачаў яшчэ юнаком. Працаваў у сельскай гаспадарцы, нядрэннай атрымлівалася кар’ера па партыйнай лініі. Але лёс склаўся так, што 14 чэрвеня 1993 года Якаў Дзмітрыевіч узначаліў калектыў Ельскай дапаможнай школы-інтэрната.

У тыя гады няпроста было кіраўніку стварыць трывалы падмурак для навучання і выхавання дзяцей не за бюджэтныя сродкі. Прыйшлося ўзяць у арэнду зямлю, трымаць падсобную гаспадарку. Потым з’явіўся трактар МТЗ, аўтамабілі для падвозу дзяцей і прадуктаў харчавання. Цяпер гэта ўстанова з моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. За гады кіраўніцтва Якаў Дзмітрыевіч імкнуўся трымаць сваю школу і калектыў на высокім узроўні. За якую б справу ён ні браўся — даводзіў яе да канца, паказваючы пры гэтым камунікатыўнасць, сілу пераканання. Ён заўсёды выклікаў прыхільнасць да сябе, ніколі не заставаўся ў роспачы, мэтанакіравана ішоў да пастаўленай задачы. А наперадзе былі ўсё новыя і новыя ідэі…

Я.Д.Ліпскі адзін з першых атрымаў спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага. На сённяшні час больш за палову педагогаў установы маюць вышэйшую катэгорыю. Гэта дастаткова кваліфікаваны калектыў, які працуе згодна з сучаснымі патрабаваннямі ў галіне спецыяльнай адукацыі. Школа-інтэрнат ужо шмат гадоў з’яўляецца лабараторыяй па рэцэнзаванні і аналізе падручнікаў для дапаможнай школы. Гэта адзіная ў краіне дапаможная школа, заняткі ў якой праводзяць на беларускай мове.

Пад кіраўніцтвам Якава Дзмітрыевіча педагагічны і дзіцячы калектывы станавіліся пераможцамі ў спаборніцтвах і конкурсах раённага, абласнога ўзроўню. Самая значная перамога — дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі ў намінацыі “Лепшая дапаможная школа-інтэрнат” у 2014 годзе.

Наш дырэктар — чалавек адкрытай душы, шчыры, неабыякавы да людзей. Праблемы сваіх навучэнцаў, работнікаў успрымае як свае асабістыя. Я.Д.Ліпскі даў пуцёўку ў жыццё не аднаму выпускніку і зараз нікому не адмаўляе ў дапамозе. На сёння зроблена многае, каб функцыянавалі на базе школы 11—12 класы паглыбленай сацыяльна-прафесійнай падрыхтоўкі, дзе юнакі і дзяўчаты асвойваюць рабочыя спецыяльнасці з прысваеннем разраду. Гэта дазваляе ім сацыялізавацца ў грамадстве, працаўладкоўвацца і мець права на паўнавартаснае жыццё.

Якава Ліпскага, якому заўсёды трэба вырашаць фінансавыя, гаспадарчыя пытанні, вельмі цяжка застаць у рабочым кабінеце. У любое надвор’е ён разам з навучэнцамі стварае прыгажосць на прышкольнай тэрыторыі, шчыруе на агародзе. Яго намаганнямі пасаджаны малады сад, узведзена цяпліца, па перыметры тэрыторыі красуецца вінаграднік, шмат садавінна-ягадных кустоў — усё для дзяцей, дзеля іх. Дырэктар вучыць сваіх выхаванцаў працаваць на зямлі, з’яўляецца для іх асабістым прыкладам. У вольны час, зноў жа разам з дзецьмі, наведвае спартыўную залу.

За гады свайго дырэктарства Якаў Дзмітрыевіч атрымаў шмат узнагарод, грамат раённага аддзела адукацыі, райвыканкама, абласнога ўпраўлення адукацыі, Міністэрства адукацыі. Яго імя было занесена на раённую Дошку гонару, ён выдатнік адукацыі, у намінацыі “Сэрцам адданы роднаму краю” адзначаны ў кнізе “Абласны педагагічны алімп”. Але галоўная яго ўзнагарода — гэта любоў дзяцей, удзячнасць, павага людзей, якіх ён згуртаваў вакол сябе, зрабіў сваімі аднадумцамі.

Галіна ШЭЦКА,
выхавальніца Ельскай дапаможнай школы-інтэрната.