У Дрыбінскім раёне шукаюць розныя шляхі матывацыі вучняў да атрымання ведаў, стымулявання да паспяховай вучобы. Новай формай работы ў гэтым кірунку стала стварэнне творчай групы настаўнікаў “Вяршыні майстэрства”.
У аб’яднанне, якое ўзнікла тры гады назад па ініцыятыве раённага вучэбна-метадычнага кабінета, увайшлі лепшыя дрыбінскія педагогі.
— Склад творчай групы — гэта сапраўдныя прафесіяналы, настаўнікі, якія ўмеюць і захапіць навучэнцаў, і дапамагчы раскрыцца іх здольнасцям. Каардыную работу аб’яднання я, — расказвае загадчыца РВМК Любоў Тарасенка, — а ўваходзяць у яго склад настаўніца біялогіі і геаграфіі Бельскага ВПК Святлана Дзмітрыеўна Бялова, настаўніца пачатковых класаў Валянціна Фёдараўна Шляева і настаўніца англійскай мовы Ірына Юр’еўна Бандарэнка з Міхееўскай сярэдняй школы, настаўніца выяўленчага мастацтва і чарчэння Раснянскай сярэдняй школы Ганна Валянцінаўна Агурцова, настаўніца матэматыкі Вольга Валянцінаўна Лаўрэнава і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына Рыгораўна Шавялькова з Пудаўнянскай сярэдняй школы.
Пры аб’яднанні “Вяршыні майстэрства” функцыянуе спецыяльная дыстанцыйная школа “Поспех”. З мэтай прыцягнення да заняткаў у ёй дзяцей з устаноў адукацыі па ўсім раёне педагогі творчай групы разам са сваімі вучнямі, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў, наведалі ўсе школы Дрыбіншчыны.
— Падчас такіх сустрэч перад вучнямі выступалі не толькі настаўнікі, але і навучэнцы. Пераможцы розных этапаў алімпіяд, конкурсаў даследчых работ расказвалі аднагодкам, якім чынам яны дасягнулі тых ці іншых вышынь у вучобе. У ходзе гутарак увага вучнёўскіх калектываў акцэнтавалася і на тым, што для дасягнення поспеху неабходна старанна працаваць над сабой. Немалаважным з’яўляецца і паразуменне з настаўнікам, слушная парада якога дапаможа рухацца ў правільным кірунку, — падкрэсліла Любоў Васільеўна.
Вынікам выязных сустрэч стала папаўненне дыстанцыйнай школы. Многія выказалі жаданне атрымаць дадатковую дапамогу ў навучанні. Магчымасці дыстанцыйнай школы дазваляюць педагогам групы “Вяршыні майстэрства” працаваць з навучэнцамі ў індывідуальным парадку, такім чынам ствараючы сітуацыі поспеху кожнаму высокаматываванаму школьніку. На думку кіраўніцтва РВМК, такі падыход паспрыяе выяўленню і раскрыццю юных дрыбінскіх талентаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.