Усё пачынаецца з кахання

“Усё пачынаецца з кахання: і азарэнне, і праца, вочы кветак, вочы дзіцяці — усе пачынаецца з кахання…”. Пад такім дэвізам прайшла класная гадзіна ў 4 класе Клайшанскай базавай школе напярэдадні Дня закаханых, які святкуюць 14 лютага.

Многія скажуць, што каханне — не тэма для вучняў 4 класа, але ж кожнаму чалавеку дадзены бясцэнны дар — любіць. І кожны чалавек гэта пачуццё разумее па-свойму. Вось і чацвёртакласнікі паспрабавалі разабрацца. Большасць дзяцей, напэўна, з-заўзросту звязалі запаветнае пачуццё з мамай. Бо ад гэтай любові нараджаецца ўсё цудоўнае на свеце: дабрыня, радасць, шчасце, імкненне заўсёды дапамагчы. Маміны рукі, яе ўсмешка, пяшчота, песні і казкі — гэта ж першае ўяўленне пра свет. Дзеці ведаюць, што мама заўсёды зразумее, даруе, абароніць, дапаможа. Яна першая пачуе сэрцам і душой, калі яе дзіцяці дрэнна. Боль дзіцяці паліць яшчэ мацней, чым свой. У выніку разваг дзяўчынкі і хлопцы прыйшлі да высновы, што паміж маці і дзіцем працягнуты нейкія таемныя нябачныя ніткі, дзякуючы якім кожнае ўзрушэнне ў душы дзіцяці болем аддаецца ў сэрца маці і кожная ўдача адчуваецца як уласная радасная падзея.

Некаторыя завастрылі ўвагу на любові да Радзімы. Паспрабавалі растлумачыць свае пачуцці і прыйшлі да высновы, што такая любоў дакладна ёсць. А менавіта да краіны, дзе нарадзіліся і спачываюць іх продкі. І штосьці невымоўнае звязвае іх з родам, а значыць, з радзімай. Вось, напэўна, таму і любяць яе той любоўю, якую цяжка растлумачыць: бачаць усе яе недахопы і ўсё роўна любяць.

Была названа і любоў да сяброў, любоў да Бога, да прыроды. А таксама дзеці не забыліся і пра любоў да процілеглага полу. Так, вядома, кожнаму хлопчыку класа падабаецца нейкая дзяўчынка, і яны сваім маленькім сэрцам спрабуюць яе любіць — тузануць за коску, паднесці партфель. Каханнедля іх — казка, і заўсёды са шчаслівым канцом. І нам, дарослым,хочацца верыць, што так і будзе.

Класная гадзіна скончылася словамі С. Надсана “Вер у вялікую сілу кахання”. Хайдзеці яшчэ маленькія, але вераць у чароўную сілу, вераць, што каханне — самае выдатнае пачуццё на зямлі!

Хрысціна ІОДКА,
настаўніца пачатковых класаў.