Усё пачынаецца з казкі

Казка — неразлучны спадарожнік дзяцінства. Яна ўваходзіць у жыццё дзіцяці з самага ранняга ўзросту, суправаджае на працягу ўсяго дзяцінства і застаецца з чалавекам на ўсё жыццё. З казкі пачынаецца яго знаёмства са светам літаратуры, са светам чалавечых узаемаадносін і з усім навакольным светам увогуле.

Найбольш эфектыўны шлях засваення маральных якасцей — праз казку, якая ў малодшым школьным узросце зробіць даступным і зразумелым для дзіцячага ўспрымання шэраг маральных норм і правіл, якасцей, учынкаў. Сціплае дзіця, магчыма, упершыню паспрабуе стаць смелым, агрэсіўнае — добрым, несабранае — акуратным. У казках знаходзяць адлюстраванне тыя якасці і адносіны, якія знаёмы і зразумелы дзецям: адносіны да людзей (добры — злы, павага — ганарыстасць), стаўленне да працы (працавіты — гультай), стаўленне да рэчаў (акуратны — неахайны, шчодры — прагны), праўдзівасць (праўдзівы — хлуслівы).

Менавіта казка адкрывае дзецям свет ведаў, праз казачныя элементы педагог можа знайсці шлях у сферу эмоцый дзіцяці. Правільна арганізаваная работа ў гэтым напрамку садзейнічае:

* далучэнню дзяцей да вытокаў роднай культуры пры дапамозе ўвядзення іх у духоўны свет народнай і аўтарскай казкі;

* выхаванню ў дзяцей любові да культурнай спадчыны свайго народа, працавітасці, паслухмянасці і павагі да бацькоў і блізкіх людзей, цярплівасці, дабрачыннасці, умення саступаць, дапамагаць адно аднаму і з удзячнасцю прымаць дапамогу;

* развіццю ў дзяцей сацыяльных навыкаў, такіх як таварыскасць, прыязнасць, патрэба радаваць блізкіх сваякоў вынікамі сваёй працы, здольнасць адрозніваць добрае ад дрэннага ў казцы і ў жыцці, уменне рабіць маральны выбар, пераймаць станоўчыя рысы ў герояў казак, бачыць, цаніць і захоўваць прыгажосць роднага краю, умець разважаць, весці дыялог, размову, абагульняць, садзейнічаць развіццю мовы дзяцей.

Казка знаёміць дзяцей з маральнымі нормамі, законамі жыцця і вучыць жыць па гэтых законах. У кожнай казцы заключаны глыбокі сэнс, любая казка вучыць дабрыні, праўдзівасці, справядлівасці, узаемаразуменню, спагадзе. Маральныя паняцці, ярка прадстаўленыя ў вобразах герояў, замацоўваюцца ў рэальным жыцці і ўзаемаадносінах з блізкімі людзьмі, ператвараючыся ў маральныя эталоны, якімі рэгулююцца жаданні і ўчынкі дзіцяці.

У гэтым навучальным годзе вучні 3-х класаў атрымалі новы падручнік па літаратурным чытанні (1 частка), які ім вельмі спадабаўся і мне як педагогу дае вялікую магчы-масць для выхаваўчага ўздзеяння на дзяцей. З казкай неабходна працаваць. Гэтая работа ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні “дзіця — настаўнік” і пачынаецца з аналізу і абмеркавання. Я прапрацоўваю з вучнямі казачныя сюжэты, звязваю іх з жыццёвымі сітуацыямі, потым ідзе абыгрыванне сюжэта, маляванне, драматызацыя — працэс тэатралізацыі. Для развіцця маўлення выкарыстоўваю розныя віды пераказу. Дзецям вельмі падабаецца пераказ па карцінным плане, які яны рыхтуюць самі. Таксама ў сваёй рабоце прымяняю тэсты, прэзентацыі, якія дапамагаюць маім вучням быць больш уважлівымі, звяртаць увагу на дробныя дэталі твора, што садзейнічае развіццю памяці. Складанне ўласных казак развівае творчае ўяўленне.

Казкі — гэта лепшы спосаб прывіць дзіцяці добрыя рысы характару, навучыць этыкету і правілам бяспекі без натацый. Цікавую гісторыю дзеці гатовы слухаць заўсёды. Задумваючыся над гісторыямі не пра абстрактных персанажаў, а менавіта пра сябе, дзіця праецыруе на сябе станоўчыя якасці герояў і на простых прыкладах бачыць, чаму дабрыня, воля і кемлівасць важныя ў жыцці.

Святлана СОЛАДАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Магілёва.