Усё пачынаецца з нас!

- 13:23Партфоліа

Чарговая сустрэча клуба пінскіх педагогаў “Перспектыва” пад кіраўніцтвам Алены Данілішынай адбылася на турыстычнай базе “Белае возера” Брэсцкага раёна.

Адзін з кірункаў дзейнасці клуба — метадычнае суправаджэнне маладых педагогаў. У складзе клуба настаўнікі-метадысты, лаўрэаты і пераможцы розных этапаў конкурсу  “Настаўнік года”. Выязное пасяджэнне гэтым разам пачалося з наведвання музея “Форт № 5” мемарыяльнага комплексу “Брэс­цкая крэпасць-герой”, дзе ўдзельнікі азнаёміліся з гісторыяй фартыфікацыі на землях Беларусі на прыкла­дзе Брэст-Літоўскай крэпасці і форта № 5, іх ролі ў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах.

Праграма пасяджэння клуба “Перспектыва”, разлічаная на два дні, была насычана метадычнымі мерапрыемствамі, трэнінгамі, майстар-класамі, педагагічнымі гульнямі, спартыўна-аздараўленчымі конкурсамі, рэфлексіўнымі планёркамі. Члены клуба паспяхова правялі для маладых педагогаў “Педагагічную зарнічку”, якая ўключала наведванне 5 станцый. Так, на станцыі № 1 “Выхаванне NONSTOP” адбылося знаёмства з тэхнікамі візуалізацыі (скрайбінг, логіка-сэнсавая мадэль, інтэлект-карта) і іх рэалізацыяй, раскрываўся сэнс і змест выхавання ў сучаснай школе. На станцыі № 2 “Педагагічны квіз” трэба было выка­наць тэст “Нарматыўна-прававая база”, паў­дзельнічаць у вусным бліцапытанні па тэме “Сучасны настаўнік”, растлумачыць нарматыўныя тэрміны, паняцці, разгадаць крыжаванку. “QR-лато” — назва станцыі № 3. Праз QR-код педагогі пераходзілі на назву кірунку выхаваўчай работы, выцягвалі з мяшочка тлумачэнне розных тэрмінаў, суадносілі іх з прапанаваным паняццем. Заданне выяўляла выхаваўчыя кампетэнцыі маладых настаўнікаў, веданне праграмы бесперапыннага выхавання на 2021—2025 гады. Станцыя № 4 “Лепшае педагагічнае рашэнне” прадугледжвала рашэнне рэальных педагагічных кейсаў з дапамогай Кодэкса аб адукацыі, каляровых алоўкаў, казак Андэрсена, аптэчкі, акуляраў, птушынай кармушкі і інш. Трэба было пра­явіць кемлі­васць і знаходлівасць, прапана­ваць педагагічнае рашэнне праблемы. На станцыі № 5 “Ту­нэль ідэй” педагогі пралазілі праз гульнявы ту­нэль з перашкодамі, пры выха­дзе з якога называлі нестандартную форму правядзення класнай ці інфармацыйнай га­дзіны, давалі яе апісанне і рэкламу. 

Маладыя педагогі выконвалі заданні на пераходах, якія звязвалі паміж сабой станцыі. Так, удзельнікам рознымі спосабамі звязвалі ногі, аб’ядноўваючы ў пары, і яны дамаўляліся аб спосабе праходу ад пункта А да пункта Б. Або ўсе павінны былі, не выпускаючы вяроўкі з рук, завязаць марскі вузел, каб прышвартаваць свой педагагічны карабель. Педагогі выстройваліся ў шарэнгу, завязвалі вочы, і толькі адзін чалавек мог вывесці каманду да неабходнага пункта, бо яго вочы не былі завязаны. Педагогі кідалі тэнісныя мячыкі ў вядро, называючы праблему, з якой сутыкнуліся ў пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці. Працаваў строгі таймінг, затрымка на станцыях ці пераходах пагражала стратай заробленых балаў. Такія гульні дапамагаюць будаваць камандную работу, выпрацоўваць навыкі тымбілдзінгу. 

Падчас “Педагагічных манёўраў” прайшлі майстар-класы вопытных удзельнікаў клуба “Перспектыва” або настаўнікаў-ментараў. Падчас майстар-класа “Нітка Арыядны”, які правялі кіраўнік клуба “Перспектыва” А.У.Данілішына і яе калега А.І.Ранцэвіч, удзельнікі называлі праблемы першага года работы ў школе і намотвалі на палец нітку, пакуль не атрымалася павуціна праблем. Іх абмяркоўвалі і знаходзілі разумнае выйсце. У якасці падказкі маладыя педагогі атрымалі буклеты-памяткі. На майстар-класе “Зарадка для розуму” настаўніка-метадыста намесніка дырэктара гімназіі № 3 Пінска В.Б.Атліванавай і намесніка дырэктара сярэдняй школы № 15 Пінска С.А.Невяровіч гаварылася пра важнасць балансу левага і правага паўшар’яў мозга, выконваліся кінезеалагічныя практыкаванні для развіцця разумовых здольнасцей, эмацыянальнага інтэлекту і фізічнага здароўя. “Друдламанія” — майстар-клас настаўніка-метадыста намесніка дырэктара сярэдняй школы № 9 Пінска Т.С.Вайтовіч, дзе маладыя педагогі склалі маршруты выхавання школьніка, выкарыстоўваючы друдлы (незакончаныя карцінкі, якія трэба даду­маць ці дамаля­ваць), прэзентавалі маршруты і мадэль выхаванага выпускніка. Падчас майстар-класа “Музей у мініяцюры: выхаваўчы патэнцыял” настаўніца сярэдняй школы № 16 Пінска І.В.Дубоўская прэзентавала свой праект музея “Хата палешука” як узор па ўвасабленні рэгіянальнага кампанента ў школьнай праграме па вучэбным прадмеце “Мастацтва”. З гатовых экспанатаў кейса педагогі стваралі экспазіцыю або самі выраблялі мадэль экспаната музея (ручнік, палавік і інш.), абаранялі праект і растлумачвалі, як яго можна выкарыстаць на іншых уроках, рэалізуючы прынцып міжпрадметных сувязей. “Візуалізацыя? Візуалізацыя!” — майстар-клас настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 15 Пінска М.М.Некрашэвіча, на якім абмяркоўваліся адрозненні нагляднасці ад візуалізацыі. 

Першы дзень работы завяршыўся сустрэчай каля вогнішча, дзе каманды маладых педагогаў выканалі заданні КТС (калектыўная творчая справа). Песні, гульні, заданні, танцы, вершы, спевы пад гітару падарылі цудоўны настрой. 

Наступны дзень пачаўся з зарадкі на танцавальнай пляцоўцы, рытуальнага абходу вакол шматвяковага дуба і чытання жартоўнага заклёну на творчую работу. Прайшоў эксп­рэс-семінар “Праект як увасабленне мары”, на якім маладыя педагогі азнаёміліся з асноўнымі патрабаваннямі да напісання праектаў і распрацавалі адукацыйныя праекты пад агульнай тэмай “Дарогай дабра”. Ментары прапанавалі метадычныя крокі работы над праектам: крок 1 — вызначэнне тэмы, ідэі, аналіз вызначанай праблемы, якая патрабуе вырашэння; крок 2 — пастаноўка мэты праекта; крок 3 — фармулёўка задач праекта, гэта канктрэтныя крокі да дасягнення мэты; крок 4 — складанне плана дзеянняў выканання канкрэтных работ па рэалізацыі задуманага; крок 5 — апісанне атрыманых вынікаў у суадносінах з задачамі створанага праекта; крок 6 — падрыхтоўка да пітча (вусная візуальная прэзентацыя з мэтай прыцягнення аднадумцаў), абарона праекта.

Абарона праектаў “Мы разам: школа і сям’я”, “Віртуальны мультымузей “Дзяцінства”, “Студыя “Амплуа”, “Клуб шчаслівых людзей”, “Рука дапамогі” прайшла пад кронай дубоў і пільнымі поглядамі ментараў. Інтэграцыйныя танцы і рэфлексіўны трэнінг дазволілі ўдзельнікам і агранізатарам сустрэчы на прыродзе атрымаць зарад энергіі, бадзёрасці, натхнення на будучую педагагічную дзейнасць. 

На беразе возера Белага мары сапраўды нараджаліся і здзяйсняліся. На тэрыторыі турыстычнай базы панавала атмасфера творчага захаплення, інтэлектуальнага напружання, фізічнага ўздыму, душэўнага аб’яднання, сяброўскай падтрымкі, жывой цікаўнасці, садружнасці педагагічных пакаленняў. І нават дарога дадому прайшла ў форме рэфлексіўнай планёркі. Маладыя і вопытныя настаўнікі дзяліліся ўражаннямі і эмоцыямі ад сустрэчы, абмяркоўвалі перспектывы супрацоўнітва і новых сустрэч.

Алена ДАНІЛІШЫНА, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Пінска,
кіраўнік клуба “Перспектыва”;
Алена РАНЦЭВІЧ, 
член клуба “Перспектыва”, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Пінска.