Усё пра лімон

- 15:18Нам пішуць

Лета — не толькі перыяд для адпачынку, гэта яшчэ і час для набыцця новых адкрыццяў. У гэтым упэўніліся дзеці нашага лагера “Дружба” экалагічнай накіраванасці. У лагеры працавала даследчая лабараторыя на тэму “Яго вялікасць Лімон”.

Усе веды дзеці набывалі ў форме займальных гульняў, даследаванняў, эфектных эксперыментаў, якія пашыралі кругагляд, развівалі творчыя ўяўленні, дапамагалі авалодаць навыкамі каманднай работы.

Дзеці вывучалі гісторыю выкарыстання лімона чалавекам, розныя віды, склад і прымяненне лімона як лекара і ў быце.

Выхаванцы аздараўленчага лагера даведаліся, што лімон дапамагае засцерагчыся ад грыпу, спыняе насавы крывацёк, змагаецца з інфекцыйнымі хваробамі.

Ён — найлепшы памочнік на кухні: вяртае бляск металічным каструлям, пазбаўляе ад паху рыбы, выводзіць плямы.

За час работы нашай лабараторыі мы правялі доследы з лімонам “Лімон — плывец”, “Лімон надувае паветраны шарык”, “Яблык і лімон” і шмат іншых.

Нашы маленькія навукоўцы адкрылі для сябе, што навука дае адказ на ўсе пытанні, якія ўзнікаюць. Змена ў лагеры добра папоўніла запас ведаў.

Ларыса ПАЧАБЫТ,
настаўніца пачатковых класаў
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.