Усё вырашыла практыка

У Ганны Мікалаеўны Каліноўскай быў выбар: стаць педагогам ці перакладчыкам. Практыка падчас вучобы ва ўніверсітэце дапамагла прыняць канчатковае рашэнне. Другі год маладая настаўніца выкладае англійскую мову ў Чудзінскай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

А нглійская мова заўсёды выклікала асаблівую ціка­васць. З 8 класа Ганна вывучала гэты прадмет паглыблена, удзельнічала ў алімпіядах. Для яе лагічным працягам было трывалае рашэнне звязаць сваё будучае жыццё менавіта з англійскай мовай. Вельмі адказна рыхтавалася да паступлення. У выніку мэтанакіраваная, адказная дзяўчына стала студэнткай аддзялення рамана-германскай філалогіі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Яшчэ ў старшых класах, калі я толькі вызначалася з установай, куды буду паступаць, звяртала ўвагу на тое, каб атрымаць двайную кваліфікацыю “перакладчык і выкладчык”, — расказвае Г.М.Каліноўская. — Аднак да 4 курса была больш настроена пасля заканчэння ўніверсітэта працаваць перакладчыкам. Перадумала пасля таго, як прайшла перакладчыцкую і педагагічную практыку. На першай мне было сумна, не хапала дынамікі. Затое ў школе аказалася цікава, час пралятаў незаўважна. І я прыняла рашэнне выбраць для сябе менавіта такі кірунак.

Практыка ў школе не выклікала асаблівых цяжкасцей і пакінула самыя добрыя ўспаміны. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў якасці маладога спецыяліста дзяўчына па размеркаванні адправілася ў мясцовасць, дзе раней ёй ніколі не даводзілася бываць. Цяпер трэба было прывыкаць да змен у жыцці, да таго, што яна ўжо Ганна Мікалаеўна і неўзабаве пачнуцца ўрокі, на якіх ёй давядзецца выступаць у новай ролі. Нязвычна было і жыць цалкам самастойна ў сельскай мясцовасці. Аднак аказалася, што людзі тут вельмі добразычлівыя. З калегамі, вучнямі і іх бацькамі ў маладой настаўніцы хутка склаліся добрыя адносіны. Яна вельмі ўдзячна дырэктару і яго намеснікам, вопытным педагогам за тое, што яны заўсёды гатовы падставіць плячо, падтрымаць словам і справай.

Асабліва хвалюючымі выдаліся першыя пару тыдняў, а пасля на душы стала спакайней. Безумоўна, першыя ўрокі ўрэзаліся ў памяць. Хваляванне ў асноўным выклікала тое, што ў кожным класе былі новыя вучні, якіх маладая настаўніца пакуль не ведала. Справіцца з перажываннямі дапамаглі час і знаёмства з дзецьмі. Ужо праз некалькі ўрокаў яна ведала іх характар, узровень ведаў, інтарэсы. І адразу на этапе падрыхтоўкі ўрокаў і пры іх правядзенні стала значна лягчэй.

Ганна Мікалаеўна любіць паўтараць блізкі ёй выраз: “У аснове любога поспеху — 99 працэнтаў працы і ­адзін працэнт таленту”. Зараз яна паставіла перад сабой задачу набрацца каштоўнага вопыту, бо ўжо зразумела, што пасля двух абавязковых гадоў адпрацоўкі будзе працягваць працаваць у галіне адукацыі. Ёй спадабалася выкладаць любімы прадмет у школе. Яна імкнецца стаць сучаснай, справядлівай і талерантнай настаўніцай. Урокі стараецца прадумваць так, каб дзецям не было сумна. Напрыклад, малодшым школьнікам вельмі падабаюцца гульнявыя формы. Настаўніца рыхтуе разнастайныя заданні на замацаванне новага матэрыялу, прапаноўвае іх вучням і назірае, што ў каго выклікае найбольшую цікавасць. Гэта дапамагае індывідуальна падыходзіць да кожнага.

Амаль паўтара года работы ў школе запомніліся не толькі ўрокамі, але і яркімі пазакласнымі мерапрыемствамі. Ганна Мікалаеўна дапамагае школьнаму педагогу-арганізатару. Гэта ўнесла разнастайнасць у звычнае жыццё, дапамагло яшчэ больш зблізіцца з вучнямі. Асабліва ўразіў восеньскі баль. Таксама цікавым і новым вопытам быў удзел у раённым экалагічным конкурсе. Пад кіраўніцтвам настаўніцы адна з вучаніц рыхтавала выраб з адходаў. Змайстравалі прыгожую карціну са звычайных пластыкавых бутэлек, якая заняла другое месца на конкурсе. Ганне Мікалаеўне падабаецца, што педагогу неабходна пастаянна спрабаваць нешта новае, быць у пошуку, актыўна і бесперапынна займацца самаразвіццём. Жыць так — яе свядомы выбар.

Таццяна ШЫМКО.