Усё яшчэ наперадзе!

- 9:50Авторские колонки, Мнение

Сёння мы выпусцілі дзевяцітысячны нумар нашай газеты! Згадзіцеся, унушальная лічба! Ды і што здзіўляцца: “Настаўніцкая” — равесніца Вялікай Перамогі. Мы былі разам на розных этапах станаўлення айчыннай сістэмы адукацыі. І сёння, як і ўсе газетчыкі, спрабуем знайсці сваё месца ў лічбавым свеце, каб быць цікавымі і карыснымі для педагогаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ

Зараз, калі друкаваныя сродкі масавай інфармацыі перажываюць далёка не лепшыя часы, канкурыруючы з інтэрнэт-выданнямі, нашаму калектыву ўдалося галоўнае: захаваць свайго чытача. І найперш таму, што “Настаўніцкая” — газета для настаўнікаў і пра настаўнікаў. У кожным яе нумары — развіццё сістэмы адукацыі краіны, школьнае жыццё з яго клопатамі і дасягненнямі, педагагічнымі фішкамі і ўдалымі прыёмамі, незвычайнымі праектамі. Са старонак газеты на нас глядзяць твары рэальных людзей, для якіх дзеці, іх перамогі і будні сталі галоўным заняткам у жыцці. 

Нішто так не паскарае час, як газетная работа. Вечная мітусня: пабег на мерапрыем­ства, сабраў матэрыял, напісаў — і хутчэй у нумар. І так дзень пры дні. Не заўважаеш, як пралятаюць дні, тыдні, месяцы. Ды што там тыдні. Не заўважаеш, як ля­цяць гады.

Ужо больш як чвэрць стагоддзя я працую ў “Настаўніцкай газеце”, хаця ў журналістыку трапіла выпадкова. З дзяцінства марыла пайсці па слядах мамы, якая працавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў, пісала канспекты, правярала сшыткі, рыхтавала наглядны матэрыял, падключаючы да гэтага ўсю сям’ю. Дома я ўпершыню пазнаё­мілася з “Настаўніцкай газетай”. Я ўяўляла сябе настаўніцай, якае дае ўрокі, водзіць дзяцей на экскурсіі, у кіно і тэатры і — абавязкова з’явіцца на старонках газеты. Аднак пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ месца ў мінскай школе мне не знайшлося, а лёс прывёў у рэдакцыю, пра што я ніколькі не шкадую — працую з настаўнікамі, асвятляючы іх дзейнасць, наведваючы школы і гімназіі краіны. А выкладчыцкая адукацыя мне толькі дапамагае — усё здаецца такім блізкім і зразумелым.

Я ўдзячна лёсу, што на маім шляху сустрэліся добрыя настаўнікі, таленавітыя журналісты: Алег Мечыслававіч Куліцкі (тагачасны галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”), Святлана Іванаўна Бень (спачатку рэдактар аддзела школ, а потым намеснік галоўнага рэдактара). Яны дапамаглі мне ўвайсці ў прафесію, вучылі ўсім яе нюа­нсам. Мне пашчасціла працаваць з такімі прафесіяналамі сваёй справы, як Таццяна Захарына, Ірына Кулікоўскіх, Святлана Кірсанава, у якіх таксама было чаму павучыцца. Разам са мной і сёння працуюць мае шаноўныя калегі, якія ведаюць у адукацыі ўсё і нават больш: Вольга Дубоўская, Ала Клюйко, Наталля Кастэнка, Надзея Церахава.

Мы працягваем пісаць летапіс адукацыі нашай краіны. Наш калектыў шмат, актыўна і крэатыўна працуе над задачамі, якія пастаўлены Прэзідэнтам і ўрадам Беларусі перад выданнем і сістэмай адукацыі краіны. Мы імкнёмся даць настаўнікам найперш свае, беларускія ўзоры прафесіяналізму — тое, што можна прымяніць у нашай айчыннай школе. Мы пераканы, што дапытлівы чытач заўсёды знойдзе цікавую ідэю і на яе аснове створыць штосьці сваё.

Часам, едучы ў чарговую камандзіроўку ў школу ці дзіцячы сад, думаеш: “Ну што новага мне могуць паказаць там? Па заяўленай тэме ўжо шмат пісана-перапісана”, а потым проста дзіву даешся, колькі творчасці і крэатыву ў нашых настаўнікаў! Яны з зусім нечаканага боку раскрыюць тэму, неардынарна падыдуць да яе, ярка прадставяць свае знаходкі, падзеляцца лайфхакамі. Дзякуй вам за гэта вялікі, паважаныя педагогі! Таму зноў і зноў мы едзем да вас. За натхненнем, за новымі ўражаннямі і эмоцыямі, за творчасцю! 

Вельмі прыемна і радасна становіцца на душы ад таго, калі ва ўстанове адукацыі ў метадычным кабінеце, бібліятэцы альбо настаўніцкай бачыш нашу газету, крыху патрапаную і прымятую, калі яе радкі падкрэслены алоўкам альбо маркерам, калі робяцца яе выразкі і ксеракопіі і захоўваюцца ў партфоліа педагогаў. Тады прыходзіць усведамленне, што мы працуем недарэмна, газета карысная і патрэбная настаўнікам (а гэта, пераканана, асноўнае яе назначэнне), яны выкарыстоўваюць яе на педсаветах і метадычных аб’яднаннях, цікавыя прыёмы бяруць на ўзбраенне і прымяняюць у кіраўніцкай дзейнасці, на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. І як крыўдна бывае, калі даводзіцца па­чуць, што газета нецікавая і выпісваць яе прымушаюць… А калі пачынаеш гава­рыць з чалавекам, удакладняць, што нецікава, як зрабіць газету лепшай, то разумееш, што ён яе проста… не разгортвае і не чытае.

Сёлета ў нашай газеты юбілейны год — у снежні мы адзначым яе 80-годдзе. А таму невыпадкова на старонках выдання з’явілася новая рубрыка “80 гадоў разам”: мы накіроўваемся па старых адрасах з газетных падшывак і даведваемся, наколькі змянілася тая ці іншая сітуацыя з моманту напісання матэрыялу, як склаўся лёс ге­рояў нашых публікацый. Магчыма, заві­таем і да вас!

Наша прынцыповая пазіцыя — даваць слова чытачам, каб не толькі журналісты пісалі пра педагогаў, а каб на газетных старонках гучаў іх жывы голас. Мы любім усіх, хто нас чытае і нам піша!

Дзякуй тым, хто разам з намі стварае газету, прафесійным журналістам і нашым пазаштатным аўтарам ва ўсіх куточках краіны. І, канечне, вам, нашы дарагія чытачы! За вашу неабыякавасць і адданасць газеце, за тое, што падказваеце нам новыя тэмы для публікацый. Упэўнена, што ў газеты ўсё яшчэ наперадзе. І наш дзесяцітысячны нумар мы напішам разам!

З гордасцю магу сказаць, што зараз у нас у газеце склалася дружная і моцная каманда прафесіяналаў, якія валодаюць высокім майстэрствам, каманда адданых, таленавітых, захопленых сваёй справай людзей.