Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у сярэдняй школе № 35 Бабруйска, прысвечаных Дню ведаў і адкрыццю гэтай установы адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся: 1 верасня для яго — асаблівы дзень, і ён заўсёды прыходзіць на святочную лінейку з вялікім хваляваннем, дзе б яна ні праходзіла — у найстарэйшай або новай школе, тэхнікуме або ВНУ, у вёсцы, раённым цэнтры або сталіцы.
“Таму што помню сябе і вучнем, і настаўнікам, ведаю, што адчуваюць у гэтыя хвіліны бацькі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У кожнага з вас і ў мяне як прэзідэнта краіны пачынаецца чарговы перыяд у жыцці са сваімі задачамі, планамі і чаканнямі. Уся Беларусь цяпер настройваецца на новы рабочы рытм. Таму што дзеці — гэта галоўнае. Менавіта вы, якія першы раз ступілі на плошчу каля гэтага храма ведаў, і тыя, хто рыхтуецца сёння да самастойнага жыцця, задаяце тэмп жыццю ўсёй нашай краіны. Таму што вы аснова, будучыня любой дзяржавы”.
Гэты навучальны год жыхары маладога мікрараёна Бабруйска сустракаюць з новай школай. Установа была пабудавана менш як за год, і яе адкрыццё, заявіў прэзідэнт, — гэта вялікі падарунак і краіне, і гораду. “Мы ж планавалі адкрыць гэтую школу яшчэ толькі ў снежні. Але і будаўнікі, і мясцовыя ўлады вельмі стараліся завяршыць работы менавіта да 1 верасня. Таму што, як кажуць у народзе, дарагая дапамога ў свой час. І вам, вядома, таксама было важна пачаць новы навучальны год у новым будынку. Усё ж пачынаецца тут, у школе. Усё наша свядомае жыццё. І жыццё горада таксама. Ён жыве, развіваецца, калі, перш за ўсё, створаны ўмовы для нараджэння, выхавання і развіцця дзяцей”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: удасканаленне інфраструктуры — ад радзільных дамоў, паліклінік і ўстаноў адукацыі да дзіцячых пляцовак і спартыўных стадыёнаў — гэта галоўнае, на што накіраваны дзяржаўныя праграмы па развіцці малых і сярэдніх гарадоў.
У час цырымоніі генеральны дырэктар Бабруйскага завода буйнапанэльнага домабудавання Сяргей Уласік перадаў прэзідэнту сімвалічны ключ ад школы. Калектыву прадпрыемства, як ужо расказаў кіраўнік дзяржавы, спатрэбілася менш за год, каб пабудаваць гэты аб’ект. “Беражыце, гэта каштуе нятанна”, — звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу ўручыў ключ “галоўнаму захавальніку” — дырэктару ўстановы Таццяне Васілеўскай. Яна адзначыла, што новая школа адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. “Гэта яшчэ раз даказвае, што разам мы адзіныя. У нас адзіныя мэты, планы, пачынанні”, — заявіла педагог.
Да Дня ведаў у розных кутках Беларусі свае дзверы для дзяцей і педагагічных калектываў упершыню адчыняюць сем школ.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Мы пабудавалі столькі, колькі трэба. Галоўнае цяпер — запоўніць іх. Калі недзе застануцца адзінкі, дзе дзеткі яшчэ займаюцца ў дзве змены, там мы абавязкова ў бягучай пяцігодцы вырашым гэтую праблему”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў таксама аб сваім даручэнні ўраду і міністру адукацыі накіраваць свабодныя грошы на развіццё адукацыі і ахову здароўя, павышэнне заработнай платы работнікам гэтых сфер.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да вучняў, іх бацькоў і педагогаў: “Прыходзьце ў школу, як у храм, і прайдзіце гэты шлях годна. Таму што гэта ваш фундамент на ўсё жыццё. Будзеце вучыцца нармальна, атрымаеце веды — значыць, будзеце канкурэнтныя ў гэтым жыцці, зможаце атрымаць нармальнае рабочае месца, а значыць, і нармальную зарплату. Калі вы проста пройдзеце па школе ўлегцы, у будучыні ні на ўладу, ні на бацькоў не крыўдуйце. Вы прыйшлі сюды вучыцца. Асабліва гэта тычыцца выпускнікоў”.
“Сёння для вас не толькі пачынаецца новы навучальны год — закладваюцца традыцыі вашай новай навучальнай установы. Гэтыя традыцыі застануцца пасля вас і будуць ствараць непаўторную атмасферу школьных будняў. І гэтая атмасфера будзе фарміраваць асобу кожнага дзіцяці, закладзе фундамент яго будучыні”, — дадаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў педагогам знайсці свой унікальны стыль у арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу, стварыць праекты, якія ўключаць у школьнае жыццё бацькоў. “У нейкім жа сэнсе яны таксама ідуць да вас вучыцца разам са сваім дзіцем, — заўважыў ён. — Зрабіце так, каб арганізаваны тут для бацькоў, дзяцей і педагогаў вольны час стаў, як я ўжо сказаў, традыцыяй. Традыцыяй, якая, я спадзяюся, будзе ствараць моду на здаровы лад жыцця. Сёння гэта вельмі актуальна”.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзецям трэба прывіць любоў да спорту, навучыць замалада берагчы сваё здароўе. “Бо яно — гарант іх бяспечнай і шчаслівай будучыні”, — звярнуў ён увагу.
Прэзідэнт пажадаў вучням, педагогам і бацькам паспяховага, цікавага і запамінальнага навучальнага года. “Дзецям, якім толькі давядзецца адкрыць для сябе свет школьнай навукі, жадаю знайсці сапраўднага сябра. Шукайце гэтага сябра ў сваім настаўніку. Гэта будзе ваш самы надзейны і адданы сябар. Старшакласнікам і выпускнікам — разумення важнасці ведаў, атрыманых у школе, для дасягнення мэт, да якіх яны імкнуцца. Цярпення, сіл, творчага натхнення вашым педагогам. Толькі той, хто ўмее цярпець і пераадольваць цяжкасці, зможа дабіцца поспехаў у гэтым жыцці. У гэтым шалёным свеце, абсалютна незразумелым на сёння, куды ён рухаецца. Нам будзе вельмі няпроста ў гэтым свеце. І нам трэба зберагчы ўсё, што мы сёння маем”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця агледзеў школьную бібліятэку. Ён спытаў, ці ўпэўнены там, што ў сучасных школьнікаў гэтае месца будзе карыстацца папулярнасцю, бо дзеці ўсё часцей аддаюць перавагу рознага роду гаджэтам. У бібліятэцы запэўнілі, што з гэтым праблем быць не павінна.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што камп’ютары і гаджэты могуць нашкодзіць зроку дзяцей. Акрамя таго, яны да іх прывыкаюць і становяцца псіхалагічна ад іх залежнымі.
“Беражыце сваіх дзяцей і старайцеся іх адцягнуць на спорт, яшчэ што-небудзь”, — даў параду кіраўнік дзяржавы.
Пабываў прэзідэнт і на ўроку ў першаклашак на тэму “У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны”. Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з дзецьмі, дапамог дабудаваць з канструктара “Сэрца Беларусі”. Пагаварылі і пра тое, што такое Радзіма.
Далей Аляксандр Лукашэнка зайшоў у спартыўную залу, дзе займалася валейбольная каманда дзяўчат. “Мы вас чакаем у нацыянальнай камандзе”, — пажадаў спартсменкам прэзідэнт і падпісаў ім мяч.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што і сам часам гуляе ў валейбол. Нядрэнныя поспехі ў гэтым відзе спорту ў сына Мікалая.
Азнаёміўся прэзідэнт з гімнастычнай залай, дзе праходзілі заняткі па барацьбе. Тут Аляксандр Лукашэнка прыгадаў, як у свой час пачынаў займацца самба.
Далей па маршруце — сучасны школьны медпункт. Яго работнікам Аляксандр Лукашэнка пажадаў перш за ўсё здароўя.
Перад тым як зайсці ў госці на ўрок да дзесяцікласнікаў, дзе праходзіў сумесны ўрок з кіраўніком гарадскога цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, прэзідэнт затрымаўся ў адным са школьных калідораў ля надпісу “Нiякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову”. Гэта словы Якуба Коласа. Так у школе ў тым ліку папулярызуюць беларускую мову.
Вучні задалі прэзідэнту некалькі пытанняў. Напрыклад, як ён ставіцца да кантрактнай службы ў войску. “Станоўча стаўлюся. Кантрактная служба ў нас ёсць. Там, дзе трэба, мы яе ўкараняем. Дзе патрэбны тэрмінавікі — там тэрмінавікі”, — адказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым сёння няма такой праблемы, каб абавязкова тэрміновую службу замясціць кантрактнай, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Развітаўшыся з гэтымі хлопцамі, праз пару хвілін кіраўнік дзяржавы быў жо ў іншым класе — працоўнага навучання. Тут дзяўчат вучаць швейнай справе. Прэзідэнт бачыць у гэтым толькі плюсы: калі не спатрэбіцца ў якасці будучай прафесіі, то дакладна спатрэбіцца ў жыцці для сябе. “Гэта для дзяўчынак вельмі важна”, — падкрэсліў ён.
У сталовай Аляксандру Лукашэнку наглядна прадэманстравалі меню для школьнікаў. Выбар вялікі — ад запяканак да катлет, тушанай агародніны і смажанай бульбы.
У час наведвання школы дзеці падарылі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сувенір — саламянага бабра.
Адказваючы падчас адкрыцця школы на пытанні журналістаў, прэзідэнт выказаў упэўненасць у неабходнасці патрыятычнага выхавання ў школах. “Трэба. Мы гэта ведаем, што трэба, і мы гэта будзем рабіць. Мы бачылі, што недапрацоўваем у гэтым плане. Аказалася, не ўсім зразумела”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама выказаўся пра функцыі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў школах, яны ў тым ліку павінны дапамагаць захоўваць бяспеку ва ўстановах адукацыі. “Галоўнае — бяспека ў школе. Бацькі не павінны перажываць. Ён павінен дапамагчы дырэктару захаваць бяспеку ў школе і выхоўваць дзяцей у духу гэтай бяспекі. Гэта галоўнае для гэтых ваенных, якіх мы накіроўваем у школу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, гэтыя людзі таксама павінны ведаць калектыў школы, праблемных дзяцей і бацькоў, аказваць дапамогу дырэктару. Пры гэтым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, за ваенна-патрыятычнае выхаванне адказныя ўсе: сям’я, дырэктар, кіраўніцтва школы і ўвесь педагагічны калектыў. Бо ў адзіночку немагчыма выхаваць патрыёта. Для гэтага неабходна стварыць адпаведнае асяроддзе.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ў гэтым плане не павінна атрымацца так, што набяруць людзей на адпаведныя пасады, а яны не будуць разумець, чым займацца. “Як калісьці ў нас было, будуць вучыць вучня, як упіхнуць патрон у патроннік або разабраць аўтамат. Гэта таксама трэба ўмець, але ў нас у кожным раёне ёсць цэнтры, дзе гэтаму вучаць. Каб не было дубліравання”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.
Фота БелТА.