Усё ж такі “не”

- 11:19Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

“Не” — адно з самых кароткіх слоў у любой мове. Але чамусьці менавіта яго вымавіць найбольш складана, асабліва калі аб нечым просіць той, кім вы даражыце.

Пра тое, як навучыцца адмаўляць і не адчуваць пры гэтым віны, нам расказала псіхолаг выкладчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандра МАЛІНОК. — Аляксандра, чаму мы не павінны адчуваць віны, калі вымушаны сказаць “не”?

— Справа ў тым, што часта мы адчуваем пачуццё віны, калі здзяйсняем памылкі або наносім шкоду каму-небудзь ці сабе. У сітуацыі, калі неабходна адмо­віць, наша свядомасць успрымае гэта як патэнцыяльную ці рэальную шкоду, якую мы наносім іншаму. Інакш кажучы, калі мы адказалі “не” на просьбу знаёмага, то ў нашай фантазіі ўжо выбудавалася чарада гіпатэтычных варыянтаў развіцця сітуацыі (“з-за маёй адмовы ў яго ўзнікнуць цяжкасці”, “мяне звольняць”, “гэта сапсуе нашы адносіны” і г.д.). Як правіла, нічога агульнага з рэальнасцю гэтыя фантазіі не маюць, паколькі не падмацоўваюцца аб’ектыўнымі фактамі. 

Важна разумець, што адмова ў выглядзе “не” з’яўляецца сігналам іншаму пра тое, што ў цяперашні момант мы не можам даць згоду на тое, што было прапанавана, з-за недахопу сіл, часу ці іншых прычын. Таксама адмова падштурхоўвае шукаць іншыя варыянты вырашэння праб­лемы або задавальнення патрэбы.

— Як знайсці альтэрнатыву гэтаму слову? Што сказаць узамен, калі вымавіць “не” псіхалагічна цяжка?

— Варыянтаў альтэрнатыўнай адмовы вельмі многа, і іх аб’ядноўвае агульная характарыстыка — згладжванне негатыўнага эмацыянальнага эфекту адмовы. Гэта можна зрабіць пры дапамозе альтэрнатыўных метадаў. Напрыклад, мы адмаў­ляем, але прапануем такі інструмент, пры дапамозе якога іншаму будзе прасцей вырашыць праблему самастойна. Можна ска­заць нешта накшталт “я зараз не магу дапамагчы табе выра­шыць гэтае пытанне, але магу па­дзяліцца сайтам, дзе размешчаны рэкамендацыі, як гэта правільна зрабіць”.

Таксама вялікае значэнне ў немагчымасці адмовіць мае эмпатыя. Мы пазначаем, што ра­зумеем важнасць задачы і яе вырашэння, падкрэсліваем свае пачуцці з прычыны таго, што за рашэннем звярнуліся менавіта да нас. Так, можна сказаць “мне вельмі прыемна, што ты прапануеш прыняць удзел у гэтым ра­зам з табой, і я ведаю, як гэта важна для цябе, але сёння я вельмі заняты”.

Яшчэ адзін спосаб — выкарыстанне кампліментаў. Менавіта дзякуючы ім, мы перамяшчаем увагу з нашай адмовы на саму задачу або на самога чалавека, які да нас звярнуўся. Напрыклад, “мне вельмі прыемна, што менавіта ты звяртаешся да мяне па дапамогу, але я буду заняты ў гэты час”.

Выкарыстаць свае аргументы — таксама адзін з варыянтаў. Як правіла, мы адказваем аднатыпна на запыты, якія могуць насіць маніпулятыўны характар. Важна ў такіх сітуацыях гаварыць упэўнена і паўта­раць некалькі разоў. Напрыклад, “у мяне няма магчымасці…”, “мяне гэта не цікавіць”, “гэта не ўвахо­дзіць у зону маёй адказнасці…”, “не злуйцеся, але — не!”.

Як варыянт можна адмаў­ляць, не просячы прабачэння. Тут важна выразна пазначыць сваю адмову, і калі яна суправаджаецца выбачэннямі за тое, што мы нешта не можам зрабіць для іншага, то гэта раўназначна прызнанню віны. Але лепш за ўсё даваць канкрэтны адказ. Часам мы выкарыстоўваем выказванні, якія робяць наш адказ нявызначаным або адтэрмінаваным. Для гэтага часта выкарыстоўваюцца такія меркаванні, як “можа быць, пазней…”, “паглядзім, як пойдзе…”, “давай заўтра…” і інш. І нават калі для сябе мы ўжо вырашылі, што гэта адмова, то для таго, хто звярнуўся да нас, гэта з’яўляецца інфармацыяй, што можна звярнуцца пазней.

— Хто часцей за ўсё не можа сказаць “не”, якія людзі? Магчыма, гэта ідзе з дзяцінства, калі бацькі спрабавалі зрабіць дзіця зручным у першую чаргу для грамадства, а не для яго самога…

— Чалавек, які не можа сказаць “не”, часцей разглядаецца як добры ці слабы, але гэта рэдка адпавядае рэальнасці. Часта за гэтым і праўда стаіць вопыт, які ён атрымаў у раннім узросце.

Уменне або няўменне адмаўляць фарміруецца ў дзяцінстве.

 

Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў дадатку “Псіхолаг у школе” ў нумары ад 6 студзеня 2023 года.