Утаймавальнік біяфізікі

Упершыню з Анатолем Коханам давялося пазнаёміцца на прафарыентацыйнай сустрэчы са школьнікамі, дзе хлопец на складаных фізічных прыборах паказваў дзецям прастату і хараство любімай сферы. Звычайна няўседлівыя сямікласнікі, слухаючы студэнта і не зводзячы з яго вачэй, здаецца, страчвалі маўленне. Тады падумалася: у чым жа яго сакрэт. Аказалася, што хлопец проста не можа і дня без навукі.

Толя Кохан рос звычайным дзіцем — яго цікавіла ўсё навокал: трэба было паглядзець, патрымаць у руках, даследаваць. Малому хацелася аднаго — знайсці цікавае ў навакольным. Вучоба была далёка не першай сярод цікавасцей падлетка, пакуль не паступіў у фізіка-матэматычны клас.

З тых часоў Анатоль з цеплынёй узгад­вае сваю школьную настаўніцу гісторыі Вольгу Шаўцову, патрабавальнасці якой многія крыху пабойваліся. Але хлопец менавіта за гэта і ўдзячны педагогу: яна вучыла дзяцей лагічна думаць, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі і вылучаць галоўнае. Спачатку хлопец не разумеў карысці ад такога падыходу, але зараз ацаніў яго вартасці.

Падмурак для далейшых заняткаў навукай закладваўся таксама з дапамогай спорту: Толя працяглы час займаўся веславаннем. І хоць было фізічна няпроста, захапленне выпрацавала ў юнаку рацыянальныя адносіны да спаборніцтваў і конкурсаў, навучыла з годнасцю прымаць паражэнні.

— Да 10 класа я не цікавіўся ні фізікай, ні матэматыкай. Але за два гады паспеў зразумець, што хачу не проста паступіць на фізфак, але і звя­заць з фізікай жыццё. Тады, зразумела, не было пэўных мэт, проста хацелася быць даследчыкам. Але рэчаіс­насць пераўзышла ўсе чаканні, — гаворыць Анатоль. — БДУ моцна змяніў мяне. Я навучыўся разважаць, планаваць, пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. І самае важнае — універсітэт даў мне мэту. Можна ска­заць, ён зрабіў з мяне таго, хто я ёсць і кім буду ў будучыні.

Упершыню хлопец сустрэўся з навукай на 1 курсе — пасля аглядных лекцый і экскурсій па кафедрах факультэта. Тады перад ім стаяла задача: адчуць розныя напрамкі і зрабіць выбар як мага хутчэй. Увагу спыніў на кафедры біяфізікі: прываблівала яе парадаксальнасць і незвычайнасць. Маўляў, як гэта — біялагічныя даследаванні на фізфаку? Так студэнт прымацаваўся на кафедры і пачаў заходзіць у лабараторыю біяфізікі і біятэхналогій. На 3 курсе ён “напаў” на напрамак, якім займаецца цяпер.

Сёння навуковыя пошукі Анатоля засяроджаны на механізмах работы трамбацытаў — маленькіх клетак, галоўных удзельніц згортвання крыві — у звычайным стане і пры развіцці паталогій. Хлопец вывучае электрафізіялогію клетак з дапамогай методыкі пэтч-кламп. Гэты метад да­зваляе са­чыць за работай бялкоў—пераносчыкаў іонаў праз вымярэнні маленькіх токаў, якія працякаюць праз іх падчас работы клеткі. Пакуль даследаванні скіраваны на механізмы дзейнасці клеткі пры запаленні, але дакладнасць падыходу, па словах маладога навукоўца, у далейшым дазволіць тэсціраваць шматлікія рэчывы для рэгуляцыі згортвання крыві.

— Як аказалася, калі ў арганізме адбываецца нешта дрэннае (запаленне, выкліканае віруснай інфекцыяй ці пападаннем патагенаў), амаль заўсёды парушаецца згортванне крыві. Адсюль незлічоная колькасць ускладненняў — трамбозы, моцныя крывацёкі, што прыводзіць да сумных наступстваў, — тлумачыць Анатоль Кохан. — Спадзяюся, што нашы даследаванні з часам змогуць дапамагчы не толькі пры вызначэнні механізмаў (гэта хутчэй тэарэтычная частка, хоць вынікі атрымліваюцца ў доследах), але і пры дыягностыцы і лячэнні захворванняў.

У выбраным напрамку Толю прываблівае мультыдысцыплінарны сінтэз фізікі, біялогіі і прыкладных даследаванняў. Самае важнае ў навуцы для яго — веды, якія можна прымяніць на прыктыцы.

 Уліцца ў праблемнае поле будучых пошукаў студэнту дапамаглі яго навуковы кіраўнік Кацярына Шамава і даследчыкі-выкладчыкі з лабараторыі Дар’я Грыгор’ева і Ірына Гарудка. Кацярына Вячаславаўна адразу дала хлопцу параду: “Не бойся памыліцца. Толькі праз памылкі і спробы не­шта зрабіць можна развівацца далей”. Яе Анатоль схапіў на ляту і цяпер спрабуе новае, нават калі першапачаткова ідэя падаецца вар’яцтвам. 

— Я стараюся раўняцца на тых лю­дзей, з кім працую, — на навуковага кіраўніка і даследчыкаў з лабараторыі і кафедры, на людзей, з якімі пазнаёміўся на стажыроўцы і канферэнцыях, на родных. Час ад часу, калі цябе з галавой паглынае работа, можна зусім забыць пра звычайныя, чалавечыя якасці, але гэта няправільна, — разважае чацвёртакурснік. — Мне здаецца, лепш быць добрым чалавекам і не вельмі добрым спецыялістам, чым наадварот. Бо с­таць прафесіяналам у прынцыпе нескладана — трэба толькі шмат працаваць і вучыцца. А агульначалавечыя якасці — матэрыя больш тонкая.

Сябры Толі расказваюць пра яго як мэтанакіраванага надзейнага таварыша, звышзацікаўленага ва ўсім, чым займаецца. Але сам ён мала гаворыць пра свае моцныя бакі. Студэнт лі­чыць, што трэба звяртаць увагу на недахопы, каб параўноўваць сябе і сваю работу з дзейнасцю тых людзей, на каго хочацца раўняцца — у вучобе, навуцы ці жыцці. Гэта дазваляе маладому чалавеку не спыняцца ад думкі “Ты і так малайчына”, а, наадварот, памятаць пра тое, што можна стаць яшчэ лепшым.

Па-за навукай Анатоль стараецца ўдзельнічаць у жыцці факультэта, займацца спортам, але большая ча­стка вольнага часу ўсё ж ідзе на вучобу і даследаванні. Такі рэжым не падаецца хлопцу складаным. Ён лічыць, што, калі рабіць нешта не як абавязак, любую справу можна ператварыць у хобі.

Толя перакананы, што натхненне — спадарожнік не толькі людзей мастацтва. У прыродазнаўчых дысцыплінах яго роля таксама вельмі істотная. Дзякуючы натхненню, навукоўцы знахо­дзяць новыя падыходы, адкрываюць невядомыя напрамкі даследаванняў, вырашаюць задачы, за якія да іх ніхто не браўся.

— Мы жывём у час, калі колькасць ведаў настолькі вялікая, што, каб наблізіцца да перадавых даследаванняў, трэба патраціць шмат часу на вывучэнне зробленага да цябе. Але ж ад гэтага работа становіцца яшчэ больш цікавай! — гаворыць Анатоль. — У тым, што тычыцца развіцця, амаль заўсёды прыходзіцца рабіць рэчы, якіх спачатку баішся, — выступаць на канферэнцыях, тлумачыць свае ідэі незнаёмым людзям (нярэдка замежнікам), вылучаць гіпотэзы, што ў большасці выпадкаў акажуцца памылковымі. Усё гэта — частка работы любога даследчыка. Таму і поспех у навуцы не вынік шанцавання, а пастаянная работа вучонага над сабой. Канечне, калі-нікалі можа пашанцаваць: сустрэнуцца людзі, гатовыя дапамагчы, апынешся ў патрэбны час у патрэбным месцы, але без няспыннага развіцця ўдача губляе сэнс. 


Пасля сустрэч з маладымі даследчыкамі партрэт кожнага з іх упісваецца ў некалькі слоў. У выпадку з Анатолем гэтыя словы “Талер маленькі, але дара­жэнькі”.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.