Вынікам сістэматычнай работы па падтрымцы таленавітай моладзі ў Чыгуначным раёне Віцебска з’яўляецца лідарства вучняў раёна ў вобласці на працягу апошніх гадоў падчас рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Аб гэтым расказала начальнік раённага аддзела па адукацыі, спорце і турызме Дар’я Віктараўна БЕЛАН.
— Якая работа па развіцці здольнасцей і талентаў дзяцей ажыццяўляецца на ўзроўні раёна?
— Вучэбна-метадычным кабінетам раённага аддзела адукацыі штогод плануецца работа па падтрымцы таленавітай моладзі. Для навучэнцаў 3—4 класаў трэці год праводзяцца раённыя алімпіяды па матэматыцы, рускай і беларускай мовах, інфарматыцы. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца алімпіяда па інфарматыцы, якая арганізуецца для навучэнцаў 4-х класаў: у 2017 годзе ў ёй прынялі ўдзел 34 навучэнцы, а ў 2018 — 56 навучэнцаў 3 і 4 класаў. ВМК аддзела па адукацыі наладзіў цеснае супрацоўніцтва з адукацыйным цэнтрам “Айтыландыя” з мэтай арганізацыі сумесных мерапрыемстваў для навучэнцаў і педагогаў па распаўсюджанні IТ-тэхналогій у адукацыі. У пачатковых класах устаноў адукацыі раёна праводзяцца факультатыўныя заняткі па інфарматыцы. Для школьнікаў 5—8 класаў штогод у лютым праходзяць раённыя алімпіяды па 9 вучэбных прадметах, а ў лістападзе для 9—11 класаў — па 18 вучэбных прадметах. Навучэнцы раёна ўдзельнічаюць у алімпіядах розных узроўняў па фінансавай дасведчанасці, а на працягу навучальнага года ў дыстанцыйных алімпіядах розных прадметных кірункаў.
У Чыгуначным раёне Віцебска праходзяць канферэнцыі даследчых работ. Штогод у красавіку — раённы этап рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ, у якім удзельнічаюць навучэнцы пачынаючы з 1—4 класаў. У маі кожны год ладзіцца канферэнцыя краязнаўчых работ “Задзвінскія чытанні”, якая арганізуецца сярэдняй школай № 21 Віцебска разам з кафедрай гісторыі ВДУ імя П.М.Машэрава.
У сакавіку 2019 года ў раёне плануецца правядзенне раённага прадметнага тыдня, падчас якога будуць арганізаваны эксперыментальныя алімпіяды па хіміі і біялогіі, гістарычная дыктоўка, майстар-класы па асваенні IT-тэхналогій навучэнцамі розных узроставых катэгорый і г.д.
— Спыніцеся, калі ласка, на самых высокіх і знакавых дасягненнях вучняў.
— За апошнія пяць гадоў на трэцім (абласным) этапе прадметных алімпіяд заваявана 186 дыпломаў, на заключным этапе — 44 дыпломы (навучэнцамі гімназій №№ 2, 4) і на міжнародных алімпіядах па рускай мове і геаграфіі навучэнцы гімназіі № 2 Віцебска атрымалі 5 дыпломаў. У 2017/2018 навучальным годзе ў раёне 48 вучняў сталі пераможцамі абласных прадметных алімпіяд, а на заключным яе этапе заваявана 8 дыпломаў, і ўсе яны — у навучэнцаў гімназіі № 2. У іх ліку Антон Жыльцоў, які таксама атрымаў два бронзавыя медалі на 5-й Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе школьнікаў краін Балтыйскага рэгіёна (у 2017 і 2018 гадах) і сярэбраны медаль на 15-й Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе ў Квебеку ў 2018 годзе. Яго падрыхтаваў настаўнік геаграфіі С.М.Крывенка.
У міжнародным конкурсе па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях “Бабёр-2017” прынялі ўдзел навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі раёна і заваявалі 362 дыпломы, пры гэтым абсалютных пераможцаў — 14. На XXII Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (у лютым 2018 года) навучэнцы гімназій № № 2 і 4 Віцебска атрымалі 5 дыпломаў. Уладзіслаў Семяннік з сярэдняй школы № 15 Віцебска ў сакавіку 2018 года стаў удзельнікам IX Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Тэхнаінтэлект” і ўзнагароджаны заахвочвальным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у секцыі “Энергетыка і электратэхніка” за работу “Генератар цеплавой энергіі з прывадам ад ветрака”. Гэтая ж работа перамагла (1-е месца) у намінацыі “Прыродазнаўчанавуковы напрамак” у Рэспубліканскім маладзёжным конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.
— Якія эксперыментальныя і інавацыйныя праекты рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі раёна?
— У 2018/2019 навучальным годзе працягваецца дзейнасць эксперыментальнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у гімназіі № 2 Віцебска “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнцаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на 2 і 3 ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” (2017—2020 гг.). Працягваецца рэалізацыя і некалькіх інавацыйных праектаў са статусам інавацыйнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У гімназіі № 2 — праект “Арганізацыя валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў” (2017 — 2020 гг.); у гімназіі № 4 Віцебска — праект “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйнай практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў мэтах фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў” (2017—2020 гг.). Арганізавана дзейнасць чатырох абласных творчых (даследчых) праектаў. Вучэбна-метадычным кабінетам Чыгуначнага раёна Віцебска рэалізуецца абласны праект “Укараненне мадэлі кіравання бесперапынным павышэннем кваліфікацыі педагогаў у сістэме “ІРА”-“ВМК”-“УА”.
— Якія новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі ўкараняюцца ў раёне?
— З улікам пажаданняў бацькоў выхаванцаў установы дашкольнай адукацыі аказваць разнастайныя адукацыйныя паслугі, у тым ліку і на платнай аснове. Група кароткачасовага знаходжання, якая прадугледжвае знаходжанне дзяцей ва ўстанове па гнуткім рэжыме — ад 2 да 7 гадзін — можа функцыянаваць як адаптацыйная, прагулачная, выхаднога дня, вячэрняя, па падрыхтоўцы да школы, сезонная і гульнявая пляцоўка, мацярынская школа. У яслях-садзе № 10 Віцебска ў 2017/2018 навучальным годзе была арганізавана група выхаднога дня з мэтай садзейнічання сем’ям у лепшым фізічным, псіхічным і асобасным развіцці дзяцей, павышэння бацькоўскай кампетэнтнасці ў пытаннях выхавання. Запатрабавана гэтая адукацыйная паслуга ў бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце ад 1,5 да 3 гадоў. Уведзена практыка сумеснага знаходжання выхаванцаў і іх бацькоў. Назіраючы за метадамі і прыёмамі, якія выкарыстоўваюць педагогі ў рабоце з дзецьмі, бацькі бяруць карысны вопыт на ўзбраенне, каб прымяняць яго дома.
— Раскажыце, якія цікавыя мерапрыемствы прапануюцца школьнікам раёна ў шосты школьны дзень?
— Асноўным кірункам дзейнасці ў шосты школьны дзень з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа. Да ліку самых папулярных мерапрыемстваў можна аднесці тэматычныя дні здароўя, сямейныя спартландыі, турніры па баскетболе, валейболе, футболе, дартцы. Навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна наведваюць экскурсійныя аб’екты і турыстычныя маршруты, што рэкамендуюцца Міністэрствам адукацыі, у Ляўкі, Александрыю, Мінск, Рыгу і г.д. У рамках шостага школьнага дня праводзяцца працоўныя акцыі “Зберажы дрэва — здай макулатуру”, “Адрас клопату: школа, вуліца, дом”, “Роднай школе”. Асаблівым попытам у дзяцей карыстаюцца калектыўныя творчыя справы. Традыцыйна ў вобласці праходзіць конкурс КВЗ “Поры года” для дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку, дзе каманда Чыгуначнага раёна займае прызавыя месцы.
Наладжваецца супрацоўніцтва з ПТВ, ССНУ і УВА Віцебска. У раёне штогод праводзіцца мерапрыемства “Калейдаскоп прафесій” з запрашэннем прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў.
Надзея ЦЕРАХАВА.