Утульна і камфортна

- 10:18Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Адразу некалькі наваселляў адсвяткавалі ў Дзень ведаў педагогі, дзеці і іх бацькі на Брэстчыне. 

У адным з маладых мікрараё­наў Кобрына ўрачыста адкрылася пачатковая школа № 10 з дзіцячым садам. Двухпавярховы будынак быў узведзены крыху больш за год і абышоўся амаль у 15 млн рублёў.  

Вучэбна-педагагічны комплекс можа пахваліцца самай сучаснай матэрыяльнай базай сярод пачатковых школ раёна. Тут абсталяваны ценявыя навесы, пляцоўкі для вывучэння правіл дарожнага руху, заняткаў футболам і баскетболам, бегавыя дарожкі са спецыяльным пакрыццём. Дзякуючы камп’ютарнаму класу, малодшыя школьнікі змогуць вывучаць на факультатыўных занятках асновы інфарматыкі. Сярод іншых пераваг — вялікая харэаграфічная зала, басейн, сенсорны пакой.

Установа разлічана на 150дашкольнікаў і 321 вучня пачатковых класаў. Сёлета набраны пяць 1-х класаў, два 2-х і два 3-х. Сярод 8 дашкольных груп адна прызначана для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату і яшчэ адна — для інтэграванага навучання і выхавання.

Павіншаваць педкалектыў і выхаванцаў з наваселлем і Днём ведаў завітаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Васіль Герасімаў, які пажадаў, каб установа адукацыі стала для дзяцей другім домам, дзе навучаць мысліць і дапамогуць раскрыць творчыя здольнасці, а яшчэ, каб усе хлопчыкі і дзяўчынкі выраслі дастойнымі грамадзянамі.

 

* * *

Абноўлены будынак пачатковай школы для 176 дзяцей гасцінна адчыніў дзверы ў гімназіі Іванава. На рэканструкцыю ўстановы, якая доўжылася паўгода, было затрачана каля 2 млн руб­лёў з абласнога бюджэту.  

У пачатку верасня пасля рэканструкцыі быў здадзены дзіцячы сад № 9 Брэста. Неўзабаве адкрыецца новы трохпавярховы дзіцячы сад на 240 месцаў у Жабінцы коштам 12 млн рублёў, а ў наступным годзе прыме выхаванцаў дзіцячы сад на 350 месцаў у паўднёва-заходнім мікрараёне 5 Брэста.

Бацькі з нецярпеннем чакалі, калі завершыцца рамонт. І гэта нядзіўна. Пасля яго ўстанова стала амаль новабудоўляй. Цяпер малодшыя школьнікі будуць вучыцца ва ўтульным двухпавярховым будынку, аснашчаным па ўсіх стандартах з улікам безбар’ернага асяроддзя. Сёлета ў гімназію прыйшлі ажно 53 перша­класнікі, што не можа не радаваць. 

Віншуючы навасёлаў, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка адзначыў, што дарослыя робяць усё магчымае, каб дзеці атрымлівалі якасныя веды ў камфортных умовах, жылі і развіваліся ў моцнай краіне, прыносілі ёй карысць і ганарыліся Радзімай. 

* * *

480 дзяцей, у тым ліку 77 першакласнікаў, прыйшлі 1 верасня ў новую сярэднюю школу № 4 з дзіцячым садам Століна. На будаўніцтва, якое доўжылася паўтара года, было затрачана каля 14 млн рублёў.

Для юных жыхароў аднаго з аддаленых куткоў Палесся, які дынамічна развіваецца, створаны належныя ўмовы для вучобы і выхавання: асобны блок для дашкольнікаў, спартыўная, гімнастычная, актавая і музычная залы, невялікі басейн, вулічныя гульнявыя комплексы на любы густ, спартыўная пляцоўка, міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём…

— Вельмі важна, што нават у няпросты час, калі неспакойна ля нашых меж, мы адкрываем школы, думаем пра будучыню дзяцей. Менавіта ва ўстановах адукацыі закладваецца падмурак дзяржавы і незалежнасці. Неабходна з маленства выхоўваць культуру і любоў да Радзімы. Нельга забываць свае карані, трэба памятаць папярэднікаў, якія прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, дзякуючы чаму мы сёння жывём у незалежнай краіне, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Луцкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ.