Утульны дом для народаў

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання кроскультурных кампетэнцый вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” ў сярэдняй школе № 8 Гродна быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей Дружбы народаў. Экспазіцыя музея ўяўляе сабой сінтэз культуры і побыту нацыянальных дыяспар, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Работа школьнага музея накіравана на грамадзянскае выхаванне падрастаючага пакалення, развіццё павагі да іншых народаў, разуменне іх культуры, мастацтва, жыццёвых каштоўнасцей. Дзейнасць музея вядзецца ў двух напрамках: знаёмства са сваім, нацыянальным, імкненне захаваць духоўныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа; знаёмства з культурамі іншых народаў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Палюбіць сваю культуру, стаць да яе на крок бліжэй дапамагае створаны на базе музея беларускамоўны гурток “ФЭСТ”. “ФЭСТ” (фальклор, этнаграфія, спадчына, традыцыі) — гэта месца знаёмства з беларускай кухняй, касцюмам, посудам, святамі, танцамі, песнямі, абрадамі, традыцыямі. У рабоце гуртка выкарыстоўваюцца такія віды заняткаў, як круглы стол, краязнаўчы калейдаскоп, прэзентацыі, віктарыны, конкурсы, падарожжы, экскурсіі, музычны салон і інш. Гурток дазваляе маладому пакаленню глыбей спазнаць свае карані. Выкарыстанне на занятках краязнаўчага матэрыялу робіць пазнавальнае блізкім і родным, развівае пачуццё патрыятызму.

Адной з задач, якая стаіць перад музеем Дружбы народаў, з’яўляецца выхаванне эмацыянальна-каштоўнасных адносін да людзей іншай нацыянальнасці. Каб рэалізаваць яе ў поўнай меры, на базе музея праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на знаёмства з той ці іншай нацыянальнасцю, праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі дыяспар, арганізуюцца тэматычныя экскурсіі. Так, у рамках Дня Незалежнасці Польшчы ў сценах музея была праведзена віктарына “Добры дзень, Польшча!”, а таксама конкурс малюнкаў. Да Дня Незалежнасці Латвіі музей падрыхтаваў прэзентацыю “Латвія вас вітае” і правёў пазнавальную гульню “А ці ведаеце вы…”. У Дзень Незалежнасці Казахстана была арганізавана займальная гульня “Верыце — не верыце” і праведзена экскурсія “Гісторыя аднаго экспаната: казахская юрта”.

На базе музея таксама прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню аднаўлення літоўскай дзяржавы. На ім прысутнічалі прадстаўнікі літоўскай дыяспары. Удзел у мерапрыемстве прынялі вучні 4-х класаў, якія вывучаюць літоўскую культуру ў рамках інавацыйнага праекта. Яны выдатна танцавалі літоўскі танец “Ойра-ойра”, спявалі песні на літоўскай мове. Дзеці глядзелі прэзентацыю пра Літоўскую Рэспубліку, удзельнічалі ў віктарыне, гаварылі на літоўскай мове ветлівыя словы. Да нацыянальнага ірландскага свята (Дня Святога Патрыка) быў створаны інфармацыйны плакат. Экскурсіі для старшакласнікаў на тэму “Беларусь — народаў дружная сям’я” і вучняў пачатковай школы “Падарожжа да народаў Беларусі” спрыяюць разуменню дзецьмі таго, што кожная з нацыянальнасцей адметная і яркая па-свойму, але, нягледзячы на адрозненні, мы ўсе сябруем і мірна суіснуём у нашым агульным доме — Беларусі.

Дзейнасць музея разлічана на шырокую аўдыторыю. Музей Дружбы народаў удзельнічаў у аўтарскай выставе педагогаў і вучняў устаноў адукацыі Ленінскага раёна Гродна, прэзентаваў сваю экспазіцыю на III Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” ў Магілёве і атрымаў дыплом III ступені “За лепшае прадстаўленне экспазіцыі на форуме”, прыняў удзел у абласной выставе “Вынікі рэалізацыі Года культуры ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны”, у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства “Інавацыйная дзейнасць суб’ектаў адукацыі”, у XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення”. Музей Дружбы народаў дазваляе ўбачыць свет шматгранным, яркім, дынамічным.

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Гродна, кіраўнік музея.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *