Утульны дом для вялікай сям’і

У Брэсце адкрыўся дзіцячы дом сямейнага тыпу, які стаў 9-м па ліку ў горадзе і 58-м у вобласці.

Двухпавярховы катэдж агульнай плошчай каля 200 м2 узведзены ў мікрараёне “Дуброўка” побач з другім ДДСТ. Ад суседняга будынка ён адрозніваецца безбар’ерным асяроддзем: тут павялічаны дзвярныя праёмы, ёсць электрапад’ёмнік і парэнчы, усталявана сістэма “Разумны дом”.

На будаўніцтва ДДСТ было затрачана амаль 422 тысячы рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Больш за 58 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту пайшлі на закупку мэблі, бытавой тэхнікі і гаспадарчага інвентару.

У новым доме пасялілася сям’я Марыі і Андрэя Казловых з 6 дзецьмі ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў. Павіншаваць навасёлаў завіталі прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, спонсары і суседзі. Усе — з падарункамі. Асабліва шмат сярод іх было прадметаў спартыўнага прызначэння.

Сёння ў 58 ДДСТ Брэстчыны выхоўваюцца 387 дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі. Усяго ў вобласці 2360 такіх дзяцей, якія, акрамя ДДСТ, уладкаваны ў апякунскія і прыёмныя сем’і.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.