Утульны дом для вялікай сям’і

Дзіцячы дом сямейнага тыпу напярэдадні Новага года адкрыўся ў Гродне.

Гэта ўжо восьмы дзіцячы дом сямейнага тыпу ў абласным цэнтры і 29-ы на Гродзеншчыне. На сённяшні дзень у такіх дамах толькі ў Гродне выхоўваецца 56 дзяцей. Вялікі двухпавярховы будынак на прасторным участку пабудаваны ў маладым мікрараёне Альшанка.

Марыя Васільеўна і Аляксандр Аляксандравіч Вянцковічы спачатку будуць выхоўваць тут пяцярых дзяцей. З цягам часу, калі дзеці адаптуюцца ў новай сям’і, з’явяцца і іншыя выхаванцы. Дом разлічаны на пражыванне 11 дзяцей.

— Шмат гадоў назад, калі жонка нарадзіла наша трэцяе дзіця — дачку, мы ўбачылі ў радзільным доме малога, ад якога адмовіліся бацькі, — расказаў Аляксандр Вянцковіч. — Вярнуліся дадому, але сэрца было не на месцы: ніяк не маглі забыць гэтае дзіця, перажывалі, не разумелі, як можна было пакінуць малога. Тады і з’явілася жаданне ўзяць дзіця на выхаванне. Таго малога мы ўзяць не змаглі: яго ўжо ўсынавілі, але нас гэта не спыніла.

Спачатку сям’я брала дзяцей з дзіцячых дамоў на выхадныя, на канікулы. Але аднойчы ў аддзеле адукацыі ім сказалі, што дзвюм сёстрам — Ганне і Настассі — патрэбна сям’я.

— Вырашылі ўзяць абедзвюх: па­дзяляць сясцёр нельга. Было гэта ў 2009 годзе. Ужо выгадавалі, радуемся і ганарымся імі, — гаворыць Аляксандр. — Зерне, якое мы калісьці кінулі ў зямлю, дае плён.

Выраслі сыны Вянцковічаў і прысвяцілі сябе служэнню Богу. Дачка вучыцца на педагога ва ўніверсітэце. Падраслі і дзве сястры. Ганна атрымлівае спецыяльнасць выхавальніка дашкольнай адукацыі, а Настасся вучыцца ў медыцынскім каледжы. Вось і вырашылі Вянцковічы зноў звярнуцца ў аддзел адукацыі і пачаць усё спачатку.

— Падумалі, калі пяцярых выгадавалі, выгадуем і дзесяцярых, — прызнаецца Марыя Васільеўна. — Радуемся сваім дзеткам і разумеем, што гэта вялікая адказнасць: трэба навучыць іх усяму добраму, каб яны выраслі годнымі людзьмі. Вельмі рады, што да Каляд атрымалі такі падарунак — вялікі прасторны дом.

Падарункі ў новым доме ад шматлікіх гасцей атрымлівалі маленькі Эрык і Насця. Даша, Данііл і Вова пакуль на каранціне, хутка яны таксама заселяцца ў свае новыя пакоі на другім паверсе. А на першым размясціліся кухня-сталовая і прасторная гасціная, дзе вялікая сям’я будзе збірацца разам.

— Вельмі добрая традыцыя — да­рыць падарункі да Новага года. Сёння такім падарункам стаў выдатны дом для вялікай сям’і, — адзначыў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. — Узведзены ён у рамках рэспубліканскай праграмы, якая фінансуецца за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Вырас дом у новым мікрараёне Альшанка, дзе хуткімі тэмпамі развіваецца інфраструктура, узводзяцца паліклініка і чарговы дзіцячы сад, закладваецца праектнае рашэнне на наступны дзіцячы садок, развіта гандлёвае абслугоўванне.

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, у вобласці на сённяшні дзень пражывае 2372 дзіцяці-сіраты і дзіцяці, што засталіся без апекі бацькоў, з іх 1530 дзетак выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, 207 — у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, 381 — у прыёмных сем’ях і 942 — у сем’ях апекуноў. У інтэрнатных установах вобласці выхоўваецца 290 дзяцей.

— Мясцовыя ўлады, органы кіравання адукацыяй робяць усё магчымае для таго, каб максімальна паменшыць колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ва ўмовах інтэрнатнай установы, і максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя формы, такія як дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, прыёмныя і апякунскія сем’і. Практычна штогод адкрываюцца новыя такія дамы, не выключэннем стаў і 2020 год. Спадзяёмся, што гэтая вялікая сям’я падорыць дзецям цяпло і ўтульнасць. Менавіта на сямейнае выхаванне мы робім стаўку, — падкрэсліў Руслан Абрамчык.

Падарункі да наваселля сям’я ў гэты дзень атрымала ад мясцовых улад, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, прафсаюзаў, спонсараў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.