Утульны дом, прыгожы сад

Сёмы дом сямейнага тыпу для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, адкрыўся ў Гомелі. Уваходзіны адзначыла вялікая сям’я Наталлі Радчанка — маці-выхавальніцы шасцярых дзяцей.

У двухпавярховым катэджы плошчай 180 квадратных метраў — cем пакояў. Стварыць утульнасць і купіць усё неабходнае для жыцця дапамаглі звыш дзесяці прадпрыемстваў Савецкага раёна абласнога цэнтра. У новым доме ёсць хала­дзільнік, пральная і пасудамыйная машыны, іншая неабходная электроніка і мэбля. У двары размясціліся гульнявая пляцоўка, гараж і гаспадарчыя пабудовы.

Акрамя таго, да пераезду сям’і ў новае жыллё тэрыторыю вакол новага дома прывялі ў парадак. Так, калектыў аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, актывісты раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, а таксама работнікі ААТ “Кірмаш” правялі суботнік па азеляненні двара і заклалі будучы сямейны сад.

Тут высадзілі 30 дрэў, пладова-ягадных і дэкаратыўных кустоў. У перспектыве будзе пышны сад, упэўнены шэфы: дзеці ў прыгожым акружэнні атрымаюць не толькі станоўчыя эмоцыі, але і навучацца зберагаць прыгажосць і ствараць яе сваімі рукамі. Сям’і падарылі школьныя прылады, спартыўны інвентар і развіццёвыя гульні. Маці-выхавальніца ўдзячна ўсім, хто даў магчымасць яе дружнай і шумнай вялікай камандзе жыць у новым утульным доме.

— У мяне трое сваіх дзяцей, пяцёра ўнукаў і шасцёра дзяцей, якія народжаны сэрцам, — расказвае аб сваёй сям’і Наталля Радчанка. — Сярод прыёмных — пяцігодкі хлопчыкі-блізняты, двое дзяўчынак і двое хлопцаў, якія цяпер адпачываюць у санаторыі. Мне прапанавалі стаць матуляй-выхавальніцай для большай колькасці дзяцей, чым у мяне была дагэтуль — і я згадзілася, бо хачу і магу ўтварыць сапраўдную сям’ю для тых, каму патрэбна мама.

Спецыялісты адзначаюць, што такая форма сацыялізацыі дзяцей-сірот як “сямейны дом” добра зарэкамендавала сябе. Дзяржава стварае камфортныя, спрыяльныя ўмовы пражывання і выхавання, а дзеці разумеюць, што такое сямейныя каштоўнасці, далучаюцца да сямейных традыцый.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.