Увага — дзіцячаму адпачынку і падрыхтоўцы да навучальнага года

Сёння госцем нашай “Суботняй планёркі” стала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага райвыканкама Гомельскай вобласці Алена ПАРФЕНЕНКА, з якой мы абмеркавалі летнія клопаты і падрыхтоўку да новага навучальнага года. Спойлер: дзеці добра адпачылі, да 2021/2022 навучальнага года гатовы.

— Алена Пятроўна, нягледзячы на тое, што новы навучальны год не за гарамі, давайце ўсё ж спынімся на выніках мінулага, бо яны стануць фундаментам для новых пачынанняў.

— У гэтым годзе нашы навучэнцы і іх педагогі заваявалі больш за дзвесце дыпломаў розных ступеней абласнога, раённага і міжнароднага ўзроўню ў інтэлектуальных, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, алімпіядным руху. Перш за ўсё варта адзначыць дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Дарэчы, на трэцім этапе (абласным) рэспубліканскай алімпіяды нашы вучні заваявалі 4 дыпломы па гісторыі, працоўным навучанні, беларускай мове і фізіцы.

Насычаным і выніковым стаў 2020/2021 навучальны год для дадатковай адукацыі. Выхаванцамі і педагогамі Уваравіцкага цэнтра творчасці заваявана 115 дыпломаў, з якіх 45 міжнароднага і 19 рэспубліканскага ўзроўню. Так, напрыклад, узорны ансамбль “Мілавіца” бліскуча выступіў на Рэспубліканскім фестывалі па харэаграфіі сярод устаноў адукацыі Child and week Youth 2021, Міжнародным конкурсе мастацтваў Grodno Star, Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар” (адкрыты турнір “Танцуем разам”). Сёлета тэатру моды Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Hobby style прысвоена званне “ўзорны”.

Сярод педагогаў таксама нямала перамог. Вось некаторыя з іх: Святлана Мікалаеўна Малахава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Камунараўскай сярэдняй школы, — 1-е месца ў абласным этапе, а потым 1-е месца на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

Ірына Віктараўна Камарова, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, Людміла Аляксандраўна Кабаева, Святлана Віктараўна Крыкун, педагогі дадатковай адукацыі Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці, — 3-е месца на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі;

Ганна Пятроўна Бялёнак, настаўніца пачатковых класаў Губіцкай базавай школы, — 2-е месца ў абласным этапе, а затым 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Традыцыі і інавацыі ў дзейнасці ГА “БРПА”.

Людміла Аляксандраўна Кабаева, загадчыца аддзела музычна-харэаграфічнай і тэатральнай творчасці Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці, спачатку стала лепшай у абласным этапе, а пасля заняла 1-е месца ў рэспубліканскім педагагічным фестывалі-конкурсе “Майстар-клас: практычнае ўвасабленне творчых ідэй” (мастацкі профіль).

Дар’я Віктараўна Кавалёва, метадыст Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці, — 3-е месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Метадыст года”.

Паспяхова прайшлі атэстацыю пасля завяршэння навучання на II і III ступенях навучэнцы 9 і 11 класаў: 16 выпускнікоў атрымалі пасведчанні з адзнакай, 10 выпускнікоў — атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў раёне выпускнікі атрымалі два стабальныя сертыфікаты па англійскай і рускай мовах. Гэта прадстаўнікі гімназіі Буда-Кашалёва і Дуравіцкай сярэдняй школы адпаведна.              

— Што цікавага прапануеце на летніх канікулах?

— У рамках рэспубліканскай акцыі “ЗдОрава! ЗдарОва! Карысна! Дружна!”, абласной міжведамаснай праграмы “Лета на карысць — 2021” арганізавана работа аздараўленчых лагераў дзённага і кругласутачнага знаходжання, у тым ліку палатачных. Падлеткі атрымалі магчымасць зарабіць свае першыя грошы ў лагерах працы і адпачынку, а таксама падчас рэалізацыі працоўных праектаў па другаснай занятасці па пашыве пасцельнай бялізны, сцэнічных касцюмаў, рамонце мэблі, кніжнага фонду, пры індывідуальным працаўладкаванні на сельгаспрадпрыемствы. Акрамя таго, забяспечваецца занятасць дзяцей на гульнявых і спартыўных пляцоўках, арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах, нашы дзеці ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх акцыях, праектах і конкурсах.

Выдатным прыкладам арганізацыі летняга вольнага часу з’яўляецца дадатковая адукацыя. Ва Уваравіцкім цэнтры дзіцячай творчасці ў рамках работы лагера “Тэрыторыя дзяцінства” дзеці атрымалі ўнікальную магчымасць здзейсніць кругасветнае падарожжа. За 18 дзён юныя вандроўнікі змаглі “наведаць” 18 краін, даведацца іх традыцыі, звычаі, азнаёміцца з галоўнымі славутасцямі. А цяпер на базе цэнтра адчыніў свае дзверы гадавы прафарыентацыйны лагер “Равеснік”.

Па ініцыятыве цэнтра сумесна з камісіяй па справах непаўналетніх Буда-Кашалёўскага райвыканкама і Буда-Кашалёўскім сацыяльна-педагагічным цэнтрам рэалізаваны раённы сацыяльна-прафілактычны праект “#ПодRоstОК: время действовать вместе”. Юнакі і дзяўчаты сталі ўдзельнікамі лабараторыі падлеткавых пытанняў, тымбілдынгу гульняў, рэйду бяспекі, адкрытага дыялогу, прафілактычных гутарак, інтэрактыўных пляцовак, работы World Cafе.

Пры рэалізацыі праекта на высокім узроўні было арганізавана міжведамаснае ўзаемадзеянне: з падлеткамі працавалі прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, ваеннага камісарыята, аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пракуратуры, раённай арганізацыі “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах”, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Усяго ў летні перыяд запланавана аздаравіць больш за 1000 дзяцей у 57 лагерах.

— Ці гатовы ўстановы адукацыі раёна да новага навучальнага года?

— У цяперашні час пачалася прыёмка ўстаноў да новага навучальнага года. Зроблена многае, у тым ліку і гаспадарчым спосабам. Ва ўстановах праведзены рамонт санвузлоў, харчаблокаў і абедзенных залаў, усіх вучэбных кабінетаў, холаў, лесвічных маршаў, добраўпарадкаваны прылеглыя да ўстаноў тэрыторыі. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту закуплена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне: электрапліты, халадзільнікі, маразільнікі, электракацёл харчовы (на суму 29,00 тысяч рублёў). Вучэбна-спартыўная база прыведзена ў належны выгляд, прайшла выпрабаванні, ёсць неабходныя дазвольныя дакументы.

У гэтым годзе ў раён прыбылі 34 маладыя спецыялісты. Усім прапанаваны месцы для працаўладкавання ў адпаведнасці з кваліфікацыяй.

— Як плануеце арганізоўваць дапрофільную і профільную падрыхтоўку школьнікаў у новым навучальным годзе?

— У раёне дастаткова развітая сетка профільных класаў (груп), у якіх вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. У новым 2021/2022 навучальным годзе плануем забяспечыць ахоп не меншы, чым ў мінулым, — 47,6% навучэнцаў 9—11 класаў. Плануем работу педагагічных і аграрных груп. У новым 2021/2022 навучальным годзе на павышаным узроўні будзе ажыццяўляцца вывучэнне нямецкай мовы ў 5-х класах 4 устаноў адукацыі, вывучэнне на павышаным узроўні рускай, беларускай, замежных моў, фізікі плануюць асобныя навучэнцы яшчэ 7 устаноў.

— А што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму сёння?

— У цяперашні час мая дзейнасць як начальніка аддзела не абмежавана службовымі функцыямі, якія тычацца толькі адукацыйнага або вучэбна-трэніровачнага працэсу. Яна разнастайная, але ў ёй важна ўсё: і стварэнне бяспечных і камфортных умоў для адукацыйнага працэсу, і ўмовы знаходжання дзяцей у іх сем’ях, і якасць адукацыі, і павышэнне матывацыі ў дзяцей да вучобы, і многае іншае. Але цяпер хвалюе арганізаваны пачатак навучальнага 2021/2022 года, бо хочацца бачыць усіх дзяцей 1 верасня за школьнымі партамі, а побач іх педагогаў — здаровымі, адпачыўшымі, поўнымі сіл для новых адкрыццяў, перамог і дасягненняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.