Увага і клопат — дзецям

Разнастайныя тэматычныя забаўляльныя мерапрыемствы арганізавала магілёўская моладзь напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей. Усе яны прайшлі ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Дзень абароны дзяцей з БРСМ”.

Як паведамілі ў абкаме маладзёжнага грамадскага аб’яднання, валанцёры БРСМ “Добрае Сэрца” паспрабавалі акружыць клопатам выхаванцаў дзіцячых дамоў, сацыяльна-педагагічных, карэкцыйна-развіццёвых цэнтраў, дзяцей, якія выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу і ў шматдзетных сем’ях.

Так, у Крычаўскім раёне правялі раённы конкурс малюнкаў “Дзяцінства — гэта ра­дасць!”. Моладзь Бабруйскага раёна арганізавала дыстанцыйную акцыю “Парад паветраных зме яў”. На Мсціслаўшчыне ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі адбылася акцыя “Клопат дзецям”, а ў гімназіі № 3 Магілёва — танцавальны флэш-моб “Яскравае свята дзяцінства”. У Instagram акаўнце Магілёўскага гарадскога камітэта БРСМ прайшоў ONLINE Quiz “ Усе мы родам з дзяцінства” — своеасаблівая анлайн-віктарына ў рэжыме рэальнага часу. Працоўная моладзь Магілёўскага інстытута МУС наведала выхаванцаў Мацюцкага ясляў-сада Горацкага раёна, дзе паказала святочную пастаноўку і ўручыла малышам падарункі.

Падобныя мерапрыемствы прайшлі ў кожным раёне Магілёўскай вобласці. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі частка запланаваных мерапрыемстваў была пераведзена ў анлайн-фармат. Астатнія правялі з выкананнем правілаў гігіены, мер індывідуальнай абароны і сацыяльнага дыстанцыянавання.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.