Увага — кожнаму дзіцяці

- 10:54Актуально, Апошнія запісы, Нашы дзеці

Навагодняе свята для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Полацкага раёна з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі адбылося 21 снежня ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Да ранішніка хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваімі педагогамі падрыхтавалі выставу навагодніх вырабаў, шыкоўныя касцюмы і яркія выступленні. Чарадзейны Дзед Мароз са Снягуркай і іх памочнікі — юныя артысты ўзорнага харэаграфічнага калектыву Remix і ўзорнай вакальнай студыі “Трэлькі” з сярэдняй школы № 6 Полацка — ператварылі навагодні паказ ля зялёнай прыгажуні ёлкі ў вясёлую прыгоду і запамінальнае свята. Колькі ж радасці было ў дзятвы, калі да іх завіталі шаноўныя госці: міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Лазоўскі і начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова!

— Пачатак года заўсёды звязаны з новымі чаканнямі, думкамі, ідэямі, — віншуючы ўдзельнікаў ранішніка з надыходзячымі Калядамі і Новым годам, адзначыў Ігар Васільевіч. — Гэта спадзяванне на тое, каб спраўдзіліся самыя запаветныя жаданні — а яны абавязкова спраўдзяцца! Моцнага вам здароўя, поспехаў у вучобе і на ўсіх вашых шляхах, пазітыву і радасці!

Паглядзець навагоднія тэлепраграмы дзеці змогуць у новым фармаце дзякуючы вялікаму сучаснаму тэлевізару — падарунку міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па словах дырэктара цэнтра Вікторыі Каралёвай, у далейшым тэлевізар будзе выкарыстоўвацца для арганізацыі як вучэбных заняткаў, так і вольнага часу, адпачынку выхаванцаў. На цяперашні час у сацыяльным прытулку, што ўваходзіць у структуру сацыяльна-педагагічнага цэнтра, знаходзяцца 8 непаўналетніх ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. У цэнтры працуе больш за 30 педагогаў, асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці з’яўляюцца прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва, абарона правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, забеспячэнне рэалізацыі мерапрыемстваў комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

— Характэрна, што на працягу апошніх гадоў у раёне назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — адзначыла Вікторыя Каралёва. — Мы ажыццяўляем псіхалагічную дыягностыку і падрыхтоўку кандыдатаў ва ўсынавіцелі, прыёмныя бацькі, апекуны да выканання бацькоўскай ролі. У 160 апякунскіх і прыёмных сем’ях і адным дзіцячым доме сямейнага тыпу знаходзяцца 224 дзіцяці з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Мерапрыемствы комплекснай рэабілітацыі ў раёне ажыццяўляюцца ў дачыненні да 16 непаўналетніх, за гэты год у дачыненні да 12 спынена рэалізацыя мерапрыемстваў першаснай рэабілітацыйнай праграмы. Важны станоўчы вынік нашай сумеснай з установамі адукацыі работы — адсутнасць падстаў для накіравання непаўналетніх у спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы. Мы вучым маладых бацькоў, непаўналетніх мам па праграме “Хатняе візітаванне”, у цэнтры арганізавана дзейнасць клубаў для бацькоў “Крок насустрач” і для падлеткаў “АнтыVirus”, рэалізуецца шэраг праектаў у рамках міжнароднага партнёрства паміж гарадамі Полацк і Фрыдрыхсхафэн, дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Свет без меж” пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, наладжана актыўнае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі. Напярэдадні Новага года нашы выхаванцы атрымліваюць многа шчырых добрых пажаданняў і падарункаў. Але самы галоўны падарунак для кожнага з іх — вярнуцца дадому, да любячых, клапатлівых, ласкавых бацькоў. Атрымаць гэты падарунак — наша галоўнае ім пажаданне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.