Увага не толькі дзецям, але і ад дзяцей

- 13:30Сацыяльны ракурс

Днямі былі падведзены вынікі рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Як паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, сёлетняя акцыя, якая прахозіла ў краіне з 12 снежня мінулага па 11 студзеня гэтага года, падтрымала ўсе пазітыўныя тэндэнцыі і традыцыі, якія былі закладзены падчас папярэдніх акцый.

Па папярэдніх даных, агульная сума сродкаў, якія былі затрачаны на дапамогу дзецям падчас акцыі, складае 29,2 млрд рублёў. У мінулым годзе сума сродкаў склала 23 млрд рублёў. Як і раней, вельмі актыўны ўдзел у акцыі прынялі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і бізнесу, а таксама простыя грамадзяне.
— Нашы канцэрны, банкаўская сістэма, вядомыя прадпрыемствы прынялі вельмі актыўны ўдзел у акцыі. Ёсць прыклады, калі арганізацыі аказвалі дапамогу больш чым двум дзясяткам сацыяльна значных устаноў для дзяцей на суму больш чым мільярд рублёў, — расказаў Віктар Віктаравіч. — Сярод грамадскіх арганізацый традыцыйна актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі Беларускі дзіцячы фонд, грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў”, якія арганізавалі мерапрыемствы для найбольш уразлівых катэгорый дзяцей, і шэраг іншых. Таксама парадавала актыўнае адкрыццё дзіцячых дамоў сямейнага тыпу непасрэдна падчас акцыі. Усяго было адкрыта 14 такіх устаноў — гэта новыя сем’і і дамы для тых дзяцей, якія да гэтага часу пражывалі ў інтэрнатных установах.
Па словах намесніка міністра, як і ў папярэднія гады, вельмі актыўна ўдзельнічалі ў акцыі простыя грамадзяне, якія тэлефанавалі на гарачыя лініі, пералічвалі сродкі на спецыяльныя рахункі, прыносілі цацкі і падарункі ў сацыяльна значныя ўстановы. Адметна, што сёлета ўдзельнікі акцыі вельмі адказна падышлі да выбару падарункаў: тэлефанавалі, даведваліся, што лепш падарыць дзецям.
— Запамінальнымі былі матэрыяльныя і нематэрыяльныя падарункі для дзяцей ад дабрачынцаў, — расказаў В.В.Якжык. — Многія ўстановы для дзяцей атрымалі разнастайную тэхніку, дзецям, акрамя традыцыйных салодкіх падарункаў, дарылі цацкі, сучасныя гаджэты, пуцёўкі на аздараўленне і іншае. На Галоўнай ёлцы краіны ўпершыню разам з салодкім падарункам кожнаму ўдзельніку быў уручаны флэш-дыск з інфармацыяй аб нашай краіне.
Важна і тое, што для ўсё большай колькасці ўдзельнікаў акцыі ўзаемадзеянне з дзіцячымі ўстановамі не абмяжоўваецца перыядам правядзення акцыі “Нашы дзеці”. Арганізацыі і прадпрыемствы бяруць шэфства над установамі для дзяцей і супрацоўнічаюць з імі на працягу ўсяго года. Сёння ўжо няма ніводнай інтэрнатнай установы, дзе была б толькі адна шэфская арганізацыя, зараз іх ужо дзве, тры і нават дзесяць на адну дзіцячую ўстанову.
У выніку сёлета падчас акцыі ніводная ўстанова для дзяцей не засталася без увагі дабрачынцаў. Усяго ў рамках акцыі адбылося больш за 7 тысяч мерапрыемстваў, якімі было ахоплена каля 950 тысяч дзяцей.
Дарэчы, акрамя традыцыйных пазітыўных тэндэнцый акцыі, яе арганізатары адзначылі і новую добрую з’яву: імкненне саміх дзяцей падзяліцца з іншымі тым клопатам, які яны адчуваюць падчас правядзення навагодніх мерапрыемстваў. Самі дзеці не пакінулі па-за ўвагай прадстаўнікоў старэйшага ўзросту — ветэранаў вайны і працы, адзінокіх людзей. Канцэрты-віншаванні, простыя шчырыя словы па-сапраўднаму краналі прадстаўнікоў старэйшага пакалення падчас сустрэч з дзецьмі. Гэты рух быў прадстаўлены ва ўсіх рэгіёнах краіны. Так, напрыклад, толькі ў адным з раёнаў Брэста дзейнічалі 33 валанцёрскія атрады.

Алена МАРКЕВІЧ.