Увага! Новыя спецыяльнасці

Для выпускнікоў школ наступіў час выбару прафесіі. Кожны год установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прапануюць вялікі спіс розных прафесій, якія можна ў іх набыць. І кожны год гэты спіс абнаўляецца. Навучальныя ўстановы ўважліва сочаць за зменамі на рынку працы, аператыўна рэагуюць на патрэбы эканомікі краіны. Таму некаторыя спецыяльнасці знікаюць і з’яўляюцца новыя. Прапануем пазнаёміцца з новымі спецыяльнасцямі і кваліфікацыямі, па якіх адкрыецца набор у 2020 годзе.

Брэсцкая вобласць

На Брэстчыне будзе адкрыта падрыхтоўка па шэрагу новых рабочых кваліфікацый.

У Баранавіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў даўно рыхтуюць спецыялістаў для галіны. Каб рабіць гэта як мага больш паспяхова, тут уважліва сочаць за ўсімі  інавацыямі ў будаўніцтве і хутка рэагуюць на змяненні. Так, адным з першых у краіне ліцэй пачаў рыхтаваць страхароў. І сёння ўстанова адзіная ў Брэсцкай вобласці рыхтуе такіх спецыялістаў. З 2019 года навучэнцы могуць атрымліваць адукацыю па новай спецыяльнасці “Мантажнік каркасна-абшытых канструкцый сухога будаўніцтва”. Тэхналогіі сухога будаўніцтва ма­юць велізарны тэхнічны і дызайнерскі патэнцыял, усё больш будаўнічых кампаній выкарыстоўваюць іх. Таму з’яўленне новай спецыяльнасці ў ліцэі адпавядала сучасным тэндэнцыям. У наступным  навучальным годзе ліцэй будаўнікоў таксама прапануе новыя кваліфікацыі. У 2020 годзе іх пералік папоўніцца кваліфікацыяй “арматуршчык”. Атрымліваць яе навучэнцы будуць у інтэграцыі з яшчэ дзвюма. Такім чынам, выпускнікі атрымаюць адразу тры прафесіі — арматуршчык, муляр і тынкоўшчык. Дарэчы, гэта не адзіная магчымасц­ь атрымаць адразу некалькі прафесій, якую прапаноўвае ліцэй. Навучэнцы дзённага аддзялення на працягу навучання паралельна з асноўнай спецыяльнасцю могуць атрымаць дадатковую на платнай аснове. Новая кваліфікацыя з’явіцца і на завочным аддзяленні — гэта “ізаліроўшчык на тэрмаізаляцыі 3 разраду”.

У Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў ажыццяўляецца падрыхтоўка па двух кірунках — “Архітэктура і будаўніцтва” і “Тэхніка і тэхналогія”.  Апошні кірунак прадугледжвае падрыхтоўку электразваршчыкаў. У 2020 годзе ва ўстанове можна будзе атрымаць новую кваліфікацыю  — “кантралёр зварачных работ 3-га разраду”. Адзначым, што на базе навучальнай установы дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Тэхналогія зварачных работ”, які забяспечвае высокі ўзровень асваення сучасных зварачных тэхналогій.

Электраманцёраў ахоўна-пажар­най сігналі­зацыі 3-га разраду пачнуць рыхта­ваць у Белаазёрскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі. Бярозаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў пачынае падрыхтоўку рабочых па кваліфікацыях “жылоўшчык мяса і суб­прадуктаў 3-га разраду”, “абвальшчык мяса 4-га разраду”. У Навамышкаўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці з’явіцца новая кваліфікацыя — “вытворца мясных паўфабрыкатаў”.

Віцебская вобласць

Падрыхтоўку па новых прафесіях ва ўстановах прафесійнай адукацыі Віцебскай вобласці з 2020 года пачынаюць дзве ўстановы.

На ўзроўні ПТА Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці пачынае прыём на спецыяльнасць “Выраб футра” па кваліфікацыях “аддзелачнік футравых шкурак”, “апаратчык дублення”. Патрэба ў такіх спецыялістах з’явілася ў сувязі з адкрыццём пасля мадэрнізацыі футравага камбіната ў Віцебску. Каледж цесна супрацоўнічае з прадпрыемствам, рыхтуе для яго кадры. На 2020/2021 навучальны год для выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання каледжа запланавана праходжанне стажыроўкі на камбінаце. Акрамя гэтага, каледж узяў на сябе абавязкі па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння ПТА па спецыяльнасці “Выраб футра”.

На ўзроўні ССА ў вобласці таксама з’явіцца новая спецыяльнасць. Аршанскі аграрны каледж будзе ажыццяўляць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі” (кваліфікацыя “наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі 5-га разраду”).

Гомельская вобласць

На ўзроўні ССА ў Мазырскім дзяржаўным політэхнічным каледжы адкрыта падрыхтоўка па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання (па напрамках)” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-электрык”.

 — З’яўленне новай спецыяльнасці ў 2020 годзе звязана з запытам з боку арганізацый — заказчыкаў кадраў. Паколькі дагэтуль падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці ў Палескім рэгіёне не ажыццяўлялася, то рынак працы рэгіёна адчувае патрэбу ў спецыялістах кваліфікацыі  “тэхнік-электрык”, якія выконваюць электрамантажныя работы і тэхнічную эксплуатацыю электраабсталявання, праводзяць разлік электрычных ланцугоў току, кіруюць калектывам рабочых па мантажы, эксплуатацыі і рамонце абсталявання, — расказвае дырэктар Мазырскага політэхнічнага каледжа Сяргей Мікалаевіч Дашкевіч.

Каледж аператыўна рэагуе на запыты рэгіянальнага рынку працы і адкрывае пры неабходнасці новыя спецыяльнасці. Так, у 2019 годзе ўсе жадаючыя мелі магчымасць паступіць і пачаць навучацца па новай спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць”. Сёння каледж прапануе 10  спецыяльнасцей на ўзроўні ССА, што дае абітурыентам шырокі выбар. Гэта спецыяльнасці будаўнічага, машынабудаўнічага, эканамічнага профіляў, а таксама спецыяльнасці, звязаныя з пера­працоўкай нафты і газу.

Гродзенская вобласць

Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну адкрывае падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасці “Маркетынг”. Пра тое, што спецыялісты гэтага кірунку патрэбныя, паведамілі некалькі гандлёвых арганізацый вобласці. Адметна, што з заказчыкамі кадраў установа імкнецца працаваць на апярэджанне. Так, напрыклад, адна з буйных гандлёвых сетак збіраецца адкрыць свае першыя магазіны ў Гродне праз два гады, а рыхтаваць спецыялістаў для іх пачнуць ужо ў верасні. Таксама ва ўстанове на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’явіцца новая кваліфікацыя  “кантралёр слясарных і станочных работ” у рамках спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”.

Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці пачынае падрыхтоўку кадраў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй па кваліфікацыі “вытворчасць мясных прадуктаў”.

Магілёўская вобласць

Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7 у 2020 годзе будзе ажыццяўляць набор па новай кваліфікацыі — “апаратчык выцяжкі 4-га разраду”.  Падрыхтоўка па гэтай кваліфікацыі будзе весціся ўпершыню. Зараз ні адна ўстанова адукацыі ў нашай краіне не вядзе навучанне па такой кваліфікацыі. Важную ролю ў яе з’яўленні адыгрывае ключавы партнёр МДПЛ № 7, базавая арганізацыя — ААТ “Магілёўхімвалакно”.  Прадпрыемства зацікаўлена ў такіх спецыялістах і гатова браць удзел у іх падрыхтоўцы. Для забеспячэння якаснай падрыхтоўкі навучэнцаў па новай кваліфікацыі на базе “Магілёўхімвалакна” зага­дзя было арганізавана навучанне педагогаў ліцэя.

Прафесійны ліцэй № 7 — шматпрофільная ўстанова, аднак асноўны кірунак яе работы — падрыхтоўка кадраў для хімічнай прамысловасці. Установа адукацыі ўжо доўгі час ажыццяўляе падрыхтоўку неабходных рабочых кадраў для прадпрыемства “Магілёўхімвалакно”: электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, слесараў па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы, лабарантаў хімічнага аналізу. МДПЛ № 7 — адзіная прафесійная ўстанова, якая ажыццяўляе падрыхтоўку па прафесіях аператар кручэння i выцяжкі і апаратчык сінтэзу і мае адпаведнае для гэтага навукова-метадычнае забеспячэнне.

Узаемадзеянне з прадпрыемствам ажыц­цяўляецца па розных кірунках: павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, арганізацыя адукацыйнага працэсу, сумесная распрацоўка вучэбных праграм па прадметах прафесійнага кампанента і інш. Навучэнцы ліцэя маюць магчымасць адпрацоўваць асноўныя практычныя навыкі на складаным абсталяванні рэгіянальнага горадаўтваральнага прадпрыемства. Гэтую магчымасць змогуць выкарыстаць і тыя, хто будзе атрымліваць новую кваліфікацыю.

Навучанне юнакоў і дзяўчат новага набору будзе ажыццяўляцца, у тым ліку, у рамках дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы з ААТ “Магілёўхімвалакно”. Выпускнікі, якія атрымаюць кваліфікацыю “апаратчык выцяжкі”, змогуць працаваць на найбуйнейшых прадпрыемствах хімічнай прамысловасці. Акрамя ААТ “Магілёўхімвалакно”, гэта філіял “Завод Хімвалакно” ААТ “Гродна Азот”, ААТ “Светлагорскхімвалакно”.

Магілёўскі дзяржаўны машынабудаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж аднаўляе падрыхтоўку па кваліфікацыі “каваль-штампоўшчык”.

У Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы з’явіцца новая спецыяльнасць на ўзроўні ССА — “Аўтасэрвіс” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-механік”.

Мінская вобласць

На Міншчыне ў 2020 годзе будзе ажыццяўляцца прыём па дзвюх новых спецыяльнасцях. У Мар’інагорскім дзяржаўным ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічным каледжы імя У.Е.Лабанка будуць навучаць па  спецыяльнасці “Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы” па запыце арганізацый сельскагаспадарчага профілю, такіх як ЗАА “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя”, ААТ “Аграсімвал”, сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Дукора-Агра”,    Рэспубліканскае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Эксперыментальная база “Заазер’е” РНПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі і інш.

У Навапольскім дзяр­жаўным аграрна-эканамічным каледжы з’явіцца новая спецыяльнасць “Арганізацыя гасцінічных паслуг”. Патрэбу ў спецыялістах гэтага кірунку адчуваюць  шэраг санаторна-курортных арганізацый, гасцініц і іншых аб’ектаў, якія аказваюць гасцінічныя паслугі, размешчаных на тэрыторыі Мінскага, Валожынскага, Лагойскага раёнаў. Напрыклад, Мінская абласная спартыўна-аздараўленчая база “Галактыка”, дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча”, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, санаторый “Беларусачка” і інш.

Мінск

З верасня 2020 года ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, плануецца набор па 4 новых для горада кваліфікацыях узроўню ПТА. Гэта кваліфікацыя “апрацоўшчык дэталяў, паўфабрыкатаў і вырабаў”, якая з’явіцца ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы швейнай вытворчасці, “рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх фарбаў” — у Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 7 будаўніцтва. Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту прапануе новую кваліфікацыю “машыніст электрацягніка”, а Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання — кваліфікацыю “вадзіцель пагрузчыка”.

Таксама будзе адноўлена падрыхтоўка па рабочай прафесіі оптык у Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 9 аўтамабілебудавання.

МДПЛ № 7 будаўніцтва ўпершыню для гэтай установы адукацыі будзе ажыццяў­ляць падрыхтоўку па кваліфікацыі “вадзіцель аўта­мабіля” ў інтэграцыі з дзвюма кваліфікацыямі электратэхнічнага профілю. МДПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ будзе ажыццяўляць падрыхтоўку па кваліфікацыі “электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі”, а МДПТК швейнай вытворчасці — “майстар па манікюры”.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега Ігнатовіча.