Увага падрастаючай змене!

У Акадэміі МУС абмеркавалі асаблівасці прафарыентацыйнай работы, якую міліцэйская УВА арганізуе ў агульнаадукацыйных установах рэспублікі.

Ужо 16 гадоў ва ўсіх рэгіёнах краіны прафарыентацыйную работу з навучэнскай моладдзю Акадэмія МУС праводзіць сумесна з педагагічнымі калектывамі, тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў і ўпраўленнямі па адукацыі. Сёння на падставе дагавораў аб супрацоўніцтве міліцэйская УВА ўзаемадзейнічае з 71 навучальнай установай, у тым ліку з Брэсцкім абласным, Віцебскім, Гомельскім, Мінскім абласным, Магілёўскім абласным, Полацкім кадэцкімі вучылішчамі, а таксама са Спецыялізаваным ліцэем МУС. А яшчэ ёсць гімназіі і школы, у якіх створаны прававыя класы (усяго 219 такіх класаў і 21 група, якія аб’ядноўваюць больш як 5000 вучняў).

— Нам удалося стварыць эфектыўную сістэму прафарыентацыйнай работы з вучнёўскай моладдзю, у якой вельмі важная роля належыць школам і іншым установам адукацыі, якія супрацоўнічаюць паміж сабой, — падкрэсліў старшы інспектар групы прафарыентацыйнай работы Валерый Страмбурскі, які ў сваім выступленні падвёў вынікі дзейнасці за мінулы навучальны год і прывёў лічбы і факты, якія характарызуюць гэтую сферу.

Такім чынам, гэтым летам у акадэмію паступілі 115 выпускнікоў прававых класаў і кадэтаў, а гэта кожны чацвёрты першакурснік. Больш за ўсё навучэнцаў прыйшло з Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча (15) і Спецліцэя МУС (14). Выбралі акадэмію чатыры выпускнікі прававых класаў сярэдняй школы № 10 Ліды, па тры з сярэдніх школ № 28 Брэста і № 4 Кобрына. Такіх прыкладаў яшчэ шмат, да гэтага яшчэ можна дадаць і паступленне моладзі на факультэты юрыдычнага профілю іншых УВА нашай краіны.

Пры правядзенні прафарыентацыйнай работы, міліцэйская альма-матар імкнецца са школьнай лаўкі выхаваць годных афіцэраў, зацікавіць будучых абітурыентаў у прафесіі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Разам з тым вырашаецца яшчэ адна важная задача — па прафілактыцы і папярэджанні правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі. Пра тое, у якім напрамку арганізавана работа вучняў прававых класаў, аб яе асаблівасцях і выніках расказала на семінары сацыяльны педагог сярэдняй школы № 12 Пінска Вольга Палюховіч. Для працягу тэмы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Полацка Святлана Самкова падрабязна спынілася на выхаваўчых мерапрыемствах, якія праводзяць юныя правазнаўцы ў малодшых і сярэдніх класах школы.

Мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў Акадэміі МУС, цікавых і разнапланавых, сапраўды шмат. Сярод іх — дні адкрытых дзвярэй, большасць з якіх праходзіць у абласных цэнтрах і іншых гарадах. Не застаюцца ў баку ад гэтай работы курсанты факультэтаў міліцыі, следча-экспертнага і крымінальна-выканаўчага. Будучыя афіцэры наведваюць установы адукацыі, выпускнікамі якіх самі з’яўляюцца. На такіх сустрэчах з вучнёўскай моладдзю нашы юнакі расказваюць пра жыццё міліцэйскай альма-матар, адказваюць на шматлікія пытанні, звязаныя з паступленнем, гутараць на прававыя тэмы.

Акадэмія заўсёды гасцінна сустракае групы вучняў з розных рэгіёнаў, якія спецыяльна прыязджаюць у Мінск, каб пазнаёміцца асабіста з вядучай міліцэйскай УВА Беларусі. У мінулым навучальным годзе ў такой экскурсіі па вучэбных карпусах акадэміі прынялі ўдзел і прадстаўнікі 40 устаноў адукацыі.

Сёлетні вучэбна-метадычны семінар даў магчымасць прысутным абмеркаваць асаблівасці сумеснай дзейнасці, абмяняцца вопытам работы прававых класаў, расказаць пра яркія маладзёжныя праекты прававой накіраванасці, якія рэалізуюцца як у асобных установах адукацыі, так і па ўсёй краіне. Па традыцыі ўдзяляецца ўвага мерапрыемствам, якія сталі візітоўкай кай Акадэміі МУС, а менавіта: правядзенню прававой алімпіяды “Феміда”, кадэцкай алімпіяды “Патрыёт” і конкурсу сачыненняў “Мы выбіраем шлях”. Міліцэйская УВА штогод праводзіць такія рэспубліканскія інтэлектуальна-творчыя мерапрыемствы сярод навучэнцаў кадэцкіх вучылішч, спецліцэяў і прававых класаў агульнаадукацыйных устаноў.

На семінары вопытам прафарыентацыйнай работы і прапановамі падзяліліся прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія сёння ў авангардзе гэтага на-прамку дзейнасці. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 13 Гродна Мікалай Падручны засяродзіў увагу на асаблівасцях узаемадзеяння з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў, вайсковымі часцямі і грамадскімі арганізацыямі. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Ваўкавыска Ірына Клак падрабязна спынілася на рабоце летняга аздараўленчага лагера прававой накіраванасці. Намеснік дырэктара па метадычнай рабоце сярэдняй школы № 68 Мінска Кацярына Сачак акрэсліла галоўныя вынікі супрацоўніцтва прававых класаў устаноў адукацыі Беларусі і Расіі. Дырэктар сталічнай сярэдняй школы № 152 Алена Цітова адзначыла найважнейшыя складнікі школьнага інтэрнэт-сайта.

Важныя пытанні ў розных сферах прафарыентацыйнай работы таксама закранулі ў сваіх выступленнях намеснік начальніка Акадэміі МУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Аляксандр Брысюк, прэс-сакратар кампаніі “Бяспечныя дарогі Беларусі” Аляксандр Хількевіч, маркетолаг-партнёр аднаго з мінскіх выдавецтваў вучэбна-метадычнай літаратуры для абітурыентаў Мар’ян Бурні.

Не толькі даклады ўвайшлі ў праграму семінара. Хвалюючай атрымалася ўрачыстая частка. Спачатку таленты акадэміі прадставілі гасцям некалькі канцэртных нумароў. Потым у залу ўвайшлі курсанты — выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія супрацоўнічаюць з акадэміяй. Юнакі, якія былі дэлегаваны калектывам, ад усяго курсанцкага таварыства выказалі падзяку прадстаўнікам навучальных устаноў, адзначыўшы важную ролю настаўнікаў на жыццёвым шляху кожнага маладога чалавека. А на цырымоніі ўзнагароджання кіраўніцтва Акадэміі МУС граматамі і нагруднымі знакамі адзначыла амаль 50 педагогаў, якія праводзяць прафарыентацыйную работу.

Настасся ВОІНАВА,
група інфармацыі і грамадскіх сувязей Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
Фота аўтара.