Увага — прафесійнаму навучанню

- 12:06Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Мсціслаўшчыны асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню ўмоў для ранняй прафарыентацыі і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў. У раёне створана эфектыўная сістэма работы па падтрымцы падрастаючага пакалення ў прафесійным самавызначэнні. Акрамя лакальных прафарыентацыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўнутры кожнай навучальнай установы, рэгулярна арганізоўваюцца і больш маштабныя, якія аб’ядноўваюць вучняў усіх школ.

Так, для вучняў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна прайшоў конкурс JuniorSkills. Галоўная яго мэта — якраз ранняя праф­арыентацыя дзяцей.

— Мы ставілі перад сабой мэту развіць у вучняў навыкі практычнага вырашэння задач у канкрэтных прафесійных сітуацыях, раскрыць іх творчыя здольнасці і павысіць самастойнасць, адказнасць за сваю працу, — паведаміла загадчык Мсціслаўскага вучэбна-метадычнага кабінета А.У.Трубянкова.

Паводле яе слоў, ­удзельнікамі конкурсу сталі вучні 3—11 класаў усіх школ раёна, а таксама навучэнцы Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава. Усяго раённы JuniorSkills аб’яднаў каля 130 хлопчыкаў і дзяўчынак. Спаборніцтвы праходзілі па розных кампетэнцыях і ў розных узроставых катэгорыях.

— Мы імкнуліся стварыць усе ўмовы для таго, каб кожны ўдзельнік мог праявіць сябе і свае здольнасці. Было прадугле­джана шэсць конкурсных кампетэнцый: “Творчасць і фантазія”, “Будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі”, “Творчыя прафесіі і мода”, “Сацыяльныя і персанальныя паслугі”, “Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі”, “Аграномія”. Конкурсныя заданні былі распрацаваны з улікам узроставых асаблівасцей вучняў. Напрыклад, у кампетэнцыі “Творчасць і фантазія” канкурсанты 8—9 гадоў праяўлялі сябе ў саломапляценні, тыя, каму 10—11 гадоў, працавалі ў тэхніцы бісерапляцення, а 12—16-гадовыя выконвалі сувенір у на­прамку цестапластыкі. У кампетэнцыі “Будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі” мы прапанавалі навучэнцам праявіць сябе ў сталярнай справе. Пяцікласнікі выконвалі макет хаткі, шасцікласнікі рабілі апрацоўчую дошку, вучні 7-х класаў выраблялі сувенірную ўпаковачную скрыню, васьмікласнікам неабходна было зрабіць падстаўку для тэлефона, дзевяцікласнікам — лавачку, дзесяцікласнікам — рамку для вулляў, а адзінаццацікласнікам — табурэт, — расказала Алеся Ула­дзіміраўна.

Такая разбіўка ў заданнях была і на астатніх кампетэнцыях. У кампетэнцыі “Аграномія” выступленні былі каманднымі. Тэарэтычныя веды і практычныя ўменні каманды навучальных устаноў дэманстравалі, выконваючы тэсты, эксперыментальным спосабам вызначаючы віды глебы, віды збожжавых і агародных культур, мінеральных угнаенняў, вырошчваючы расаду агародніны.

Адметна, што сярод найбольш шматлікіх ­удзельнікаў былі навучэнцы, якія праходзяць праграму прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па спецыяльнасці “Агароднік”, а таксама навучэнцы  аграрнага  класа.

— Па кожнай кампетэнцыі былі арганізаваны тэматычныя выставы і майстар-класы. Важна і тое, што ў складзе журы, якое ацэньвала выступленні канкурсантаў, былі не толькі педагогі, а і эксперты — спецыялісты той ці іншай сферы, — адзначыла А.У.Трубянкова.

Па выніках конкурсу пераможцам у кампетэнцыі “Будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі” стаў вучань сярэдняй школы № 2 Мсціслава Ула­дзіслаў Бесалбасаў. Вучаніца гэтай навучальнай установы Паліна Падкавенка лепш за астатніх праявіла сябе ў кампетэнцыі “Інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі”. Лепшымі ў кампетэнцыі “Творчасць і фантазія” сталі навучэнцы Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава Дар’я Пракаповіч і Юлія Пракоф’ева, вучаніца Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дар’я Старчанка і навучэнка Сялецкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вікторыя Цурганава. У кампетэнцыі “Сацыяльныя і персанальныя паслугі” вызначылася вучаніца Падсолтаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ангеліна Сіліванава, а ў кампетэнцыі “Творчыя прафесіі і мода” — вучаніца гімназіі Мсціслава Паліна Раманенка. Перамогу ў кампетэнцыі “Аграномія” атрымалі навучэнцы Мазалаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Усяго дыпломамі аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама былі адзначаны звыш 30 навучэнцаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Мсціслаўскім вучэбна-метадычным кабінетам.