Уверх па лесвіцы поспеху

Пытанні выкарыстання традыцыйных і сучасных падыходаў да арганізацыі работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, пераемнасці ў іх навучанні, падрыхтоўкі да алімпіяд і даследчых конкурсаў, псіхалагічнага суправаджэння школьнікаў, развіцця творчага патэнцыялу педагогаў былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі “Інтэлектуалы ХХІ стагоддзя: як арганізаваць работу з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі”, якая прайшла ў Ленінскім раёне сталіцы на базе гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны. Педагогі падзяліліся эфектыўнымі практыкамі работы.

— Мы працягваем традыцыю правядзення раённых канферэнцый, прысвеча­ных актуальным праблемам развіцця сістэмы адукацыі, — адзначыла, адкрываючы канферэнцыю, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Кучынская. — Для сучаснай школы асаблівае значэнне набываюць пытанні навучання, развіцця і выхавання адораных і высокаматываваных дзяцей. Яны напрамую звязаны з новымі ўмовамі і патрабаваннямі ў хутка зменлівым свеце. Задача педагога — убачыць у кожным вучні асобу, дапамагчы ёй сфарміравацца, развіцца і ўдасканальвацца, распазнац­ь індывідуальнасць, а таксама стварыць сістэму работы з гэтай катэгорыяй навучэнцаў.

Зусім невыпадкова пляцоўкай для правядзення мерапрыемства выбрана сталічная гімназія № 1, бо тут работа з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі пастаўлена вельмі дакладна, выверана, эфектыўна, педагогі ўмела вызначаюць індывідуальную траекторыю развіцця асобы кожнага адоранага навучэнца і ўзгадоўваюць яе.

— У рабоце з адоранымі дзецьмі няма лішняга звяна, якога б можна было пазбавіцца, — лічыць Н.Г.Кучынская. — Абавязкова павінны быць дзіця, у якім можна запаліць іскрынку, таленавіты, метадычна дасведчаны настаўнік, які гэта зробіць, дырэктар, які разумее важнасць такой работы і дакладна прадставіць па палічках сістэму, якая спрацуе на вучня, і бацькі, якія падтрымаюць сваё дзіця, сказаўшы: “У цябе ўсё атрымаецца!”

Навучэнцы Ленінскага раёна дэманструюц­ь высокія вынікі ў алімпіядным руху, навукова-даследчай дзейнасці. На працягу шэрага гадоў раён утрымлівае 3-е месца ў горадзе. За тры апошнія гады школьнікі атрымалі 259 дыпломаў на трэцім і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (230 і 29 адпаведна). На гарадскім этапе навучэнцы заваявалі 7 камандных кубкаў, 2 з іх — па беларускай мове, 2 — па французскай, а таксама па англійскай мове, біялогіі і фізічнай культуры. За апошнія тры гады школьнікі на розных этапах конкурсу навукова-даследчых работ адзначаны 74 дыпломамі.

Пра сістэму работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі расказала дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Наталля Бушная. Па яе словах, для таго каб навучэнец знайшоў сваю адукацыйную практыку ва ўстанове, сваю нішу, павінны быць створаны адпаведныя магчымасці — пэўнае сканструяванае асяроддзе, дзе інтэгруюцца асобасныя (стандарты, вучэбныя праграмы, профільнае навучанне), адукацыйныя (рэсурс педагогаў: 82% настаўнікаў маюць першую і вышэйшую катэгорыю) і асяроддзевыя магчымасці (тое, што дае сталічны мегаполіс: супрацоўніцтва з УВА, лабараторыямі і інш.).

У выніку шматгадовай дзейнасці ў гімназіі сфарміравалася творчая лабараторыя па рабоце з адоранымі навучэнцамі. Выяўленне і работа з яркімі цікаўнымі дзецьмі пачынаецца ў пачатковай школе. Настаўнік бачыць дзіця з розных бакоў: як ва ўрочнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Усе педагогі пачатковых класаў гімназіі маюць станоўчы вопыт далучэння малодшых школьнікаў да конкурснага руху і даследчай дзейнасці. Гэта мэтанакіраваная работа працягваецца і на ІІ ступені адукацыі. Дапрофільная падрыхтоўка ў яе накіраванасці на ўключэнне ў алімпіядны рух ажыццяўляецца ў тым ліку і праз удзел у шматлікіх інтэлектуальных конкурсах, якія праводзіць Мінскі гарадскі палац дзяцей і моладзі. Часцей гэта камандныя спаборніцтвы, якія не проста развіваюць пазнавальныя здольнасці навучэнцаў, але і маюць сур’ёзны выхаваўчы патэнцыял, развіваюць якасці, якія будуюцца на калектывісцкіх пачатках і накіраваны на дасягненне выніку, значнага не толькі для асобнага навучэнца, але і для ўсёй каманды (па выніках мінулага года ў гімназіі 1-е месца).

Гімназія выступіла арганізатарам раённай алімпіяды па прадметах гуманітарнага цыкла для вучняў 5—8 класаў “Мы нашчадкі Скарыны”. З задавальненнем установа падхапіла і эстафету гарадскога конкурсу прамоўніцкага майстэрства “Віват, прамоўца!”. На працягу некалькіх гадоў вучні гімназіі ўражваюць журы харызмай, навыкамі публічнага выступлення, глыбінёй сваіх выказванняў, што дазваляе папаўняць гімназічную скарбонку дыпломаў. Такім чынам, падыходзячы да ІІІ ступені адукацыі, гімназія мае сфарміраваную каманду ўдзельнікаў алімпіяднага руху. Адладжаны механізм работы па падрыхтоўцы алімпіяднікаў прыносіць свой плён. Летась алімпіядным рухам былі ахоплены 284 навучэнцы старшых класаў, гэта 86% навучэнцаў 9—11 класаў. Па выніках удзелу ў гарадскім этапе рэспубліканскай алімпіяды гімназія займае 2-е месца ў горадзе (26 дыпломаў). У спектры дыпломаў прадстаўлены 13 вучэбных прадметаў, у падрыхтоўцы пераможцаў прыняў удзел 31 педагог, гэта значыць не адзін-два педагогі валодаюць метадамі і сродкамі падрыхтоўкі да алімпіяд, а шматлікая група!

На думку Н.У.Бушной, роля даследчых кампетэнцый для жыццёвага самавызначэння навучэнцаў намнога вышэйшая за кампетэнцыі рашаць алімпіядныя задачы. “Уменне паставіць мэту даследавання, а затым вызначыць задачы, што з’яўляюцца своеасаблівымі прыступкамі ў дасягненні мэты, фарміруе здольнасць і ў жыццёвых сітуацыях ставіць мэту і рухацца да яе праз вырашэнне пэўных задач”, — лічыць Наталля Уладзіміраўна.

Далучэнне школьнікаў да вучэбна-даследчай дзейнасці пачынаецца з пачатковай школы. Праводзіцца фестываль дзіцячых ініцыя­тыў за ўстойлівае развіццё для навучэнцаў малодшых класаў. Цікавы вопыт даследчай дзейнасці прадэманстравалі вучні 4-х класаў, якія вывучылі ў дакументах і аповедах сваіх прабабуль і прадзядуляў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і іх сем’яў. Вынікам стала аўтарская кніга “Беларусь памятае”. Добрай дапамогай у развіцці даследчых кампетэнцый вучняў ІІ ступені адукацыі з’яўляецца раённая канферэнцыя для навучэнцаў 5—8 класаў. У сценах гімназіі зарадзіўся вядомы конкурс экалагічных праектаў на англійскай мове “ЭКАС”. Летась у выніку супрацоўніцтва з Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытутам імя А.Д.Сахарава педагогі і настаўнікі гімназіі ўключыліся ў работу сесій Нацыянальнай школы-лабараторыі па біяэтыцы.

На ІІІ ступені адукацыі ў вучняў ёсць добрыя магчымасці паспрабаваць свае сілы спачатку на адкрытай гімназічнай навукова-практычнай канферэнцыі, дзе яны дэманструюць свае прамоўніцкія здольнасці, уменне лагічна і лаканічна выбудаваць выказванне, аргументавана даказаць сваю думку, а потым — на наступных этапах рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў.

Як адзначалася, гімназія ідзе ў нагу з часам і актыўна выкарыстоўвае лічбавае асяроддзе ў рабоце з высокаматываванымі дзецьмі. Электронныя сэрвісы і воблачныя тэхналогіі, электронны дзённік, высокі прафесіяналізм педагогаў у прымяненні ІТ дазволілі ўстанове якасна арганізаваць работу на адлегласці падчас неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі.

Прадметнае асяроддзе выступае важным атрыбутам сістэмы работы з высокаматываванымі дзецьмі. Адным з яе элементаў з’яўляецца гімназічная “Лесвіца поспеху”, дзе прадстаўлены лепшыя праекты навучальнага года, а таксама ўпісаны імёны і прозвішчы навучэнцаў, якія прадэманстравалі высокія вынікі ў вучэбнай дзейнасці.

— Зараз мы жывём у звышхуткім нестабільным свеце. Націснуў адну кнопку — і атрымаў усю неабходную інфармацыю, якую нашы дзеці, на жаль, не ўмеюць, а часам не хочуц­ь аналізаваць. Таму работа па фарміраванні матывацыі дасягнення значных вынікаў у ін­тэлектуальнай рабоце павінна суправаджацца дэманстрацыяй значнасці гэтых дасягненняў для калектыву. На жаль, нярэдкія выпадкі, калі навучэнцы забываюць аб укладзе ўсяго калектыву ўстановы адукацыі ў іх інтэлектуальныя дасягненні. Таму добра, калі ў педагога ёсць цэлая каманда алімпіяднікаў альбо даследчыкаў. Працуючы ў групе, яны дапамагаюць адно аднаму, матывуюць адно аднаго, спаборнічаюць. Словам, усведамляюць, што яны калектыў, які абараняе гонар сваёй установы, — лічыць дырэктар гімназіі.

Педагогі раёна прадставілі новыя формы і віды работы, якія выкарыстоўваюць у сваёй практыцы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Так, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Наталля Карчэўская з 1 класа ўключае дзяцей у творчы працэс пазнання, каб яны былі не толькі слухачамі, выканальнікамі, а яшчэ і творцамі. З першых дзён педагог знаёміць дзяцей з інтэлектуальным календаром малодшых школьнікаў, які распрацавала разам з калегай. Мэта праекта — стварэнне эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя для фарміравання інтэлектуальна-творчых уменняў навучэнцаў сродкамі сістэмы заданняў (пераважна аўтарскіх), прадстаўленых у календары. Каляндар змяшчае заданні “Слоўнага россыпу” (займальны матэрыял па рускай мове: рэбусы, крыжаванкі, шарады, метаграмы), заданні “Займальнай матэматыкі” (развіццёвыя творчыя заданні, якія як адпавядаюць праграме, так і выходзяць за яе межы), матэрыялы раздзела “Усё аб усім” (заданні аб навакольным свеце і працэсах, што адбываюцца ў ім). Чаму выбрана форма календара? Таму што кожны дзень вучням прапаноўваецца новае заданне. Нічога складанага, але пачаткоўцам вельмі падабаецца. Выпрацавана сістэма заахвочвання, калі дзіця за кожнае выкананае заданне атрымлівае фішкі. Такім чынам, да канца 1 класа настаўнік мае дакладнае ўяўленне аб захапленнях і асаблівасцях навучэнцаў, што дазваляе прадаставіць высокаматываваным школьнікам дадатковы матэрыял. Гэта, у сваю чаргу, пашырае магчымасці развіцця мыслення, крэатыўнасці, умення працаваць самастойна.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Інга Ціханавецкая паведаміла прысутным пра работу з дзецьмі ў сэрвісе “Яндэкс. Падручнік”. Гэта лічбавы рэсурс, які дае магчымасць выявіць і суправаджаць навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі. Па-першае, ён дазваляе навучэнцам раскрыць прыхаваныя магчымасці і таленты, а ў далейшым актыўна і інтэнсіўна развівацца ў той галіне ведаў, якая ім цікавая. Рэсурс адпавядае метадычным напрамкам работы ў пачатковых класах, ён бясплатны і лёгка інтэгруецца ў вучэбную праграму, мае дастаткова шырокі спектр картак, на якіх змешчаны разнастайныя заданні, якія па сваім змесце адпавядаюць запытам сучаснага грамадства. У сэрвісе можна арганізаваць работу з інфармацыяй і з дыяграмамі, што вельмі актуальна, тут і лагічныя заданні, і задачы з зорачкай. Такая работа дазваляе навучэнцам задаволіць патрэбы падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядным руху. Для настаўніка таксама ёсць свае перавагі: ён можа індывідуалізаваць і дыферэнцыраваць навучанне, атрымліваць дастаткова зручную статыстыку. “Калі настаўнік мае ў руках дастаткова добры інструмент, то ён проста абавязаны ім карыстацца, а інтэлектуальная актыўнасць у сетцы дазваляе навучэнцам ісці ў нагу з часам і ў 5 класе развівацца далей і паказваць стабільныя вынікі”, — адзначыла І.П.Ціханавецкая.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 153 Мінска Таццяна Еўтушэнка прэзентавала творчы праект “Бюро перакладаў”. “Ён засноўваецца на перакладах мастацкіх тэкстаў з рускай мовы на беларускую і з’яўляецца эфектыўным сродкам фарміравання камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў, — расказала педагог. — Вучням, якія маюць павышаную матывацыю да вывучэння беларускай мовы, было прапанавана паўдзельнічаць у праекце. Каманда ўдзельнікаў складаецца з вучняў 8—11 класаў. Першапачаткова гэта быў інтэграваны міні-праект з профільнай групай 10-х класаў, які ажыццяўляўся ў межах Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў школе і называўся “Рускія класікі ва ўласных перакладах”. Вучні атрымалі заданне: узяць любыя вершы рускіх паэтаў, якія ім падабаюцца, і перакласці на беларускую мову з дапамогай слоўніка, уласнага вопыту, арыентуючыся на свае моўныя здольнасці. Я ўбачыла шчырую зацікаўленасць гэтым працэсам і масавасць удзелу. Планавалася размясціць пераклады на інфармацыйных стэндах і на сайце школы. А кожны верш аздобіць яшчэ і рэпрадукцыямі карцін вядомых мастакоў, якія, на думку вучняў, былі ўдалымі ў якасці ілюстрацый. Заключным этапам праекта стала дэкламацыя вершаў вучнямі-перакладчыкамі на рускай мове і ў перакладзе імі на беларускую мову”.

Сёння праект атрымаў сваё далейшае развіццё. У “Бюро перакладаў” уваходзяць дырэктар, рэдактар, супрацоўнікі і інш. Праект мае на мэце стварэнне пэўных практычных прадуктаў (навучэнцы перакладаюць паэмы, мультыплікацыйныя фільмы, урыўкі з кінафільмаў і г.д.) і ў перспектыве можа трансфармавацца ў нейкую іншую эмацыянальную форму. На пасяджэннях бюро выкарыстоўваецца абавязкова семантычная размінка, якая ўключае ў сябе розныя тэматычныя блокі. Праектная дзейнасць дапамагае адораным вучням яшчэ больш удасканаліць свае здольнасці, шырэй раскрыцца ў галіне лінгвістыкі, павысіць узровень сваёй камунікатыўнай кампетэнцыі, а вынікі работы дазваляюць развіць упэўне­насць у сабе. Створаныя ў межах праекта адукацыйныя прадукты могуць выкарыстоўвацца на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у паза­класнай рабоце.

Настаўніца матэматыкі ліцэя № 2 Алена Несцярук прадставіла ўдзельнікам канферэнцыі інтэлектуальны турнір “Матэматычныя сезоны”. Ён арганізоўваецца трэці год запар для вучняў 9—10 класаў, якія цікавяцца матэматыкай і гатовы рашаць задачы больш складаныя за тыя, што прапаноўваюц­ь на конкурсах забаўляльнай матэматыкі. Галоўным ідэйным натхняльнікам і арганізатарам з’яўляецца настаўнік матэматыкі ліцэя Павел Маркелаў. Матывам да стварэння турніру стала як унутраная патрэба яго арганізатараў распаўсюджваць свой вопыт работы з адоранымі навучэнцамі, прычым не толькі з навучэнцамі ліцэя, але і з вучнямі горада, так і знешнія прычыны, якія заключаюцца ў стварэнні пашыранай сеткі профільнай адукацыі ў сталіцы. Турнір уключае тры этапы, праводзіцца на канікулах. Ён задумваўся як спаборніцтвы, якія складаюцца як з індывідуальных, так і з камандных гульняў, бо яны прадугледжваюц­ь розныя стратэгіі работы. Каманды вучняў з устаноў адукацыі горада прыязджаюць у ліцэй і рашаюць задачы па рознай стратэгіі. Пасля правядзення кожнай асобнай гульні вучні збіраюцца разам і педагог расказвае рашэнне ўсіх задач (дэманструе правільныя адказы, раскрывае ўсе нюансы рашэння). Яшчэ адным аспектам турніру з’яўляецца тое, што каманду вучняў суправаджаюць настаўнікі і на разборы адбываецца абмен меркаваннямі, спосабамі рашэнняў. Такім чынам не толькі ўзбагачаецца багаж ведаў вучняў, але і арганізоўваецца работа з калегамі.

Канферэнцыя паказала, што ў раёне са­праўды склалася эфектыўная сістэма работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Педагогі знаходзяць новыя, нетрадыцыйныя формы работы з навучэнцамі, якія сапраўды хочацца пераняць і ўключыць у педагагічную практыку, каб дасягаць новых поспехаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.