Уверх па лесвіцы самаразвіцця

Фінал абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Метадыст года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” прайшоў пад дэвізам “Адзінства мэт і задач метадыста і педагога вядзе да вяршынь поспеху”.

Як расказалі ў Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, сёлета конкурс прайшоў трэці раз. За тры конкурсныя гады больш як 100 метадыстаў з устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прынялі ў ім удзел.

У верасні мінулага года 30 прэтэндэнтаў з розных рэгіёнаў Гомельскай вобласці змагаліся за выхад у фінал у дзвюх намінацыях: “Метадысты са стажам работы да 2 гадоў” і “Метадысты са стажам больш за 2 гады”. Першы (завочны) этап прайшоў сёлета ў лютым. Удзельнікі рыхтавалі відэапрэзентацыю, эсэ на тэму “Метадыст сёння — гэта…” (для першай намінацыі) і “Чаму і як вучыць педагогаў сёння” (для ўдзельнікаў другой намінацыі), а таксама метадычныя распрацоўкі мерапрыемстваў. Да фіналу прыйшлі 10 удзельнікаў, якія па рашэнні журы набралі самую вялікую колькасць балаў.

У фінале прэтэндэнты прайшлі камп’ютарнае тэсціраванне, творчае прадстаўленне на сцэне і заданне “Рашэнне педагагічных сітуацый”. Журы ў складзе прадстаўнікоў Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства, цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі вобласці без асаблівых спрэчак вызначыла самых дастойных.

Пераможцамі конкурсу сталі Алена Літаш, метадыст Жлобінскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, і Таццяна Казлоўская, метадыст Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

У цырымоніі ўрачыстага закрыцця лепшых метадыстаў воб­ласці падтрымлівалі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камі­тэта Руслан Смірноў, старшыня Гомельскага абласнога камі­тэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Філіпцоў, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Лідзія Нікіфарава, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Вольга Марозава і загадчык аддзела гэтай установы Вольга Цітова.

Сёння метадыст — праваднік паміж навукай і практыкай. Гэта спецыяліст, які валодае высокім узроўнем прафесійнай кампетэнтнасці, што мае падмурак з асноўных метадычных ведаў і ўменняў, які валодае практычнымі навыкамі метадычнай дзейнасці. Конкурс, лічаць яго арганізатары, даў магутны імпульс як для прафесійнага, так і для асобаснага росту.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.