Увесь час — любімай справе

- 12:07Людзі адукацыі

“Фізічная культура — царыца навук” — падобны выраз вы наўрад ці калі-небудзь чулі, але многія настаўнікі фізічнай культуры і здароўя ўпэўнены, што менавіта так і ёсць. Пры правільным падыходзе фізічная культура развівае не толькі цела чалавека, але і ўмацоўвае яго дух, выбудоўвае характар. Калі вы бачыце, што дзіця з прагай ідзе займацца спортам, просіцца на трэніроўкі і прысвячае гэтаму свой вольны час, значыць, яго настаўнік — сапраўдны прафесіянал. Менавіта такім з’яўляецца настаўнік фізічнай культуры і здароўя базавай школы Ельска Ігар Анатольевіч Захараў.

Ігар Захараў нарадзіўся ў Калінкавічах. Яшчэ калі ён сам быў школьнікам, заапляўся веславаннем. Падчас навучання ў тагачасным Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Н.К.Крупскай працягваў заняткі, але расстацца з гэтым відам спорту ўсё ж прыйшлося. Пасля заканчэння інстытута Ігар Анатольевіч паехаў працаваць у невялічкі Ельск настаўнікам.

Ужо 17 гадоў запар Ігар Захараў устае, збірае рэчы і ідзе на чыгуначную станцыю. Педагог жыве на малой радзіме, у Калінкавічах, а работа знаходзіцца за 50 кіламетраў ад дома. Адлегласць спачатку пужае, але па часе гэта каля 90 мінут, што ўжо не так страшна, асабліва для людзей са сталіцы. Акрамя таго, што Ігар Анатольевіч выкладае фізічную культуру і здароўе ў базавай школе Ельска, ён яшчэ займаецца і з навучэнцамі Ельскай раённай ДЮСШ. Асноўны ўпор педагог робіць на лёгкую атлетыку, лыжныя гонкі і біятлон. Наколькі паспяхова — паказваюць вынікі. Шмат разоў яго выхаванцы станавіліся прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па гэтых відах спорту, 5 вучняў працяг­ваюць навучанне ў Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Дасягненні дзяцей заўсёды адзначае адміністрацыя базавай школы Ельска, ніколі не забываюць і пра заслугі трэнера. Толькі для таго, каб падрыхтаваць лыжны інвентар, ён прыязджае ў школу напярэдадні спаборніцтваў у тры гадзіны ночы!

Канечне, выгадаваць новага Уле-Эйнара Б’ёрндалена ці Усэйна Болта ў звычайнай школе складана, але Ігар Анатольевіч стараецца закласці ў дзецях добрую базу, з якой ім далей будзе прасцей развівацца. “Трэніроўкі праходзяць кожны дзень, акрамя нядзелі, — расказвае педагог. — Так займаюцца старэйшыя дзеці, малодшыя — 3—4 разы на тыдзень. Мы бегаем кросы, ездзім на ролерах, робім розныя імітацыі лыжных гонак, гуляем. Я трэніруюся разам з імі, бо дзецям цікава мяне перамагчы. І ім добра, і ў мяне дадатковая фізічная актыўнасць”.

Такія частыя сустрэчы пераво­дзяць зносіны “настаўнік — вучань” на ўзровень “таварыш — таварыш”. Тым больш што Ігар Анатольевіч праводзіць час з дзецьмі не толькі на занятках. Яны ходзяць у паходы, п’юць гарбату пасля трэніровак, збіраюцца на дні нараджэння, каб разам пакаштаваць торт. “Для мяне самае галоўнае — наладзіць зносіны з дзецьмі, каб яны паверылі ў мяне. Спачатку — у мяне, потым — у сябе. Калі дзеці будуць трэніравацца і не верыць, што яны могуць паказаць нейкі вынік, то нічога не будзе”.

Ігар Захараў у тым, што ён працуе ў невялікай школе з невялікага горада, ба­чыць толькі плюсы. Па-першае, калі дзяцей не надта шмат, можна ўдзяліць ім больш увагі. Канечне, і ў Ельску ёсць навучэнцы, якія проста ходзяць на заняткі, але значная колькасць хоча дасягнуць сапраўдных вынікаў. Па-другое, дзеці не распешчаныя. Гэта дае ім дадатковы стымул займацца аддана, каб забяспечыць сабе лепшую будучыню. Па-трэцяе, з бацькамі ўзаемадзейнічаць вельмі проста: усе адно аднаго ведаюць, ад гэтага і адносіны становяцца больш цёплымі.

Пра сакрэт свайго поспеху трэнер не расказвае. Не таму што яму шкада і хочацца, каб толькі яго дзеці мелі поспех, а таму што складана перадаць гэта словамі. На думку Ігара Анатольевіча, важна ўстанавіць сувязь са сваімі вучнямі, даць ім зразумець, што вы на адной хвалі. “Разам з дзецьмі я вучуся цярпенню, уседлівасці, упартасці і працавітасці. Мы з імі разумеем, што, каб атрымаць нейкі вынік, трэба прыкласці шмат сіл”.

Спорт суправаджае Ігара Захарава ўсюды: і на рабоце, і пасля яе. Настаўнік любіць хадзіць у турыстычныя паходы, катацца на веласіпедзе і байдарцы, нават дома па тэлевізары ідуць амаль заўсёды спартыўныя праграмы і спаборніцтвы. А яшчэ разам са сваёй жонкай Ігар Анатольевіч ужо чатыры гады запар ездзіць у якасці гледача на этапы Кубка свету па біятлоне. У гэтым сезоне яны нават жылі ў адным горадзе са знакамітымі спартсменамі. “Мы размаўлялі з імі, пыталіся, як справы, як ім спаборніцтвы. Многія французы-мужчыны простыя, адкрытыя, нарвежцы больш закрытыя. Жанчыны вельмі прыветлівыя, асабліва францужанкі і італьянкі”.

Ігар Анатольевіч расказвае пра фізічную культуру і спорт так захапляльна, як падлетак пра сваё першае каханне. І гэты “цукеркава-букетны” перыяд насуперак усім даследаванням і высновам доўжыцца ўжо амаль два дзясяткі гадоў. “Здароўе заўсёды было важней за ўсё. Я бацькам пастаянна пра гэта нагадваю. Многія кажуць: “Трэба паступіць”. Я не спрачаюся — трэба. Канечне, я хачу, каб мае вучні дасягнулі чагосьці ў жыцці. Але самае галоўнае, каб яны былі здаровымі і добрымі людзьмі”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.