Уводзіны ў духоўнасць

- 12:43Выхаванне, Выхаваўчая работа

Шматгадовую гісторыю сярэдняй школы № 10 Мінска можна прасачыць у фотаздымках, беражліва развешаных у холе навучальнай установы.

Сабралася ўжо цэлае партфоліа, дзе адлюстраваны памятныя падзеі, цікавыя мерапрыемствы, сустрэчы са знакамітымі асобамі, выпускнікамі школы, перамогі ў алімпіядах, творчых конкурсах. Вось бачым і падзеі апошняга часу, сакавіцкія дні, новыя сустрэчы. Прыцягвае позірк постаць мітрапаліта Веньяміна, які сфатаграфаваны ў асяроддзі вучняў і педагогаў школы.

— Інакш як знакавай гэтую сустрэчу не назавеш, — усміхаецца Ала Уладзіміраўна Насевіч, дырэктар школы. — Мы ўсе былі пад вялікім уражаннем ад сустрэчы з мітрапалітам. Яна стала для нас благаславеннем на працяг той праведнай справы, якую мы вядзём ужо доўгія гады.

Школа мае трывалыя сувязі з царквой Аляксандра Неўскага, праводзіць сумесныя мерапрыемствы са святарамі, выхоўвае ў дзяцей духоўна-маральныя якасці, далучае іх да вывучэння асноў хрысціянства. Нядаўна ва ўстанове быў адкрыты рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. Сёння вельмі актуальная і запатрабаваная тэма адраджэння і захавання традыцыйных каштоўнасцей нашай краіны, у аснове якіх нацыянальная культура, літаратура, народныя традыцыі, наш менталітэт і светапогляд. Гэта базісныя паняцці, на якіх фарміруюцца патрыятызм і грамадзянскасць. 

— Немагчыма вырасціць патрыёта без маральных і духоўных асноў, — зазначае Ала Уладзіміраўна. — Але духоўна-маральнае выхаванне, як у цэлым выхаванне асобы, — карпатлівая, тонкая, ненавязлівая праца душы. Прывіваць чалавечыя каштоўнасці трэба ў сугучнасці з духоўнымі памкненнямі. А каб запальваць духоўнае святло, трэба падсілкоўваць душу яркімі ўражаннямі, запамінальнымі вобразамі і падзеямі.

Да духоўна-маральных асноў трэба прыцягваць дзяцей з самага ранняга ўзросту, развіваць і фарміраваць асобу на працягу вучобы, выхоўваць у школьнікаў лепшыя чалавечыя,патрыятычныя якасці.

Па меркаванні дырэктара, школьнае жыццё трэба насычаць відовішчнымі, культурнымі, спартыўнымі, адукацыйнымі праектамі, дзе можна весці размовы аб патрыятызме, любові да Радзімы і служэнні людзям. Да духоўна-маральных асноў трэба прыцягваць дзяцей з самага ранняга ўзросту, развіваць і фарміраваць асобу на працягу вучобы, выхоўваць у школьнікаў лепшыя чалавечыя, патрыятычныя якасці. З гэтай мэтай у пачатковых класах праводзіцца факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”, на якім дзеці вывучаюць традыцыі і каштоўнасці беларускага народа, знаёмяцца з гісторыяй, літаратурай, музыкай, жывапісам. Настаўнікі вядуць размовы са школьнікамі аб захаванні нацыянальнай самабытнасці, культурных і духоўных традыцый, гістарычнай памяці. На класныя гадзіны запрашаюць святароў, якія тлумачаць рэлігійныя запаведзі, гавораць пра дружбу, гонар, спагаду, сэнс жыцця, любоў да Радзімы, сям’і. 

Для дзяцей такія заняткі сталі своеасаблівымі ўводзінамі ў духоўнае жыццё. Некаторыя вучні школы працягваюць духоўны шлях у нядзельнай школе пры царкве Аляксандра Неўскага. Заняткі іншы раз праходзяць і ў самой навучальнай установе. Цяпер у школе вядзецца работа па зместавым напаўненні дзейнасці рэсурснага цэнтра. Распрацоўваецца план дзеяння, куды ўвойдуць вывучэнне праваслаўя, рэгілійных свят, біблейскіх сюжэтаў. Некаторыя з іх будуць прадстаўлены ў тэатралізаванай форме дзякуючы ўдзельнікам тэатральнага гуртка. Цэнтр будуць наведваць прадстаўнікі Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, духоўных семінарый, інстытута тэалогіі. Дзякуючы падтрымцы мітрапаліта Веньяміна, настаяцеля прыхода ў гонар Усіх Святых у Мінску Фёдара Поўнага, школа атрымлівае разнастайную духоўную літаратуру, якая паслужыць на карысць духоўнаму выхаванню маладога пакалення.

Ала КЛЮЙКО.