Узаемаадносіны з Венесуэлай стратэгічна важныя

У Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Хасэ Багіяна Перычы.

Ігар Карпенка цёпла павітаў кіраўніка дыпламатычнай місіі і адзначыў, што Беларусь разглядае ўзаемаадносіны з Венесуэлай як стратэгічна важныя па ўсіх напрамках дзейнасці, уключаючы адукацыйную галіну, і гатова развіваць супрацоўніцтва дзеля развіцця абедзвюх краін.

Міністр нагадаў, што напрыканцы мінулага года было праведзена значнае мерапрыемства для прадстаўнікоў дыпламатычных місій розных краін, у тым ліку Венесуэлы, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь. Дыпламаты наведалі рэсурсныя цэнтры прафесійнай адукацыі, створаныя на базе некалькіх навучальных устаноў Мінска. Дзякуючы гэтай сустрэчы, былі вызначаны дадатковыя кропкі ўзаемадзеяння, якія дазволяць больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці дзвюх краін у развіцці адукацыі.

— Зразумела, тыя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, якія сёння праходзяць у Венесуэле пад эгідай Баліварыянскай рэвалюцыі, патрабуюць адпаведных кадраў для развіцця краіны і яе эканомікі, — заявіў Ігар Васільевіч. — І мы гатовы падставіць плячо сяброўскай краіне і пасадзейнічаць развіццю працоўных рэсурсаў у Венесуэле.

Супрацоўніцтва з Венесуэлай у адукацыйнай галіне ажыццяўляецца сёння ў адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі дзвюх краін. Імкліва развіваецца міжуніверсітэцкае ўзаемадзеянне, згодна з якім ужо з некалькімі навучальнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі заключаны дамоўленасці аб супрацоўніцтве.

— Калі ў вышэйшай адукацыі мы ўжо наладзілі цесныя сувязі з венесуэльскімі калегамі, то на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі работа толькі пачынаецца, — адзначыў І.В.Карпенка. — Істотным крокам у гэтым кірунку ста ла прапанова беларускага боку стварыць на тэрыторыі Венесуэлы шматпрофільны і шматфункцыянальны цэнтр прафесійнай адукацыі па неабходных для гэтай краіны профілях.

Міністр адукацыі заявіў, што Беларусь і непасрэдна галіновае міністэрства адкрыты для супрацоўніцтва з Венесуэлай, і выказаў спадзяванне, што ў новым годзе яно яшчэ больш умацуецца і пашырыцца.

Пасол Венесуэлы падтрымаў памкненні Міністэрства адукацыі Беларусі ў развіцці адносін паміж дзвюма краінамі ў сферы адукацыі.

— Паміж нашымі краінамі наладжаны сувязі згодна з пагадненнем, якое было падпісана ў 2008 годзе камандантэ Уга Чавесам. Найбольш значным дасягненнем супрацоўніцтва апошніх гадоў стала арганізацыя навучання грамадзян Венесуэлы ў беларускіх універсітэтах па розных спецыяльнасцях. У сістэме адукацыі Беларусі вядзецца падрыхтоўка і навуковых кадраў з ліку венесуэльскіх грамадзян. Многія з тых, хто вучыўся ў Беларусі, ужо скончылі вучобу і паспяхова працуюць на сваёй радзіме.

У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні распрацоўкі і падрыхтоўкі да падпісання пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, абмене спецыялістамі, якія займаюцца інавацыйнымі напрамкамі навуковай дзейнасці, арганізацыі навукова-даследчых, навукова-тэхнічных стажыровак, правядзенні сумесных адукацыйна-культурных мерапрыемстваў, пытанні арганізацыі ў Беларусі мерапрыемстваў да пятай гадавіны са дня смерці Уга Чавеса. Пасол прапанаваў правесці прэзентацыю кнігі, прысвечанай жыццю і дзейнасці камандантэ Венесуэлы, у навучальных установах нашай краіны, у якіх вывучаецца іспанская мова.

І.В.Карпенка выказаў намер больш цесна працаваць з Міністэрствам народнай улады па ўніверсітэцкай адукацыі, навуцы і тэхналогіях Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла і запрасіў кіраўніка гэтага міністэрства наведаць нашу краіну для азнаямлення з беларускай сістэмай адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.