Узаемадзеянне з Сусветным банкам стварае спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі

Зацверджаная Сусветным банкам рамачная стратэгія партнёрства з Беларуссю на 2018—2022 гады прадугледжвае праекты, накіраваныя на рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця (МУР). Аб гэтым паведаміла намеснік Старшыні Савета Рэспублікі нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР Марыяна Шчоткіна.

У найбліжэйшыя пяць гадоў Сусветны банк накіруе на фінансаванне праектаў у Беларусі каля $570 млн. Сярод асноўных напрамкаў фінансавання — рост прыватнага сектара, садзейнічанне занятасці, павышэнне якасці камунальных паслуг, развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі, мадэрнізацыя сацыяльных паслуг і інш.

“Усе гэтыя напрамкі адпавядаюць Мэтам устойлівага развіцця, якія рэалізуе наша краіна, — адзначыла Марыяна Шчоткіна. — Беларусь удзяляе сур’ёзную ўвагу вырашэнню практычных задач устойлівага развіцця. Узаемадзеянне з групай Сусветнага банка стварае спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай рэалізацыі МУР. Акрамя таго, гэта дадатковая магчымасць вывучыць перадавы міжнародны вопыт у гэтай сферы”.

Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года дзяржавы — члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату.

Беларусь ужо зрабіла важныя захады для дасягнення МУР. Урадам адобрана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года. Выбудавана Нацыянальная архітэктура па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. У яе складзе — Савет па ўстойлівым развіцці, парламенцкая група па МУР, рэгіянальныя групы, а таксама партнёрская група ўстойлівага развіцця. У лютым бягучага года ў Мінску прайшоў Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў МУР, удзельнікі якога падтрымалі ініцыятывы Беларусі па стварэнні рэгіянальнай сеткі нацыянальных каардынатараў МУР і глабальнай базы даных перадавога вопыту МУР.