Узаемавыгаднае супрацоўніцтва

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заключылі дагавор аб сумеснай дзейнасці. Ад універсітэта дакумент падпісаў прарэктар па вучэбнай рабоце Аляксандр Васільевіч Макоўчык, ад музея — яго дырэктар Уладзімір Сяргеевіч Варапаеў.

Як падкрэсліў А.В.Макоўчык, вядучы педагагічны ўніверсітэт і музей маюць вялікі патэнцыял для ўзаемавыгаднага су­працоўніцтва. БДПУ з’яўляецца найбуйнейшым вучэбным і навукова-метадычным цэнтрам, здольным генерыраваць новыя педагагічныя веды, распаўсюджваць і выкарыстоўваць іх для ўдасканалення якасці адукацыі. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у сваю чаргу, з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў. Дырэктар музея В.С.Варапаеў адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў гістарычнага факультэта БДПУ. Дарэчы, сярод навуковых супрацоўнікаў музея ёсць выпускнікі факультэта.

Дэкан гістарычнага факультэта Вераніка Пятроўна Скок падкрэсліла значнасць падпісання дагавора для гістарычнага факультэта і пазначыла шэраг узаемавыгадных кірункаў. У рамках адукацыйнай дзейнасці плануецца правядзенне вучэбнай і вытворчай практык, вучэбных заняткаў на базе музея, ажыццяўленне мэтанакіраванай музейна-педагагічнай дзейнасці студэнтаў спецыяльнасці “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа” пад кіраўніцтвам выкладчыкаў факультэта і супрацоўнікаў музея.

Сумеснымі напрамкамі дзейнасці стануць навукова-асветніцкая работа і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнскай моладзі. Акрамя таго, заключэнне дагавора бу­дзе спрыяць рэалізацыі сумесных міжнародных навукова-даследчых праектаў. Так, кіраўнік Беларуска-Казахстанскага культурна-адукацыйнага цэнтра БДПУ Аляксандр Фёдаравіч Рацько адзначыў магчымасць вывучэння дакументальнага матэрыялу з фондаў і экспазіцыі музея ў рамках рэалізацыі сумеснага з Еўразійскім нацыянальным універсітэтам імя Л.М.Гумілёва праекта “Ураджэнцы Казахстана ў партызанскім руху Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1944)”.

Бакі таксама дамовіліся аб вызначэнні тэм навуковых даследаванняў для студэнтаў і магістрантаў УВА, правядзенні сумесных навуковых мерапрыемстваў, падрыхтоўцы навукова-асветніцкіх праектаў і ўдзеле студэнтаў гістарычнага факультэта ў якасці валанцёраў у рабоце мабільнай экспазіцыі музея.

Прэс-служба БДПУ.