Узаемавыгаднае супрацоўніцтва

- 10:17Актуальна, На парадку дня

Міністр адукацыі Андрэй Іванец і намеснік міністра вышэйшай адукацыі Рэспублікі Куба Мірыям Ісабель Альпізар Сантана падпісалі пагадненне паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Куба аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.

— На сёння беларускімі ўстановамі вышэйшай адукацыі заключаны 10 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве з установамі адукацыі і арганізацыямі Рэспублікі Куба, — адзна­чыў Андрэй Іванавіч. — На базе БДЭУ дзейнічае цэнтр лаціна­амерыканскіх даследаванняў, работу якога неабходна развіваць. І гэта добры падмурак для далейшага развіцця нашых узае­маадносін.

Агучу шэраг прапаноў. Перш за ўсё аб рэалізацыі двухбаковых дамоўленасцей, дасягнутых у рамках наведвання прадстаўнікамі Кубы беларускіх універсітэтаў. Варта гаварыць і аб рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм па падрыхтоўцы бакалаўраў і магістраў, у тым ліку праз дыстанцыйныя адукацыйныя праграмы, па цэлым шэрагу напрамкаў: фармацэўтыка, ІТ, інжынерна-тэхнічныя спе­цыяльнасці. Праводзіцца конкурс беларуска-кубінскіх навукова-тэхнічных праектаў. У сувязі з гэтым перспектыўнымі будуць такія напрамкі, як распрацоўка новых лекавых прэпаратаў, вырабаў біямедыцынскага прызначэння, узаемадзеянне ў галіне ЗВЧ-тэхнікі і мікраэлектронікі і г.д. Мы гатовы супрацоўнічаць у рамках навукова-тэхналагічных паркаў, ствараць сумесныя прадпрыемствы, у тым ліку на тэрыторыі Кубы. 

Зацікаўлены ў выніках, якія можна будзе выкарыстоўваць у рэальным сектары эканомікі або для вырашэння сацыяльна значных задач. Імкнёмся рэалізоў­ваць поўны інавацыйны ланцужок на базе навуковых арганізацый нашых універсітэтаў — ад ідэі да распрацоўкі і ўкаранення.

Гатовы ўзаемадзейнічаць і ў рамках дзейнасці нашых мала­дзёжных арганізацый, работы з адоранай моладдзю. У нашай краіне праводзіцца Адкрытая беларуская фізічная алімпіяда школьнікаў, міжнародныя конкурсы прафесійнага майстэрства па рабочых кампетэнцыях. Запрашаем і вашых школьнікаў і студэнтаў прыняць у іх
удзе­л. Таксама чакаем кубінскіх школьнікаў для аздараўлення ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнт­ры “Зубраня”. 

Намеснік міністра вышэйшай адукацыі Рэспублікі Куба Мірыям Ісабель Альпізар Сантана адзначыла, што яе краіна зацікаўлена ў рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм, развіцці акадэмічнай мабільнасці і навуковага супрацоўніц­тва. І запрасіла рэктараў беларускіх універсітэтаў сустрэцца з іх кубінскімі калегамі, каб вызначыць праекты, цікавыя абодвум бакам, і падпісаць пагадненні аб супрацоўніцтве.

Міністр адукацыі А.І.Іванец падтрымаў прапанову аб візіце рэктараў на Кубу і адзначыў, што ў мэтах лепшай падрыхтоўкі да сустрэчы мэтазгодна правесці ў пашыраным фармаце (відэаканферэнцыі) сумеснае абмеркаванне кірункаў супрацоўніцтва, каб прыбыць на Кубу з ужо гатовымі рашэннямі.

Надзея ЦЕРАХАВА.