Узаемавыгаднае супрацоўніцтва

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Школа і ўніверсітэт: шляхі ўзаемадзеяння

85 працэнтаў настаўнікаў сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна — выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Але не толькі гэтыя лічбы звязваюць школу і ўніверсітэт. Аб супрацоўніцтве навучальных устаноў, аб патрэбнасці яго і перспектывах мы гутарым з дырэктарам сярэдняй школы № 11 Аленай Адамовіч і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Марынай Кароза.

— Прадоўжу гэтыя лічбы, — гаворыць Алена Вацлаваўна, — усе выкладчыкі рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры, фізічнай культуры і здароўя, а таксама 90 працэнтаў настаўнікаў англійскай мовы і пачатковых класаў скончылі ГрДУ. Я таксама з’яўляюся яго выпускніцай. І сёння настаўнікі прадаўжаюць вучыцца ва ўніверсітэце: два чалавекі скончылі магістратуру, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Дрозд вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці “Адукацыйны менеджмент”.
М.Кароза: — Амаль усе маладыя настаўнікі пасля заканчэння ГрДУ і размеркавання ў нашу школу застаюцца працаваць і пасля двух гадоў. Замацаванасць маладых спецыялістаў — 90 працэнтаў. Я таксама выпускніца гэтай навучальнай установы.
А.Адамовіч: — У апошнія гады паспрабавалі і такі метад — прыём на работу студэнтаў старшых курсаў. Так, у мінулым навучальным годзе ў нас працавалі дзве студэнткі па вучэбных прадметах “Англійская мова” і “Фізіка”. Гэтая практыка паказала сваю эфектыўнасць: і школа, і малады настаўнік за час “выпрабавальнага тэрміну” маюць магчымасць убачыць схільнасці і здольнасці да педагагічнай дзейнасці на практыцы. Так, якасць падрыхтоўкі будучага настаўніка — вельмі значны аспект, але галоўная мэта актыўнага супрацоўніцтва з універсітэтам — гэта якасная падрыхтоўка нашых навучэнцаў.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы доктар педагагічных навук Андрэй Кароль:
— У 2015 годзе мы размеркавалі 355 выпускнікоў для працы ў сістэме адукацыі. Супрацоўніцтва са школамі для нас — адна з асноў павышэння якасці адукацыі, якое дазваляе, з аднаго боку, прыцягнуць матываваных абітурыентаў, што сёння вельмі актуальная і няпростая задача, а з другога боку — развіваць практыка-арыентаванае навучанне, якое мы разумеем менавіта як навучанне ў адпаведнасці з патрэбамі наймальніка, заказчыка кадраў, у дадзеным выпадку — сістэмы адукацыі, школ і іншых устаноў.
Гродзенская сярэдняя школа № 11 — паказальны прыклад таго, як нашы намаганні прыносяць прыкметныя і значныя вынікі не толькі па павышэнні якасці падрыхтоўкі школьнікаў і студэнтаў, але кампетэнтнасці настаўнікаў школы і выкладчыкаў універсітэта. Формы і прыклады такога ўзаемадзеяння, якія сёння напрацоўваюцца, — залог будучых поспехаў усёй сістэмы адукацыі.

У 2014 годзе пачалі рэалізацыю праекта “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”, які разлічаны да 2017 года. Спадзяёмся, што ў выніку яго рэалізацыі будуць адаптаваны напрамкі, змест, формы, метады і сродкі метадычнай работы па фарміраванні кампетэнцый педагогаў для праектавання і правядзення эфектыўнага ўрока, што павысіць якасць адукацыі. Будзе стварацца крэатыўнае адукацыйнае асяроддзе, якое дазволіць навучэнцам ажыццяўляць выбар зместу, сродкаў, форм, партнёраў пры ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці. Будуць выяўляцца эфектыўныя ўмовы і сродкі для самавызначэння і паспяховай самарэалізацыі навучэнцаў у адпаведнасці з іх індывідуальнымі асаблівасцямі і ўзроставымі аспектамі.

— Як ідзе супрацоўніцтва з ГрДУ па рэалізацыі гэтага праекта?
А.Адамовіч: — Філіял кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі, дамову аб супрацоўніцтве з якой мы падпісалі ў 2011 годзе, ажыццяўляе псіхолага-педагагічнае суправаджэнне праекта. Выкладчыкі факультэта псіхалогіі прымаюць удзел у рабоце пастаянна дзеючага семінара ў рамках праекта. Студэнты-псіхолагі рэалізуюць практычную частку курсавых і дыпломных работ на базе нашай школы.
М.Кароза: — У гэтым годзе пачынаем яшчэ адзін праект — служба сацыяльна-педагагічнага суправаджэння школы і філіял кафедры ўзроставай і і педагагічнай псіхалогіі працуюць па ўкараненні тэхналогіі школьнай медыяцыі.

— Як педагогі школы ставяцца да супрацоўніцтва з універсітэтам і як яны яго ацэньваюць?
А.Адамовіч: — Мы правялі апытанне настаўнікаў. Першая група, 40 працэнтаў, бачыць узаемадзеянне вышэйшай школы са школай як цеснае супрацоўніцтва на ўзроўні стварэння сумесных праграм, праектаў, падручнікаў. Для гэтага неабходна УВА і школе выпрацаваць агульную стратэгію і праграму падрыхтоўкі навучэнцаў. Яны лічаць актуальным стварэнне агульнага кіруючага органа (напрыклад, цэнтра, нейкай структуры) для каардынацыі ўзаемадзеяння адміністрацыі і выкладчыкаў УВА і школы.
Да эфектыўных метадаў работы выкладчыкі адносяць: ажыццяўленне сумесных доўгатэрміновых і кароткатэрміновых праектаў; правядзенне сумесных канферэнцый, семінараў, нарад; удзел школьнікаў і настаўнікаў ва ўніверсітэцкіх канферэнцыях, сумесны выпуск зборнікаў і падручнікаў.
М.Кароза: — Амаль палова апытаных настаўнікаў разумеюць узаемадзеянне УВА са школай як аснову профільнага навучання, мэтай якога з’яўляецца падрыхтоўка навучэнцаў да вучобы ва ўніверсітэце па абранай спецыяльнасці. У змястоўным плане ўзаемадзеянне трактуецца імі як “навучанне, узаемаабмен формамі работы, магчымасць выкладчыкам УВА працаваць з вучнёўскай аўдыторыяй”. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра выкладанне спецыяльных курсаў работнікамі вышэйшай школы і правядзенне імі семінараў па асобных прадметах, а таксама аб аказанні метадычнай дапамогі школе з боку УВА.
Асноўны лозунг гэтай групы настаўнікаў, які паказвае іх разуменне ўзаемадзеяння, — “Кожнай прадметнай галіне ў школе — навуковы кіраўнік УВА або кансультант!”. Яны лічаць, што гэта залог якаснай адукацыі школьнікаў, паспяховага паступлення і навучання іх у ВНУ. Самымі эфектыўнымі формамі ўзаемадзеяння вышэйшай школы і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі гэтая група настаўнікаў лічыць спецкурсы і семінары, падрыхтоўку школьнікамі творчых работ і абарону іх на канферэнцыях, правядзенне прадметных круглых сталоў і майстар-класаў для выкладчыкаў.
А.Адамовіч: — Вынікі апытання настаўнікаў паказалі дастаткова высокі ўзровень усведамлення імі сутнасці і змяненняў, якія адбываюцца. Большасць з іх адзначаюць, што ўзаемадзеянне вышэйшай і сярэдняй школы пашырае агульную адукацыйную прастору і павышае якасць адукацыі. Яны ўпэўнены, што ўсе суб’екты, уключаныя ў гэтае ўзаемадзеянне, выйграюць. УВА атрымаюць рэальнае ўяўленне аб узроўні падрыхтоўкі сучасных школьнікаў і магчымасць удзельнічаць у яго павышэнні, а ў будучым добра падрыхтаваных абітурыентаў і студэнтаў.
Школа таксама зацікаўлена ў росце прэстыжу і статусу на адукацыйным рынку, які яна можа атрымаць пры цесным супрацоўніцтве з універсітэтам. Настаўнікі змогуць павысіць сваё прафесійнае майстэрства, дапаўняючы яго новымі формамі дзейнасці і новымі відамі ведаў. Навучэнцы атрымаюць адукацыю, якая адпавядае сучасным патрабаванням і стандартам, а таксама навыкі навукова-даследчай дзейнасці. Бацькі змогуць атрымаць уяўленне аб патрабаваннях да адукацыі ў ВНУ, а таксама пераканацца ў правільнасці прафесійнага выбару сваіх дзяцей. Дзяржава і работадаўцы таксама выйграюць, атрымліваючы “на выхадзе” з УВА высокакваліфікаваныя кадры.

— Узровень узаемадзеяння “вышэйшага звяна” вы прадставілі. А як ажыццяўляецца супрацоўніцтва на ўзроўні “вучань — універсітэт”?
А.Адамовіч: — 71 працэнт выпускнікоў школы 2014 года паступілі ў ВНУ, і 70 працэнтаў — менавіта ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што школьнікі ўніверсітэт ведалі.
На працягу трох гадоў навучэнцы школы выступаюць з дакладамі на навукова-практычных канферэнцыях ГрДУ: “Ад Альфы да Амегі” (секцыя “Інфарматыка”, з 2015 года таксама “Матэматыка”); “Фізіка вакол нас”; на канферэнцыі факультэта біялогіі і экалогіі. Другі год прымаюць удзел у маладзёжным фестывалі відэапраектаў “Медыясфера”, які праводзіць кафедра журналістыкі. У 2015 годзе выкладчыкі ўніверсітэта выступілі навуковымі кансультантамі даследчых работ вучняў па прадметах “Англійская мова”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Фізіка”, “Хімія”, “Інфарматыка”, “Гісторыя”.
М.Кароза: — Штогод не менш за 10% выпускнікоў школы прымаюць удзел у форуме “Перспектывы адоранай і таленавітай моладзі”, які праводзіцца ГрДУ. У 2014 годзе студэнткай факультэта біялогіі і экалогіі (педагагічны напрамак) стала выпускніца школы Бажэна Мазурэк — залатая медалістка, якая скарысталася льготай і не здавала ЦТ пры паступленні.

На апошнім званку ў гродзенскай сярэдняй школе № 11 рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Дзмітрыевіч Кароль павіншаваў выпускнікоў і настаўнікаў з заканчэннем навучальнага года і падзякаваў за супрацоўніцтва і ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіць універсітэт, а таксама ўручыў сямі выпускнікам школы сертыфікаты форуму “Перспектывы адоранай і таленавітай моладзі”.

Да 90 працэнтаў вучняў школы прымаюць удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні, 20 працэнтаў наведваюць падрыхтоўчыя курсы на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ, 20 працэнтаў — майстар-класы па падрыхтоўцы да ЦТ. І гэта дае станоўчыя вынікі. Так, на працягу апошніх гадоў у нас узраслі балы амаль па ўсіх прадметах. Напрыклад, у параўнанні з 2012 годам сярэдні бал па беларускай мове — 63,5 (было 35 балаў), па матэматыцы — 52,9 (27,4), па рускай мове — 52,2 (35,6). Максімальныя балы, якія набіралі вучні школы, — 98 па беларускай і рускай мове, 91 — па фізіцы і гісторыі Беларусі.
А.Адамовіч: — Расце і колькасць дыпломаў, якія атрымалі нашы вучні на навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню. Калі ў 2010/2011 навучальным годзе было тры дыпломы гарадскіх канферэнцый, то вынікі мінулага навучальнага года такія: 14 дыпломаў раённага ўзроўню, 16 — гарадскога, 8 — абласнога, 1 — рэспубліканскага. Да таго ж ужо пяць дыпломаў атрымалі па выніках канферэнцый, якія праводзіліся ў Гродзенскім універсітэце.
Для падрыхтоўкі да алімпіяд, турніраў па матэматыцы навучэнцы наведваюць заняткі Школы дакладных навук ГрДУ, курсы па падрыхтоўцы да алімпіяд. Так, дзякуючы эфектыўнаму супрацоўніцтву школы і ўніверсітэта вучань 9 “Б” класа Арцём Таланец стаў дыпламантам (дыплом ІІІ ступені) заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы ў 2015 годзе. Вучні 6 “Б” класа Міхаіл Грыгарчук і Яўгеній Каласоўскі атрымалі дыплом ІІІ ступені Мінскага адкрытага турніру юных матэматыкаў.
М.Кароза: — Вучацца і нашы педагогі. У мінулым навучальным годзе тры настаўнікі матэматыкі наведвалі пастаянна дзеючы семінар пры факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Выкладчыкі дысцыплін матэматычнага цыкла ўніверсітэта здымаюць шэраг цяжкасцей у выкладанні складаных раздзелаў матэматыкі, падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.