Узаемнае прызнанне віз павінна зняць усе заклапочанасці

Пагадненне Беларусі і Расіі аб узаемным прызнанні віз могуць падпісаць на саюзным Саўміне ў сярэдзіне снежня бягучага года. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.

“Мы адказваем за перагаворы, якія ідуць над так званым візавым пагадненнем. Апошні раўнд адбыўся літаральна некалькі дзён назад на ўзроўні дэлегацый. Кожная з дэлегацый сфарміравана ў міжведамасным складзе. Чарговай вяхой для выхаду на канчатковыя дамоўленасці будзе канец лістапада — пачатак снежня, калі эксперты павінны чарговы раз ужо ў рамках сумеснай рабочай групы па пытаннях міграцыі правесці агляд астатніх пытанняў, — расказаў міністр. — Там засталіся тэхнічныя пытанні. Апошні раўнд зафіксаваў даволі сур’ёзны прагрэс. І да 13 снежня, калі мы плануем правядзенне саюзнага Савета Міністраў, мы разлічваем вынесці гэты праект пагаднення на падпісанне”.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне журналістаў “Ці спатрэбіцца пасля падпісання і ўступлення ў сілу пагаднення весці размову аб якіх-небудзь пунктах пропуску на беларуска-расійскай граніцы?”, Сяргей Лаўроў адзначыў, што не ў курсе абазначанага пытання ў кантэксце пунктаў пропуску. “Я ведаю, што пагадненне, якое рыхтуецца, павінна здавальняюча зняць усе заклапочанасці, якія былі з абодвух бакоў”, — сказаў ён.

Як паведамляў 14 лістапада ТАСС, губернатар Смаленскай вобласці Аляксей Астроўскі на сустрэчы са старшынёй Урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым прапанаваў стварыць міжнародны пункт пропуску замежных грамадзян на граніцы з Беларуссю. У прыватнасці, абмяркоўвалася арганізацыя міжнароднага пункта пропуску замежных грамадзян на граніцы Смаленскай вобласці і Беларусі ў пасёлку Красная Горка.