Узаемная патрэба

- 11:27Авторские колонки, Мнение

Алла КЛЮЙКО

 

 

 

 

 

 

 

У “Настаўніцкай” пішу на тэму кіравання адукацыяй. І героямі маіх публікацый у асноўным з’яўляюцца работнікі Міністэрства адукацыі. Літаральна на днях зноў была ў міністэрстве, каб узяць чарговы каментарый.

Ідучы па знаёмых калідорах, прыемна чуць ад супрацоўнікаў прывітальныя словы “О, наша “Настаўніцкая” да нас завітала”, а тым больш падзяку за артыкулы і ўвогуле за нашу працу. Не адзін раз чула ад міністэрскіх работнікаў, што “Настаўніцкая газета” стала для іх настольным выданнем, з якога пачынаецца працоўны дзень. Па іх словах, у газеце сканцэнтраваны ўсе навіны, якія сёння адбываюцца не толькі ў адукацыйнай галіне, але і ўвогуле ў нашай краіне. Гартаеш старонкі — вось вам палітыка і эканоміка, а прававы блок знаё­міць з ­актуальным: як настаўніку атрымаць прафесійную пенсію, як трапіць на прафесійны конкурс, што новага чакаецца ў сёлетняй прыёмнай кампаніі. У газеце можна прачы­таць пра адметнасці сучаснага ўрока, арганізацыю выхаваўчай работы ў навучальных установах, пра тое, чым заняцца на канікулах дзецям, і шмат іншай карыснай інфармацыі.

Да таго ж нашы журналісты пішуць пра знакамітых асоб у розных сферах: міністраў, навукоўцаў, вытворцаў, артыстаў, мастакоў і нават пра касманаўтаў. Мы шмат расказваем пра перадавых педагогаў, кіраўнікоў, пішам пра маладых — усе вартыя ўвагі, бо працуюць дзеля нашых дзяцей. Заўсёды цікава азнаёміцца з асаблівай методыкай выкладання прадмета, адметнасцямі зместу навучання, вопытам наладжвання даверлівых адносін з выхаванцамі. Нашы педагогі — вельмі шчодрыя людзі, гатовыя дзяліцца ўсім: і прафесійным вопытам, і творчымі здабыткамі. А творчая асоба настаўніка натхняе вучня, вядзе яго ў свет прыгожага, адкрываючы ў ім самыя розныя таленты — мастацкія, літаратурныя, тэхнічныя і навуковыя. Пра гэта нам, прадстаўнікам Выдавецкага дома, увесь час нагадваюць яркія, настраёвыя, з глыбокім сэнсам карціны навучэнцаў, якія ўпрыгожваюць сцены калідораў нашай рэдакцыі.

Шукаючы тэму для чарговага артыкула, заўсёды задаём сабе пытанне: ці патрэбен гэты матэрыял нашаму настаўніку, кіраўніку?

Даведацца пра інтарэсы чытача, яго пачуцці і меркаванні дапамагае правераная часам жывая, шчырая размова. Менавіта на развіццё партнёрскіх, даверлівых адносін накіраваны шматлікія прэс-туры і камандзіроўкі нашых супрацоўнікаў ва ўсе куткі краіны. Пабываўшы ў школе ці дзіцячым садзе, у каледжы ці ўніверсітэце, у кабінеце дырэктара, педагагічным калектыве ці на бацькоўскім сходзе, мы можам, як гаворыцца, адчуць момант, зразумець сэнс школьнага жыцця і ўсвядоміць значэнне педагога. Усё гэта нас натхняе на пошук новых тэм. Толькі за апошні час у газеце адкрыта шмат новых рубрык, якія не толькі пашыраюць кругагляд журналістаў, але і адкрываюць новыя грані прафесійнага майстэрства і чалавечай высакароднасці настаўнікаў. Разам мы робім нашу газету больш цікавай і прывабнай.

Таму калі чуем радаснае прывітанне “О, наша “Настаўніцкая” да нас завітала”, то не проста натхняемся — мы імкнёмся рабіць сваю справу яшчэ больш прафесійна. Дзякуй, што дзеліцеся з намі сваім вопытам, думкамі,  пачуццямі. Гэта дае ўпэўненасць: мы патрэбны адно аднаму.