Узгадоўваем уласныя кадры

- 10:20Планёрка ў рэгіёне

Апошнія гады ў сістэме адукацыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці пасля адпрацоўкі па размеркаванні застаюцца працаваць 90—94% педагогаў. Сёлета ў навучальных установах рэгіёна ўзяліся за работу 34 маладыя спецыялісты. Кожны год высокі працэнт прыбыцця з УВА і ССНУ “сваіх” вучняў — выпускнікоў школ раёна. У 2020 годзе ён складае 70,5%. Пра гэта расказаў госць нашай сённяшняй “Суботняй планёркі” начальнік аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Аляксандр Васільевіч ШЫМЧУК.

— Маладыя спецыялісты, якія прыходзяць у нашы навучальныя ўстановы, імкнуцца рэалізаваць сябе ў справе навучання дзяцей. У школе пачынаючы настаўнік — гэта не толькі педагог пэўнай спецыяльнасці, але і лідар, аўтар творчых праектаў, узор для пераймання.

Аддзел па адукацыі, вучэбна-метадычны кабінет, камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі рэалізоўваюць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку калег, якія толькі прыбылі на рабочыя месцы. Сярод іх — кансультацыі і гутаркі, творчыя сустрэчы ў форме інтэрактыўных квестаў, метадычных скарбонак, семінараў-практыкумаў і інш., якія садзейнічаюць далейшаму прафесійнаму развіццю, работа школы стажора. У планах — стварэнне раённага клуба маладога педагога. Ва ўстановах за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік. Пачынаючаму настаўніку прадастаўляюцца надбаўкі па кантракце (не менш за 20% ад акладу), за высокія дасягненні ў працы (не менш за 30% ад акладу), грашовыя кампенсацыі ў сувязі з накіраваннем на работу ў іншую мясцовасць, дадатковы заахвочвальны адпачынак (не менш за 3 каляндарныя дні). Прычым матэрыяльная стымуляцыя прадаўжаецца і на трэці год работы, калі афіцыйны статус маладога спецыяліста ўжо не дзейнічае. Па магчымасці стараемся вырашаць і жыллёвыя пытанні, часткова кампенсуем месячную аплату за наёмнае жыллё ў памеры 2 базавых велічынь.

— Аляксандр Васільевіч, закончылася першая чвэрць навучальнага года. Чым яна была адметная? Якія адукацыйныя праекты рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна?

— У сёлетнім навучальным годзе ў адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 6 устаноў адукацыі працуюць над рэалізацыяй інавацыйных праектаў: гімназія і сярэдняя школа № 3 Белаазёрска, Малецкі яслі сад — сярэдняя школа, Агароднікаўская сярэдняя школа, Першамайскі яслі-сад — сярэдняя школа, сярэдняя школа в.Здзітава.

У 2020 годзе педагагічны калектыў сярэдняй школы № 2 Бярозы пачаў рэалізацыю праекта “Адукацыйныя пляцоўкі для ўдасканалення навучання і вывучэння англійскай мовы ў Мэтах устойлівага развіцця рэгіёна”. Праект рэалізуецца сумесна з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам пры падтрымцы Брытанскага савета.
Маладзёжная ініцыятыва “Створым зону адпачынку ў школе разам” Здзітаўскай сярэдняй школы прызнана пераможцай праекта “Голас моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця”. Фондам “Новая Еўразія” ажыццёўлена фінансаванне ініцыятывы ў памеры 998,8 рубля для ўладкавання месца адпачынку моладзі на тэрыторыі школы.

У супрацоўніцтве з Рэспубліканскім біялагічным заказнікам “Спораўскі” рэалізуецца праект “Падары дзецям чыстую ваду”. У ходзе яго рэалізацыі ў сярэдняй школе № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы набыта сучаснае абсталяванне і хімічныя рэактывы на суму 9,4 тысячы рублёў.

Над рэалізацыяй праекта “Зялёныя школы” ў раёне працуе Першамайскі яслі-сад — сярэдняя школа. Праект ажыццяўляецца ў межах міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прыцягненне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам, рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў ганарыцца раён?

— Штогод выпускнікі нашага раёна па выніках ЦТ маюць стабальныя вынікі. У 2020 годзе 100 балаў па грамадазнаўстве атрымалі выпускніцы гімназіі Белаазёрска Кацярына Лукашэня і сярэдняй школы № 3 Бярозы Настасся Тоўпік.

Аддзел па адукацыі займаецца дзейнасцю, арыентаванай на павышэнне прэстыжу і сацыяльнай значнасці прафесіі педагога сярод навучэнцаў. У сёлетнім навучальным годзе ў 7 установах адукацыі адкрыты педагагічныя класы, дзе навучэнцы атрымліваюць уяўленне аб рабоце ў школе і дзіцячых садках. Яркі прыклад паступлення ва УВА выпускніцы Сігневіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Настассі Амяляшчык. Два гады дзяўчына займалася ў педгрупе, дзе на павышаным узроўні вывучаліся руская мова і біялогія, выкладаўся факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Свае напрацоўкі абітурыентка прэзентавала на субяседаванні ў БДПУ імя Максіма Танка і на падставе гэтага, а таксама па рэкамендацыі педсавета школы, паступіла туды.

У 2020 годзе 167 выпускнікоў 9, 11 класаў паступілі ў педагагічныя, медыцынскія і сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, з іх 69 чалавек (41%) — на педагагічныя спецыяльнасці (у 2019 годзе — 39%).

Педагогі раёна прынялі актыўны ўдзел у рэспуб­ліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. На раённым этапе ўдзельнікамі конкурсу сталі 16 педагогаў, на абласным этапе сіс­тэму адукацыі раёна прадстаўлялі тры педагогі: настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі сярэдняй школа № 2 Бярозы Віктар Уладзіміравіч Гардзейчык, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы Галіна Міхайлаўна Руціч, настаўніца геаграфіі Стрыгінскай сярэдняй школы Ірына Уладзіміраўна Пабожная. Па выніках абласнога этапу дыпломам III ступені ўзнагароджана І.У.Пабожная.

— Аляксандр Васільевіч, якая роля адво­дзіцца раённаму ВМК у павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў?

— Дзейнасць раённага вучэбна-метадычнага кабінета накіравана на якаснае суправаджэнне адукацыйнага працэсу. Уся работа плануецца з улікам запытаў і запатрабаванняў педагогаў і накіравана на павышэнне якасці адукацыі і кампетэнтнасці педагогаў. Пошук новых эфектыўных форм супрацоўніцтва з педагогамі прывёў нас да выкарыстання прадукцыйных форм арганізацыі метадычнай работы, такіх як вэбінары, майстар-класы, фестываль педагагічных ідэй. У гэтым навучальным годзе для педагогаў раёна ўжо з 19 кастрычніка пачала работу сеткавая педагагічная майстэрня “Выкарыстанне магчымасцей сэрвісаў Google ў педагагічнай практыцы”. У другім паўгоддзі педагогам будзе прапанавана сеткавая педагагічная майстэрня “Выкарыстанне сэрвісу LearningApps.org у практыцы педагога”.

Ва ўстановах адукацыі Бярозаўскага раёна ўкаранёны праграмны прадукт Microsoft Office 365 з мэтай сумеснай работы супрацоўнікаў адукацыі над дакументамі, забеспячэння іх адзінай сістэмай відэаканферэнцсувязі. У гэтым праграмным прадукце для кожнай установы адукацыі створаны ўліковы запіс, які дазваляе выкарыстоўваць розныя сэрвісы (Word, Excel, Power Point, Forms і інш.). З дапамогай дадатку Microsoft Teams актыўна ажыццяўляецца ўзаема­дзеянне ўстаноў пры правядзенні анлайн-нарад. Выкарыстоўваючы воблачнае сховішча Ondrive, забяспечаны сумесны доступ да дакументаў, што дазволіла спрасціць і паскорыць работу па зборы інфармацыі і аналізе атрыманых даных.

— Што ў прыярытэце для сістэмы адукацыі сёння?

— У прыярытэце для сістэмы адукацыі заўсёды былі і застаюцца якасць адукацыі і захаванне здароўя навучэнцаў. У сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй, выкліканай распаўсюджваннем COVID-19, перад установамі адукацыі стаіць задача па выкананні ўсіх супрацьэпідэміячных мерапрыемстваў, накіраваных на мінімізацыю рызык распаўсюджвання інфекцыі. Значная ўвага ўдзяляецца пытанням умацавання і абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі.

— Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.