Узгодненае перамір’е дае вынік

- 11:04Інфармацыйная гадзіна

Колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню на ўсходзе Украіны значна скарацілася з пачатку дзеяння перамір’я. Аб гэтым паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік.

Спецпрадстаўнік нагадаў аб тым, што два тыдні назад трохбаковая кантактная група пацвердзіла сваю прыхільнасць да ўсёабдымнага і ўстойлівага бестэрміновага рэжыму спынення агню з 1 ліпеня. “Я рады, што ўзгодненае перамір’е дае вынік. З моманту яго ўступлення ў сілу колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню значна скарацілася, хоць намячаецца тэндэнцыя росту за апошнія два дні”, — сказаў Марцін Сайдзік.

Паводле апошніх даных, за час перамір’я сярод грамадзянскага насельніцтва быў зарэгістраваны толькі адзін выпадак ранення. Ад імя ТКГ Марцін Сайдзік выказаў удзячнасць і падтрымаў намаганні тых, хто захоўвае перамір’е. Таксама ён заклікаў усіх строга выконваць поўнае перамір’е і ў далейшым.

“Хоць колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва ў бягучым годзе скарацілася больш як у 2 разы ў параўнанні з мінулым, але гэта не значыць, што зменшыліся пакуты людзей, якія пражываюць у зоне канфлікту. Пацвярджэнне прыхільнасці да рэжыму спынення агню павінна таксама суправаджацца выкананнем комплексу канкрэтных дзеянняў — у прыватнасці, адвядзеннем цяжкага ўзбраення, развядзеннем сіл і сродкаў, работамі па размініраванні”, — падкрэсліў спецпрадстаўнік.

Эканамічная рабочая група прадоўжыла абмеркаванне далейшых крокаў па аднаўленні і паляпшэнні мабільнай сувязі Vodafone-Ukraine ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Прадметам дыскусіі таксама сталі пастаўкі вады ў сістэмах “Карбаніт” і “Вада Данбаса”. “Не магу сказаць, што ўжо ёсць дамоўленасці, але ёсць відавочнае паляпшэнне работы Vodafone-Ukraine на тэрыторыях асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. І, вядома, гэта трэба ўдасканальваць”, — дадаў Марцін Сайдзік.

Палітычная рабочая група працягвае абмяркоўваць імплементацыю формулы Штайнмаера, амністыі і мадальнасці мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.