Узмацніць ролю рабочага ў развіцці эканомікі

- 11:12Актуально, Апошнія запісы

У Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя “Новыя прафесійныя кампетэнцыі: падрыхтоўка кадраў ва ўмовах зменлівых эканамічных укладаў”. У нарадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, афіцыйныя асобы Еўрапейскай камісіі, дэпутаты Нацыянальнага сходу, вытворцы, сацыяльныя партнёры. На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Кыргызстана, Украіны, Казахстана, Польшчы, Зімбабвэ і інш.

Канферэнцыя праходзіла ў рамках праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”, які будзе рэалізоўвацца да 2021 года. Калі коратка прадстаўляць гэты праект, то яго можна назваць трохкампанентным. Перш-наперш праект мае на мэце ўмацаваць нацыянальную сістэму кваліфікацый, аказаць дапамогу нашай краіне ў распрацоўцы новых адукацыйных стандартаў і вучэбных планаў і праграм, якія будуць уведзены ў пілотных установах адукацыі ў розных рэгіёнах Беларусі. У другім кірунку праект прадугледжвае распрацоўку нацыянальнай стратэгіі развіцця сістэмы забеспячэння якасці, а таксама рэалізацыю дзейнасці рэсурсных цэнтраў па пэўных профілях, якія плануецца зрабіць цэнтрамі, дзе сканцэнтруюцца наватарскія знаходкі. У трэцім кампаненце вядзецца распрацоўка і апрабацыя методыкі даследавання рынку працы, прагназавання патрэбнасцей эканомікі ў тых ці іншых кваліфікацыях. Такія крокі дазволяць не толькі вывучыць попыт вытворцаў на кадры, але і папярэдзіць недахоп у кадрах.

На гэты раз удзельнікі канферэнцыі змаглі пазнаёміцца з вопытам Беларусі і іншых краін Еўрасаюза па фарміраванні новых прафесійных навыкаў у працоўных рэсурсаў для інавацыйных эканомік, а таксама былі прадстаўлены новыя кірункі па папулярызацыі прывабнасці рабочых прафесій.

З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі на ўнутраным і міжнародным узроўнях у нашай краіне рэалізуецца Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі высокатэхналагічных укладаў, якія прадстаўляюць ІТ, бія- і нанатэхналогіі, робататэхніку, энергазберагальныя тэхналогіі, фармацыю, авіёніку і інш.

З улікам запатрабаванняў сацыяльна-эканамічнага комплексу, развіцця высокатэхналагічных, экспартаарыентаваных, імпартазамяшчальных і навукаёмістых галін, асноўнай задачай эканамічнай палітыкі ў галіне працоўных рэсурсаў нашай краіны і замежных з’яўляецца павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, адкрыцця новых запатрабаваных і перспектыўных прафесій.

У час абмеркавання айчынныя і міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы, што сістэма прафесійнай адукацыі мае патрэбу ў маніторынгу, прагназаванні тых прафесійных навыкаў, якія спатрэбяцца ў далейшым развіцці той ці іншай галіны, у развіцці навучання на працягу ўсяго жыцця, якое прадугледжвае прафесійную падрыхтоўку на рабочым месцы, на рынку працы ў сферы занятасці, павышэнне кваліфікацыі ў сферы перападрыхтоўкі кадраў. Было адзначана, што для паспяховага вырашэння гэтай задачы неабходна ўдасканальванне адукацыйных стандартаў з улікам міжнародных тэндэнцый і нацыянальных запатрабаванняў. Формы і метады навучання павінны быць найбольш эфектыўнымі. Акрамя таго, важна павысіць прафесійны ўзровень выкладчыкаў, абнавіць вучэбна-матэрыяльную базу навучальных устаноў і яшчэ больш замацаваць супрацоўніцтва з работадаўцамі. Безумоўна, вялікую ролю ў паспяховым вырашэнні пастаўленых задач выконвае высокі імідж рабочых прафесій сярод моладзі, павышэнне іх прэстыжу на рынку працы. Эфектыўным механізмам гэтага з’яўляецца правядзенне міжнародных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства WorldSkills у большасці краін свету.

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі рэктар БДУІР В.А.Богуш адзначыў, што пытанні фарміравання новых прафесійных навыкаў у працоўных рэсурсаў, мадэрнізацыя прафесійнай адукацыі набываюць сёння яшчэ большую актуальнасць у сувязі з тэхналагічнымі змяненнямі ў эканоміках краін. Сёння эканамічны рост залежыць ад тэхналагічнага аснашчэння вытворчасці, ад укаранення сучаснага абсталявання, ад найбольш эфектыўнага кіраўніцтва вытворчымі працэсамі, таму важна для ўсіх краін, якой будзе прафесійная падрыхтоўка кадраў, здольных працаваць у сённяшняй вытворчай сферы.

— Узнятая на канферэнцыі тэма сведчыць аб тым, што прафесійная падрыхтоўка кадраў з’яўляецца злабадзённай як для нашай краіны, так і для іншых, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч. — Якасны склад працоўных рэсурсаў — залог паспяховага развіцця эканомікі любой краіны.

У пацвярджэнне сказанага першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны А.В.Лабовіч адзначыў, што ўзровень працоўных рэсурсаў, высокая кваліфікацыя рабочых кадраў і спецыялістаў спрыяюць паспяховаму развіццю сацыяльна-эканамічнага комплексу.

Сёння на айчынным рынку працы назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі росту попыту на рабочую сілу, тым самым зніжаецца ўзровень беспрацоўя. Для падтрымання пазітыўных працэсаў на рынку працы і мінімізацыі нядобранадзейных фактараў дзяржаўная палітыка занятасці нашай краіны ставіць задачу стварэння спрыяльных умоў не толькі для поўнай занятасці, але і для эфектыўнай занятасці, якая мае на ўвазе эканамічна мэтазгоднае, найбольш поўнае далучэнне працоўных рэсурсаў да эканомікі краіны. Перспектыўнымі мерамі дзяржаўнай палітыкі занятасці стануць меры, накіраваныя перш-наперш на вырашэнне тых праблем, якія перашкаджаюць эфектыўнай занятасці насельніцтва, а менавіта далучэнне незанятых грамадзян у эканоміку краіны, скарачэнне дысбалансу паміж попытам і прапановай рабочай сілы па прафесійна-кваліфікацыйным складзе, прычынай якога з’яўляецца недастатковая ўзгодненасць адукацыйных паслуг і рынку працы.

— Гэтыя праблемы характэрны не толькі для Беларусі,— заявіў прадстаўнік міністэрства. — Гэты дысбаланс характэрны практычна для кожнай краіны. З мэтай павелічэння колькасці занятага насельніцтва шляхам далучэння ў эканоміку краіны незанятай часткі насельніцтва будуць рэалізоўвацца меры, якія спрыяюць павышэнню працоўнага патэнцыялу асобнай катэгорыі насельніцтва.

Ва ўмовах паскоранага тэхналагічнага развіцця ўзмацняецца роля і значэнне механізма забеспячэння рынку працы высокакваліфікаванымі кадрамі. Гэта абумовіла неабходнасць пошуку новых падыходаў да развіцця і ўдасканалення ўжо існуючай сістэмы кваліфікацый, якія б істотна павысілі яе гнуткасць, адаптыўнасць, дазволілі стварыць стрыяльныя ўмовы для атрымання неабходных кампетэнцый, арыентаваных на запыты і патрэбнасці рынку працы. Таксама вялікае значэнне набывае неабходнасць набыцця ведаў, уменняў і навыкаў на працягу ўсёй працоўнай актыўнасці. Сёння назіраецца дэфіцыт высокакваліфікаваных кадраў, хутка старэе ўзровень кваліфікацыі, аб чым сведчыць недастатковасць эфектыўнасці нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Таму вядзецца напружаная работа, каб яе ўдасканаліць з улікам патрэбнасцей часу.

Фрэдэрык Куне, кіраўнік аддзела праектаў і праграм Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, падтрымаў беларускіх калег і адзначыў, што пытанне развіцця прафесійнай адукацыі, падрыхтоўкі кадраў ва ўмовах найноўшых тэхналогій і ўвядзення тэхналагічных укладаў 6—7 узроўняў — гэта надзённае пытанне для краін Еўрапейскага саюза. Ён пацвердзіў, што ў Беларусі прафесійная адукацыя развіваецца дынамічна, ва ўнісон з міжнароднымі тэндэнцыямі. Мадэрнізацыя адукацыйнай сферы краіны адбываецца з улікам патрабаванняў рынку працы.

— Прагноз эканамічнага развіцця той ці іншай краіны даецца няпроста, бо вельмі цяжка ўгнацца за тымі тэхналогіямі, якія ўваходзяць у наша жыццё, — адзначыў Ф.Куне. — Але ўжо нельга аспрэчваць тое, наколькі патрэбен сёння і будзе запатрабаваны ў будучыні менавіта той чалавек, які ўмее працаваць рукамі, які мае рабочую прафесію, якая яму заўсёды спатрэбіцца, і не важна, на якім узроўні: у сям’і, на прадпрыемстве, у сваім бізнесе. Таму ставіцца задача ні ў якім разе не выключаць ролю рабочага чалавека ў эканамічным развіцці краін, а наадварот, узмацняць.

Ганаровы прафесар РІПА А.Х.Шкляр адзначыў, што пры садзейнічанні Еўрапейскага саюза ў нашай краіне адбываецца мадэрнізацыя сістэмы прафесійнай адукацыі, у якую ўносяцца новыя, больш сучасныя напрамкі з улікам сённяшніх запатрабаванняў з боку заказчыкаў кадраў.

— Мы разумеем, што мадэрнізацыя зыходзіць з выклікаў эканомікі аб тым, якія кадры нам трэба рыхтаваць у найбліжэйшай перспектыве, тым больш калі цяпер імкліва развіваецца інфармацыйная і лічбавая эканоміка.

Па словах А.Х.Шкляра, будучыню сёння цяжка вызначыць. З кожным днём адбываюцца істотныя змены, і вельмі няпроста зрабіць прагноз нават на найбліжэйшы час. Ні ў адной краіне свету не створана цэласная сістэма падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі, а толькі вызначаны асобныя кірункі.

— Мы таксама павінны зафіксаваць асноўныя кропкі мадэрнізацыі і рухацца ў інавацыйным кірунку разам з заказчыкамі кадраў, па меры запатрабаванасці карэкціраваць гэты шлях, — падкрэсліў Аркадзь Ханонавіч. — Сёння важна рыхтаваць не толькі прафесіянала, які выдатна валодае прафесійнымі навыкамі, але і выхоўваць і фарміраваць асобу чалавека, які здольны прымаць самастойныя рашэнні, паспяхова адаптавацца ў калектыве, які імкнецца да самаразвіцця, можа ўдала пабудаваць сваю працоўную кар’еру.

І.Ліфнер з’яўляецца прафесарам Гановерскага ўніверсітэта і рэалізуе навукова-даследчыя праекты ў галіне інавацый і рэгіянальнага развіцця ў шэрагу краін. У час канферэнцыі ён абазначыў прафесійныя кампетэнцыі для высокатэхналагічных вытворчасцей, інавацыі ў развіцці прафесійнай адукацыі ў шэрагу замежных краін, а таксама прадставіў вынікі даследаванняў у развіцці інавацыйных эканомік. На аснове аналізу дакладчык пацвердзіў важнасць павышэння ўзроўню прафесійных кампетэнцый, кваліфікацый і іншых фактараў для паспяховай інавацыйнай дзейнасці.

В.В.Ганчароў, кандыдат эканамічных навук, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прадставіў стратэгію “Навука і тэхналогіі: 2018—2040”, дзе вызначаны асноўныя кірункі развіцця нашай краіны на далёкую перспектыву. У сваю чаргу начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Беларусі Д.М.Крупскі адлюстраваў стратэгію інавацыйнага развіцця нашай краіны на этапе лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі.

К.Рэйлінг, член амерыканскага савета па міжнароднай адукацыі ЗША, прадставіў попыт навучання па навукова-тэхнічных дысцыплінах (STEM) у ЗША. STEM аб’ядноўвае прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерную справу і матэматыку. У многіх краінах STEM-адукацыя сёння знаходзіцца ў прыярытэце (у Беларусі яна толькі пачынаецца). Як паказвае практыка, усё больш запатрабаванымі ў эканоміцы будуць прафесіяналы, якія атрымалі адукацыю ў галіне высокіх тэхналогій, так званыя STEM-спецыялісты.

Сёння высокаразвітыя краіны, у прыватнасці ЗША, Вялікабрытанія, Кітай і інш., на ўзроўні дзяржаўных праграм укараняюць STEM- навучанне. Эканоміка гэтых краін дасягнула таго ўзроўню, на якім ужо проста немагчыма далейшае развіццё без укаранення тэхналогій будучыні. Таму попыт на STEM- спецыялістаў ужо перавышае прапанову ў два разы.

Сярод іх — бія- і нанатэхнолагі, інжынеры, праграмісты. Таксама STEM закрануў не толькі тэхнічныя спецыяльнасці, але і творчыя.

Далейшая дзейнасць Еўрапейскага саюза па рэалізацыі праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” будзе працягнута па вызначаных напрамках.

Ала КЛЮЙКО.